Канстанты Ільдэфанс Галчыньскі (Галчынскі) (пол. Konstanty Ildefons Gałczyński, 23 студзеня 1905, Варшава — 6 снежня 1953, Варшава) - адзін з самых значных польскіх лірыкаў ХХ ст. Добра вядомы сваімі «парадраматычнымі» абсурднымі гумарыстычнымі скетчамі тэатра "Зялёная гусь".ГАЛЧЫ́НСКІ Канстанцін Ільдэфанс // Беларуская энцыклапедыя. Т. 4. С. 474.

Біяграфія Нарадзіўся ў Варшаве ў сям'і чыгуначніка. З пачаткам Першай сусветнай вайны разам з бацькамі быў эвакуяваны, а з 1914 па 1918 год жыў у Маскве, дзе наведваў польскую школу. Вярнуўшыся ў Польшчу ў 1918 годзе, вывучаў класічную літаратуру і англійскую мову ў Варшаўскім універсітэце, прадставіўшы дысертацыю пра неіснуючага шатландскага паэта ХІХ стагоддзя Морыса Гордана Чытса.

Пасля сканчэння ўніверсітэта ў 1926 годзе быў мабілізаваны ў войска, накіраваны ў афіцэрскую школу падхаружых, але з-за дысцыплінарных парушэнняў быў адпраўлены ў якасці пакарання на службу ў Бярозу-Картузскую ў званні радавога. Там ён праслужыў два гады.

Яго літаратурны дэбют адбыўся ў 1923 годзе ў складзе групы паэтаў "Квадрыга", быў звязаны з сатырычнымі і палітычнымі выданнямі. У 1930 годзе ажаніўся з Наталляй Авалавай, польскай пісьменніцай грузінскага паходжання, шлюб адбываўся ў праваслаўным саборы на Празе. З 1931 па 1933 год займаў пасаду аташэ па культуры ў Берліне.

З 1934 па 1936 год жыў у Вільні, дзе пасяліўся па адрасе вуліца Млынавая, 2. Там у 1936 годзе ў пары нарадзілася дачка Кіра. Падчас знаходжання ў Вільні Галчыньскі пачаў супрацоўнічаць з радыё, вёў разам з Тэадорам Буйніцкім сатырычную праграму Kukułka Wileńska. Удзельнічаў у кабарэ "Смаргонія". Падчас знаходжання ў Вільні Галчыньскі пазнаёміўся з віленскімі мастакамі, сябраваў з Вітольдам Гулевічам, Тадэвушам Лапалеўскім, Тэадорам Буйніцкім, Ежы Загурскім, Аляксандрам Рымкевічам і інш. Праз свае творы Галчыньскі звяртаецца да атмасферы Вільні і да спадчыны Адама Міцкевіча.

З пачаткам Другой сусветнай вайны быў накіраваны ў Корпус Аховы Памежжа. 17 верасня ён стаў савецкім ваеннапалонным і патрапіў у лагер у Казельску, але пазней быў абменяны з немцамі на савецкіх грамадзян, што засталіся за Бугам. Увесь час акупацыі ён правёў у лагеры для ваеннапалонных Шталаг XI-A ў Альтэнграбаве, яго вершы таемна друкаваліся ў зборніках. Пасля вайны ён паехаў у Брусэль і Парыж, а ў 1946 годзе вярнуўся ў Польшчу. У 1948 годзе ён заснаваў клуб «13 муз» у Шчэціне, а потым вярнуўся ў Варшаву і працаваў у шматлікіх штотыднёвых часопісах.

Многія з яго пасляваенных твораў, у тым ліку «Паэма для здрадніка» («Poemat dla zdrajcy»), напад на Чэслава Мілаша, «Паездка Хрызастома Бульвеца ў Ценаград» («Podróż Chryzostoma Bulwiecia do Ciemnogrodu») і панегірык «Сталін памёр» («Umarł Stalin») (1953), напісаны паводле сацрэалістычных умоўнасцей. У 1950 годзе ён стаў аб'ектам ідэалагічнай барацьбы, а яго мастацкую творчасць Адам Важык на сустрэчы польскіх пісьменнікаў асудзіў як дробнабуржуазную.

З 1950 па 1953 год быў звязаны з лясніцкім домікам на возеры Нідзкае, дзе напісаў шматлікія творы, у тым ліку «Ольштынскую хроніку». Менавіта там зараз знаходзіцца яго музей. Выдаў зборнікі паэзіі «Зачараваныя дрошкі» (1948) («Zaczarowana dorożka»), «Заручальны пярсцёнак» (1949) («Ślubne obrączki») і «Песні» (1953) («Pieśni»). Таксама зрабіў пераклады «Сну ў летнюю ноч» Уільяма Шэкспіра (1952) і «Оды да радасці » Фрыдрыха Шылера.

Смерць Памёр 6 снежня 1953 года ва ўзросце 48 гадоў пасля трэцяга сардэчнага прыступу .

Пераклады На беларускую мову яго вершы перакладалі Ніл Гілевіч, Максім Лужанін, Лявон Баршчэўскі, Андрэй Хадановіч і інш.

Кніжныя публікацыі Сёмае неба. Мінск: Логвінаў, 2006.

Выбранае. Мінск: Выдавец Зміцер Колас, 2019.

Вуліца шарлатанаў. Кракаў: Gutenberg, 2026.

Крыніцы

Спасылкі Падборка перакладаў вершаў у часопісе "Дзеяслоў" (перакладчык - Міхась Скобла)

Вершы ў перакладах Андрэя Хадановіча

Перадача "Канстанты Ільдэфанс Галчыньскі" з цыклу "Прастора польскай культуры"

Катэгорыя:Пахаваныя на Вайсковых Павонзках Катэгорыя:Памерлі ў 1953 годзе Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1905 годзе Катэгорыя:Паэты Катэгорыя:Нарадзіліся ў Варшаве Катэгорыя:Паэты Польшчы XX стагоддзя