Бальценіцкая сядзіба — сядзібна-паркавы комплекс роду Путкамераў у Больцініках (Воранаўскі раён).

Гісторыя

У першай палове XIX ст паселішча стала належаць графам Путкамерам. Тады ж быў пабудаваны першы сядзібны дом у стылі класіцызму з элементамі барока. Яго знешні выгляд можна назіраць на малюнку Напалеона Орды.

Гісторыя сядзібы цесна пераплецена з гісторыяй кахання Марылі Верашчакі і польска-беларускага паэта Адама Міцкевіча. Марыля была заручана з графам Ваўжынцам Путкамерам, за якога і выйшла замуж у 1821 годзе. Але праз усё жыццё пранесла ўзаемную сімпатыю да Міцкевіча. Граф ведаў пра іх адносіны, але не супрацьдзейнічаў гэтаму. Больш таго, Адам Міцкевіч часта бываў госцем у сядзібе.

У парку непадалёк захаваўся «Камень Міцкевіча», на якім высечаны крыж. Згодна з легендай, яго зрабіў сам Адам Міцкевіч, калі Марыля не прыйшла на іх апошняе спатканне.

Пабудова новага сядзібнага дома у стылі ангельскай неаготыкі пачалася ўжо пры нашчадках Марылі і Ваўжынца. Дом быў пабудаваны з чырвонай цэглы па праекце архітэктара Тадэвуша Раствароўскага. Пры пабудове выкарыстоўваўся падмурак былой сядзібы, будаўніцтва завяршылася ў 1895 годзе.

Путкамеры жылі ў сядзібе да 1939 года, калі з прыходам савецкай улады вымушаны былі пакінуць родныя мясціны. Сёння ў будынку сядзібы размешчаны сельскі клуб і бібліятэка. Унутры захаваліся печы, кафля для якіх была прывезена з Вялікабрытаніі.

Парк Бальценіцкі парк закладзены ў 2-й палове XVIII — пачатку XIX ст. Плошча каля 10 га.

Парк пейзажнага тыпу. Яго кампазіцыю фарміруюць асобныя групы дрэў і кустоў, адкрытая прастора паляны, суцэльныя пасадкі. Заходні схіл ад дома да паляны, выцягнутай уздоўж даліны, аформлены дзвюма штучнымі тэрасамі. Вялікае значэнне ў фарміраванні ландшафту курцін маюць экзоты, якіх у парку больш за 60 відаў і форм.

Галерэя

Спасылкі

Катэгорыя:Путкамеры Катэгорыя:Больцінікі Катэгорыя:Славутасці Воранаўскага раёна