Іосіф Іпалітавіч Равіч (рус. Иосиф Ипполитович Равич, сапраўднае імя - Мойша Гіршовіч, 4 красавіка 1822, Слуцк - 9 верасня 1875, Санкт-Пецярбург) - вучоны-ветэрынар, адзін з арганізатараў ветэрынарнай адукацыі ў Расійскай імперыі, ардынарны прафесар Імператарскай медыка-хірургічнай акадэміі.Беларускія вучоныя, даследчыкі і вынаходнікі ў галіне тэхнічных і натуральных навук (другая палова XVII – першая чвэрць XX ст.) / В. Я. Бездзель, В. М. Хаданёнак. – Віцебск, 2018. – С. 82-83.Мысліцелі і асветнікі Беларусі, X–XIX стст. : энцыклапедычны даведнік. – Мінск, 1995. – С. 531.
Біяграфія Паходзіў з беднай яўрэйскай сям'і.
У 1846 г. паступіў на ветэрынарнае аддзяленне Імператарскай медыка-хірургічнай акадэміі, якую паспяхова скончыў у 1850 г. са званнем ветэрынарнага ўрача.
Быў прызначаны ветэрынарам у рэзервовую брыгаду 3-й лёгкай кавалерыйскай дывізіі, але неўзабаве яго перавялі ў Гродзенскі гусарскі полк. У 1851 г. пераведзены ветэрынарным урачом у Уланскі полк. На вайсковай службе меў магчымасць назіраць як масавыя паўсядзённыя, так і самыя цікавыя праявы хвароб жывёл, у першую чаргу коней.
Затым быў прыкамандзіраваны да ветэрынарнай клінікі Медыка-Хірургічнай акадэміі для здачы экзамена на ступень магістра ветэрынарных навук, што ён паспяхова і выканаў у бліжэйшыя месяцы. Але з-за Крымскай вайны (1853–1856 гг.) толькі 20 лютага 1856 г. пасля абароны дысертацыі “О распознавании и лечении ревматических болезней у лошадей” саветам Дэрпцкага Ветэрынарнага інстытута быў прызнаны магістрам навук.
У 1859 г. атрымаў званне прыват-дацэнта ў Медыка-хірургічнай акадэміі.
У 1860 г. Іосіф Іпалітавіч быў накіраваны на 2 гады за мяжу для ўдасканалення сваіх ведаў. Апроч таго ён займаўся адмысловымі прадметамі ў Берлінскай ветэрынарнай школе, наведаў Парыж, Штутгарт.
У 1864 г. абраны экстраардынарным прафесарам, а 8 красавіка 1867 г. – ардынарным прафесарам. У 1872 г. Іосіф Іпалітавіч быў прызначаны загадчыкам ветэрынарнага аддзялення Медыка-хірургічнай Акадэміі. Дабіўся пераўтварэння аддзялення на наступны год у Ветэрынарны інстытут пры акадэміі.
Істотна былі перагледжаны навучальныя планы, праграмы ветэрынарных дысцыплін былі грунтоўна пашыраны і абапіраліся на самыя апошнія дасягненні біялогіі. Патрабаваў фундаментальных ведаў у біялогіі для будучых ветэрынараў, адначасова вучоны ставіў пытанне аб выдзяленні ветэрынарыі з медыцыны і незалежным яе развіцці.
Унёс у працэс навучання істотнае новаўвядзенне, якое раней не выкарыстоўвалася ў навучальным працэсе – яго лекцыі суправаджаліся доследамі над жывёламі, дэманстрацыяй пад мікраскопам аб'ектаў, атрыманых з пашкоджаных тканін жывёл, і іншымі практычнымі прыёмамі, якія ўзмацнялі нагляднасць тэарэтычнага матэрыялу.Шимукович, С. Ф. Медицина и ветеринария как сферы образовательных и научных интересов уроженцев белорусских земель в XIX – начале XX века // «Долгий ХІХ век» в истории Беларуси и Восточной Европы: исследования по Новой и Новейшей истории : сб. науч. тр. Вып. 8 / редкол.: И. А. Марзалюк (пред.) [и др.]. – Минск : РИВШ, 2024. – С. 77-86.
На працягу 1864–1871 г. ён быў старшынёй таварыства ветэрынарных урачоў Санкт-Пецярбурга.Шарпило Валерий Георгиевич. Первая профессиональная общественная организация российских ветеринарных врачей // Российский ветеринарный журнал. 2017. №4.
Заснаваў і быў першым кіраўніком часопіса “Архив Ветеринарных наук”.
Прыцягваўся ўрадам для аказання дапамогі губерням, якія пакутавалі ад эпізаатычных хвароб, быў членам Ветэрынарнага камітэта пры Міністэрстве ўнутраных спраў, прыцягваўся як эксперт Ваенным міністэрствам і Міністэрствам дзяржаўных маёмасцяў у справе арганізацыі прафілактычных прышчэпак жывёлы ад чумы. Годна прадстаўляў вучоны Расійскую імперыю на шматлікіх міжнародных з'ездах і ў ініцыятывах, у прыватнасці, як член міжнароднай Камісіі па складанні санітарных правілаў для гандлю жывёлай (1875).
Галоўныя навуковыя працы: «Агульная зоапаталогія» (1861), «Курс вучэння пра павальныя i заразныя хваробы свойскай жывёлы», «Поўны курс іпалогіі» i інш. Яго працы абапіраліся на ўласны эмпірычны вопыт і ўлічвалі найноўшыя дасягненні сусветнай ветэрынарнай навукі, Сфармаваў асноўныя падыходы да падрыхтоўкі ветэрынараў на аснове сучасных для таго часу тэарэтычных ведаў у біялогіі і з апорай на назапашаны практычны вопыт у лячэнні хатніх жывёл.Шимукович, С.Ф. Уроженцы белорусских земель в развитии сельскохозяйственной науки Российской империи в XIX – начале XX века / С.Ф. Шимукович // Сельское хозяйство Беларуси сквозь призму научных исследований (XIX – начало XX в.): доклады Междунар. науч. конф., Минск, 23 сент. 2021 г. / НАНБ, Белорус. с-х. б-ка им. И.С. Лупиновича, Ин-т истории; редкол.: Ю.О. Каракулько (отв. ред.) [и др.]. – Минск: ИВЦ Минфина, 2021. – С. 201–223.
Памёр 9 верасня 1875 г. і быў пахаваны на Выбаргскіх каталіцкіх могілках Санкт-Пецярбурга. Зараз на магіле ўсталяваны бронзавы бюст.
Спасылкі
Крыніцы
Катэгорыя:Пахаваныя на Выбаргскіх могілках Катэгорыя:Правадзейныя стацкія саветнікі Катэгорыя:Ветэрынары Расійскай імперыі Катэгорыя:Вучоныя паводле алфавіта Катэгорыя:Памерлі ў Санкт-Пецярбургу Катэгорыя:Памерлі ў 1875 годзе Катэгорыя:Памерлі 9 верасня Катэгорыя:Нарадзіліся ў Слуцку Катэгорыя:Вікіпедыя:Артыкулы з крыніцамі з Вікіданых Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1822 годзе Катэгорыя:Нарадзіліся 4 красавіка