Генадзь Мікалаевіч Пятроўскі () — беларускі дзяржаўны і грамадскі дзеяч, навуковец. Кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт. Першы прэзідэнт Таварыства беларускай школы (1996—1999).
Біяграфія Займаўся педагагічнай і навуковай дзейнасцю, выкладаў матэматыку, мае вучонае званне кандыдата фізіка-матэматычных навук.
У 1988 годзе стаў начальнікам Магілёўскага абласнога ўпраўлення адукацыі. У маі 1990 года пераведзены ў Міністэрства народнай адукацыі на пасаду начальніка галоўнага ўпраўлення сярэдняй адукацыі. У гэты перыяд пад кіраўніцтвам міністра Міхаіла Дземчука прымаў актыўны ўдзел у рэфармаванні і дыферэнцыяцыі сярэдняй адукацыі ў Беларусі, стварэнні гімназій і ліцэяў.
У 1991 годзе ўзначаліў рабочую групу па стварэнні новых нацыянальна арыентаваных вучэбных планаў і праграм. Кіраваў падрыхтоўкай першых падручнікаў па гісторыі Беларусі, якія паступілі ў школы ў 1993 годзе.
У 1994 годзе стаў першым намеснікам міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь. На гэтай пасадзе заклаў асновы профільнага навучання ў беларускіх школах і распрацаваў першую сістэму профільных класаў, якая дазваляла школам самастойна фармаваць навучальныя планы. У 1995 годзе добраахвотна падаў у адстаўку пасля канфлікту з прадстаўнікамі Адміністрацыі Прэзідэнта (у прыватнасці з адыёзным ідэолагам Уладзімірам Замяталіным), якія патрабавалі вярнуць у школы савецкія падручнікі гісторыі і абвінавачвалі аўтараў новых праграм у спробах «пасварыць Беларусь і Расію».
Пасля Генадзь Пятроўскі далучыўся да грамадскага руху ў абарону нацыянальнай адукацыі. 30 жніўня 1996 года, пасля афіцыйнай дзяржаўнай рэгістрацыі, ён стаў першым прэзідэнтам Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Таварыства беларускай школы» (ТБШ). Ён кіраваў арганізацыяй да 1999 года, пасля чаго перадаў паўнамоцтвы Алесю Лозку.
З 2000 года Г. Пятроўскі працаваў намеснікам дырэктара Нацыянальнага інстытута адукацыі.
Пазней працяглы час працаваў у Інстытуце тэалогіі імя святых Мяфодзія і Кірыла Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта на пасадзе прарэктара па вучэбнай рабоце. Быў членам Вучонага савета інстытута, прадстаўляў Беларускую праваслаўную царкву ў Каардынацыйным савеце Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і БПЦ па пытаннях супрацоўніцтва (з 2010 года), удзельнічаў у арганізацыі Міжнародных Кірыла-Мяфодзіеўскіх чытанняў.
Узнагароды У маі 2025 года ў сувязі з 80-годдзем і ў знак прызнання шматгадовай працы на карысць духоўнай адукацыі быў узнагароджаны ордэнам свяціцеля Кірыла Тураўскага I ступені. Раней таксама ўзнагароджваўся Каляднай прэміяй «Хрысціянскія традыцыі ў культуры і адукацыі» (2007).
Ацэнкі дзейнасці У адукацыйных колах імя Генадзя Пятроўскага найперш асацыюецца з маштабнымі спробамі рэфармавання беларускай школы ў 1990-х гадах і ўвядзеннем профільнага навучання. Сам ён крытычна ставіўся да пазнейшых рэформ у адукацыі, у прыватнасці да ўвядзення 10-бальнай сістэмы ацэнкі і цэнтралізаванага тэсціравання. На яго думку, дробная шкала адзнак адкрыла шлях да суб’ектывізму настаўнікаў, а тэсціраванне звяло працэс навучання да механічнага запамінання (без задач на доказы).
Крыніцы
Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1945 годзе Катэгорыя:Кандыдаты фізіка-матэматычных навук Катэгорыя:Намеснікі міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Катэгорыя:Дзяржаўныя дзеячы Беларусі Катэгорыя:Грамадскія дзеячы Беларусі Катэгорыя:Кавалеры ордэна свяціцеля Кірыла Тураўскага I ступені Катэгорыя:Выкладчыкі Інстытута тэалогіі імя святых Мяфодзія і Кірыла БДУ