«Слова на Антыпасху» — пропаведзь святога епіскапа Кірылы Тураўскага, напісаная на царкоўнаславянскай мове. Твор уваходзіць у цыкл велікодных слоў і прысвечаны святу Антыпасхі (Фомінай нядзелі).

Сувязь з Бібліяй Цэнтрам твора становіцца біблейскі сюжэт, падрабязна раскрыты ў Евангеллі паводле Іаана 20:19—31. Вучням з’явіўся ўваскрэслы Хрыстос, але сярод іх не было апостала Фамы. Калі іншыя вучні пераказалі яму пра гэтую падзею, Фама выказаў скептыцызм, заявіўшы, што не паверыць у словы апосталаў, пакуль сам не дакранецца да ран Хрыста. Свята Антыпасхі якраз і прысвечана дню, калі Ісус другі раз з’явіўся апосталам (ужо разам з Фамой), пасля чаго Фама нарэшце паверыў. Кірыла Тураўскі ў «Слове на Антыпасху» пераказвае гэтую падзею, падрабязна спыняючыся на дыялогу Фамы і Хрыста.

Кампазіцыя Пропаведзь лёгка падзяляецца на некалькі частак. Спачатку епіскап распавядае пра Пасху ў старазапаветным разуменні гэтага свята — як пра выхад ізраільцян з Егіпта. Прапаведнік выводзіць сімвалічны змест і параўноўвае фараона з д’яблам: адзін трымаў Божы народ у фізічным зняволенні, другі — сэрцы людзей у духоўным. Аднак Пасха вызваляе з рабства і тых, і другіх.

Далей Кірыла Тураўскі пераходзіць да красамоўнага апісання абуджэння прыроды пасля зімы. Гэтаму фрагменту раней памылкова прыпісвалі язычніцкі ўплыў, але пры дэталёвым разглядзе бачна, што стыль выкарыстання вобразаў пораў года і нябесных свяцілаў пазычаны з пропаведзяў Іаана Залатавуста і Грыгорыя Багаслова, на што паказваюць даследчыкі. Зіма ў творы — сімвал нявер’я, якое замяняецца вясной — «краснай верай Хрыстовай». Сонца сімвалізуе Новы Запавет, які заняў месца ветаху — Старога Запавету і юдэйскага закону.

Адметнасці стылю Кірыла Тураўскі выкарыстоўвае рытарычныя прыёмы ўслед за візантыйскімі красамоўцамі. Анафарычныя тырады (паўтор сінтаксічных канструкцый у пачатку сказаў) ствараюць узнёслы настрой і ўздзейнічаюць на чытача ці слухача.

Яшчэ адна адметнасць — шырокае цытаванне Бібліі і шматлікія спасылкі на старазапаветных прарокаў. Нярэдка гэтыя цытаты Кірыла Тураўскі ўкладае ў вусны біблейскіх герояў.

Літаратура

Кирилл Туровский // Рукописи графа А. С. Уварова. — М.: Книга по требованию, 2023. — Т. 2. — 232 с. Мельнікаў, А. А. Кірыл, епіскап Тураўскі: Жыццё. Спадчына, Светапогляд / А. А. Мельнікаў. — 2-е выд. — Мінск: Беларус. навука, 2000. — 462 с. Еремин, И. П. Литературное наследие Кирилла Туровского / И. П. Еремин // Труды Отдела древнерусской литературы / Акад. наук СССР, Ин-т рус. лит. (Пушкинский Дом). — М.; Л.: Изд-во Академии наук СССР. — 1955. — Т. 11. — С. 342—367; Т. 12. — 1956. — С. 340—361; Т. 13. — 1957. — С. 409—426; Т. 15. — 1998. — С. 332—348. Рэлігійнае пісьменства кірылічнай традыцыі XI—XV стст. / Нац. акад. навук Беларусі. Цэнтр даслед. беларус. культуры, мовы і літ., філ. «Ін-т мовы і літ. імя Я. Коласа і Я. Купалы»; уклад., прадм., камент., указ.-давед. імён Л. В. Ляўшун. — Мінск: Беларус. навука, 2013. — 719 с. — (Помнікі даўняга пісьменства Беларусі).

Спасылкі

Катэгорыя:Кірыла Тураўскі