О́рдэн Геро́яў Белару́сі — найвышэйшая ўзнагарода ў сістэме Нацыянальных узнагарод Беларусі, распрацаванай Геральдычнай радай «Пагоня» ў 2022—2025 гадах. Прызначана для адзначэння грамадзян за выключныя вайсковыя і цывільныя ўчынкі, здзейсненыя з рызыкай для жыцця дзеля незалежнасці і дабрабыту краіны.
Статут і парадак узнагароджання Ордэн заснаваны для ўшанавання найвышэйшых заслуг перад беларускім народам і дзяржавай, здзейсненых ва ўмовах адсутнасці легітымных інстытутаў улады або падчас вайны. Узнагарода можа надавацца як грамадзянам Беларусі, так і замежнікам за выключныя заслугі перад краінай. Прадугледжана магчымасць пасмяротнага ўзнагароджання.
Знакі ордэна носяцца без дэманстрацыі іншых узнагарод (за выключэннем шэрагу іншых вышэйшых нацыянальных ордэнаў) на фраках, нацыянальных строях або парадных вайсковых мундзірах. На паўсядзённай вопратцы прадугледжана нашэнне разеткі або ордэнскай планкі памерамі 28×12 мм.
Арганізацыйная структура Ордэн з'яўляецца не толькі адзнакай, але і паўнавартаснай арганізацыяй. Усе ўзнагароджаныя аб'ядноўваюцца ў Супольнасць кавалераў і дам Ордэна, колькасць якіх не павінна перавышаць 72 асобы. Кавалеры і дамы маюць шэраг прывілеяў: права на дзяржаўную пенсію, прадстаўніцтва ў дзяржаўных інстытуцыях, а таксама права на атрыманне ў прыватную ўласнасць зямельнага надзела памерам у 20 гектараў. Разам з тым, яны абавязаны абараняць гонар звання і браць на сябе адказнасць у крытычных сітуацыях.
На чале Супольнасці стаіць Вялікі магістр, які абіраецца пажыццёва з ліку кавалераў. Яго ўрачыстым знакам з'яўляецца залаты ланцуг з ордэнскай зоркай. Кіраванне справамі ажыццяўляе Капітула з пяці чалавек, якая абіраецца на тры гады і ўключае канцлера, скарбніка, суддзю і сакратара.
Для прыхільнікаў і памочнікаў, якія не маюць статусу кавалера ці дамы, прадугледжана Братэрства Ордэна. Яго ўдзельнікі адзначаюцца асобным пазалочаным медалём на белай ядвабнай стужцы.
Апісанне і семантыка Ордэнскі знак уяўляе сабой васьміканцовую рыфленую зорку з золата 999-й пробы і срэбра 925-й пробы. У цэнтры зоркі змешчаны гістарычны герб «Пагоня» з серабрыстым вершнікам на фоне чырвонай эмалі, які абрамлены ромбамі. Паміж прамянямі зоркі ў форме крыжа выкладзены 22 дыяменты. Зорка мацуецца да стужкі праз авальнае кальцо, упрыгожанае 7 дыяментамі.
Памеры зоркі складаюць 40 на 40 міліметраў. Ордэн носіцца як шыйная ўзнагарода на кармазынавай (цёмна-чырвонай) стужцы або на аналагічным банце для жанчын.
Візуальнае рашэнне ўзнагароды абапіраецца на гістарычную спадчыну Беларусі. Васьміканцовая зорка ўзятая з іканаграфіі пячатак дынастыі Рагвалодавічаў (князёў Полацкага княства XII стагоддзя). Спалучэнне гэтай зоркі з гербам «Пагоня» (у рэдакцыі дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь 1991—1995 гадоў) сімвалізуе пераемнасць паміж галоўнымі гістарычнымі формамі беларускай дзяржаўнасці.
Колькасць каштоўных камянёў мае ўласнае значэнне: 22 дыяменты на зорцы сімвалізуюць моц, ахвярнасць і перамогу, а 7 дыяментаў на кальцы ўвасабляюць ўдачу, розум, гармонію і Божы промысел. Кармазынавы колер стужкі з'яўляецца адсылкай да колераў вайсковых сцягоў Вялікага Княства Літоўскага і Полацкага княства. Выкарыстанне золата падкрэслівае славу і традыцыі, а срэбра — бескарыслівасць і сумленнасць.
Літаратура
Крыніцы
Катэгорыя:Ордэны Беларусі Катэгорыя:Узнагароды дэмакратычных сіл Беларусі