«Марскі Кот» (, ) — прыватнаўласніцкі герб, які ўжываўся ў Каралеўстве Польскім і Вялікім Княстве Літоўскім. Вядомы з актаў Гарадзельскай уніі 1413 года. Нягледзячы на назву, у першапачатковым выглядзе гербавая фігура паказвала не ката, а малпу.

Апісанне Паводле Каспера Нясецкага, «марскі кот мае быць узняты на заднія лапы, седзячы, з хвастом, падкручаным паміж лапамі, паводле Длугаша — з жоўтай перавязкай, паводле Папроцкага — з белай; адны павярнулі яго галаву ў тарчы ўлева, іншыя ўправа; поле мае быць чырвонае, на шлеме тры страусавыя пяры».

Сучаснае апісанне: у чырвоным полі сярэбраны кот, які сядзіць, з хвастом паміж заднімі лапамі і паднятымі пярэднімі лапамі, з залатой перавязкай пасярэдзіне. Клейнод — тры страусавыя пяры. Намёт чырвоны, падбіты серабром.

Назва і паходжанне фігуры Назва герба вобразная і адсылае да першапачатковай фігуры. Найранейшыя выявы XVI ст. паказваюць не ката, а невялікую малпу — катаўца (), якую ў польскай мове называлі «марской коткай». Такіх жывёл маракі бралі на караблі дзеля забавы, а перавязка ці ашыйнік на фігуры пазначалі прыручанасць. Пераасэнсаванне малпы ў свойскага ката адбылося пазней.

У гербоўніку Барташа Папроцкага (XVI ст.) пры друку выява была памылкова адлюстравана люстрана; гэтая памылка паўтаралася ў наступных выданнях аж да XIX ст. Паходжанне герба хутчэй за ўсё нямецкае, а не італьянскае, як меркавалася раней.

Гісторыя Першая сфрагістычная выява і першая пісьмовая згадка герба датуюцца 1413 г. У ВКЛ герб трапіў у выніку Гарадзельскай уніі: ім быў наданы баярын Вайшнар Вількалевіч. Сярэднявечных выяў герба не захавалася.

Адмены У польскай геральдычнай традыцыі вылучаецца адмена «Марскі кот зменены», або «Корзун» (), у якой да фігуры ката дадана разадраная рагаціна. Дакладная выява гэтай адмены не бясспрэчная: Станіслаў Дзядулевіч апісаў яе толькі павярхоўна ў «Гербоўніку татарскіх родаў у Польшчы» (1929), а Тадэвуш Гайл на падставе гэтага апісання рэканструяваў герб так: у чырвоным полі справа разадраная рагаціна сярэбраная, злева марскі кот, які сядзіць, з залатой перавязкай; клейнод — над шлемам у кароне тры страусавыя пяры; намёт чырвоны, падбіты серабром.

Дзядулевіч аднёс носьбітаў гэтай адмены — Корзунаў — да родаў татарскага паходжання. Дакументы, на якіх грунтавалася такое меркаванне (у тым ліку нібыта наданне Уладзіслава II Ягайлы 1386 г. і сцвярджэнне пра ўдзел продкаў роду ў Гарадзельскім сойме), паводле сучасных архіўных даследаванняў з’яўляюцца фальсіфікатамі XIX ст.

Пры гэтым «Гербоўнік беларускай шляхты» не вылучае «Корзун» як асобную адмену: усе сем родаў Корзунаў і Катлубаяў, апісаныя ў 8-м томе, пададзены проста пад гербам «Марскі кот», хоць у тым жа выданні для іншых гербаў пазначэнне «зменены» ўжываецца. Назва «Марскі кот зменены» фігуруе ў подпісе да малюнка герба Корзанаў 1804 г. у Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі.

Род Катлубаяў, таксама татарскага паходжання, прыняў асноўны варыянт герба пасля Люблінскай уніі (1569). Сварчынскія, першапачаткова гербу «Сас», верагодна, перанялі «Марскі кот» ад Сварожынскіх праз падабенства прозвішчаў.

Гербам карысталіся Роды (паводле Т. Гайла і «Гербоўніка беларускай шляхты»): Вайшнаровічы (Wojsznarowicz), Вайшвілы (Wojszwiłło),Войснары, Войшнары (Wojsznar, Wojsnar, Wajsznor), Вілкаловічы, Вількалевічы, Віркаловічы (Wilkolewicz, Wiłkolowicz, Wirkolowicz, Wierkolowicz), Валкалевіч (Wołkolewicz), Дульскі (Dulski, Dolski), Кацельніцкі (Kotelnicki), Катлубаі (Kotłubaj), Корзуны (Korzun, Korzon), Каты (Kot), Ліпскі (Lipski), Сварожынскі (Swarożyński), Сварчынскі (Swarczyński).

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Прыватнаўласніцкія гербы Катэгорыя:Гербы Гарадзельскай уніі