Палеатыпы — друкаваныя еўрапейскія выданні 1-й паловы 16 стагоддзя. Сярод палеатыпаў выданні А.Мануцыя, Эцьенаў, Э.​Дале, братоў Трэксель і інш. Па змесце і афармленні разнастайныя. Вядома каля 70 славянскіх палеатыпаў, надрукаваных кірыліцай, у т. л. кнігі Францыска Скарыны. Служаць прадметам спецыяльнага збірання і каталагізацыі. Улік палеатыпаў вядзецца ў выглядзе каталогаў асобных калекцый: «Каталог палеатыпаў былой Румянцаўскай публічнай, цяпер Ленінскай Маскоўскай бібліятэкі» М.​Кісялёва (1927—29), «Каталог палеатыпаў: Са збору навуковай бібліятэкі імя М.​Горкага Пецярбургскага ўніверсітэта» (1977).

На Беларусі ў 16—19 ст. палеатыпы зберагаліся ў царкоўных і манастырскіх бібліятэках, бібліятэках навучальных устаноў Віцебска, Гродна, Мінска, Магілёва, у буйных прыватных зборах. Значная колькасць палеатыпаў захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі і Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба ​Коласа Нацыянальнай АН Беларусі.

Літаратура

Катэгорыя:Гісторыя кнігі