Легіён Адчайных — добраахвотніцкае фармаванне перыяду паўстання 1831 г., ініцыятарам і заснавальнікам якога быў Юзаф Зянковіч.
Ідэя стварэння, яго назва і адметная форма былі прапанаваны маладым камандзірам Зянковіча. Ён тлумачыў гэта тым, што паўстанне ў Ашмянах праходзіла ў сапраўды адчайнай манеры, што іх барацьба з нашмат праўзыходным супернікам была адчайнай, і што ўсе дзеянні паўстанцаў таксама павінны быць адчайнымі.
Ваяры насілі адметную форму і асабліва вылучаліся сваімі пунсовымі плашчамі. Іхняя форма была пакрытая чэрапамі і косткамі . Праціўнік зваў іх «веючым жахам». Форма была адной з самых незвычайных падчас сярод паўстанцкіх аддзелаў.
4 красавіка 1831 г. у Ашмянскім павеце атрад з некалькіх дзесяткаў паўстанцаў пад камандаваннем Юзэфа Зянковіча выступіў у Ашмяны супраць рускага атрада Вялікалуцкага палка. Рускія склалі зброю без бою. Паўстанцам дастаўся некалькі сотняў карабінаў, шмат рыштунку, бочкі з кулямі і порахам, шмат лядунак і іншага ваеннага рыштунку. Так пачалося паўстанне ў гэтым раёне. Неўзабаве была ўзятая Смаргонь і сталі арганізоўвацца мясцовыя атрады паўстанцаў. Легіён адчайных разам з іншымі паўстанцкімі атрадамі Ашмянскага раёна ўвесь час перамяшчаўся, вёў няўдалыя сутычкі пад Вішневам і Румам, захапіў яшчэ адзін ваенны склад у Свянцянах, а ў пачатку траўня ў літоўскіх паўстанцаў узнікла сувязь з корпусам, які ўвайшоў на тэрыторыю Літвы пад кіраўніцтвам Антонія Гелгуда.
Пасля расфарміравання легіёна адчайных яго байцы былі ўключаны ў склад розных палкоў польскай паўстанчай арміі, якія дзейнічалі ў Літве. Камандзір адчайных Зянковіч далучыўся ў якасці лейтэнанта да пазнанскага кавалерыйскага палка, у яго складзе дайшоў да Варшавы, дзе атрымаў званне капітана і крыж "Virtuti Militari". Пасля падаўлення паўстання Зянковіч аддаў перавагу эміграцыі замест палону. Ён памёр у Францыі ў 1833 г. ва ўзросце ўсяго 26 гадоў.
Падраздзяленне «адчайных» цалкам складалася з добраахвотнікаў (прыдворных, рамеснікаў, навукоўцаў і грамадзянскай моладзі). Граф Кароль Дамінік Пшаздзецкі, на чый кошт быў сфармаваны цэлы паўстанцкі "корпус", падзяліў сваё фарміраванне на падраздзяленні:
1. пешыя стральцы, 2. пяхотны полк, 3. полк конных стральцоў названы "палком Важынскага", 4. полк уланаў Пшаздзецкага, 5. кавалерыйскі лёгіён Адчайных.
У легіёне ніколі не было больш за 50 добраахвотнікаў. У складзе групы была і адна жанчына – Марыяна Карпінска, народжаная Ружанская. Коней адчайныя забралі ў супраціўніка і з маёнтка іх камандзіра Юзафа Зянковіча.
Па задуме камандзіра легіёна Юзафа Зянковіча, традыцыйныя колеры ахвярнасці і смерці - чорны і чырвоны - адлюстроўваюць дух легіёна, а "адамава галава" вянчае вобраз "адчайнага", да таго ж грудзі ваяра ўпрыгожвае не серабрысты галун, а белыя нашыўкі ў выглядзе костак. Збруя кавалерыстаў Легіёна адчайных была выканана з чорнай скуры, вальтрап - цёмна-сіні з чырвонай выпушкай і белым галуном, седлавы чамадан - з шэрага сукна. Найважнейшым патрыятычным пасылам была гатоўнасць памерці за Айчыну, ахвярнасць воіна-паўстанца, адлюстраваныя ў сімволіцы і каляровай гаме мундзіраў і атрыбутыкі. Уніформа Легіёна адчайных наводзіла жах на рускіх, і польскі генерал Антоні Гелгуд быў зачараваны ёю, пра што ён пісаў у дакладзе галоўнакамандуючаму генералу Яну Скрыжанецкаму. Паводле слоў Зянковіча, такая ўніформа павінна была ўказваць, "што толькі вера ў тое, што ты або памрэш, або пераможаш, магла зрабіць з іх пераможцаў". Форма Легіёна адчайных была пашыта з трафейнага сукна, захопленага ў Ашмянах.
Нягледзячы на тое, што першапачаткова генералу Гелгуду спадабалася такая незвычайная ўніформа Легіёна Адчайных, калі Легіён далучыўся да рэгулярнага польскага войска, генерал адмяніў гэтую рамантычную ўніформу, каб легіянеры не вылучаліся на фоне астатніх паўстанцаў.
Бібліяграфія
Jacek Jaworski: Żołnierze spod znaku trupiej główki, Wydawnictwo Dragon, Bielsko-Biała, s. 16-18. Feliks Wrotnowski: Zbiór pamiętników o powstaniu Litwy w r. 1831, Paryż, s. 236.