Ігнацы Манюшка герба «Крыўда» (; ) — палкоўнік, удзельнік вайны 1812 года.Willaume Juliusz. Moniuszko Ignacy // Polski Słownik Biograficzny, t. XXI, s. 655.
Біяграфія Быў найстарэйшым сынам з дзесяці дзяцей суддзі Станіслава Манюшкі (пам. 1807) і Евы з Вайніловічаў, братам Дамініка Манюшкі, стрыем кампазітара Станіслава Манюшкі.
Скончыў філасофскі факультэт Віленскага ўніверсітэта. Спачатку быў харунжым ігуменскім. Падчас паходу напалеонаўскай арміі на Расію, як маршалак шляхты і старшыня II дэпартамента галоўнага суда, 8 ліпеня 1812 вітаў каля рагатак Мінска маршала Луі Даву. Прызначаны членам Часовай рады Мінска, якая здолела выратаваць ад знішчэння вайсковыя склады з запасамі збожжа. На замену Часовай рады маршалам Даву ў Мінску быў сфармаваны Часовы Урад, віцэ-прэзідэнтам якога быў прызначаны Ігнацы Манюшка.Iwaszkiewicz, Janusz. Litwa w roku 1812. Warszawa, 1912. S. 74-76
У ліпені 1812 г. далучыўся да 20-га уланскага палка. Пасля выдачы Напалеонам дэкрэту пра магчымасць фармавання дабраахвотніцкіх аддзелаў 22 верасня таго ж года пачаў фарміраванне ўласнага 21-га палка конных стральцоў, які быў самым шматлікім добраахвотніцкім атрадам, што ўзнік у 1812 г. на тэрыторыі Беларусі і Літвы.
23 верасня 1812 года ў «Літоўскім кур’еры» была апублікавана адозва з заклікам далучацца да створанага палка:
Яго Мосць Граф Гогендорп, Генеральны Губернатар Літвы, разам з Найяснейшай Урадавай Камісіяй пастанавіў сфармаваць полк конных стральцоў, складзены выключна з добраахвотнікаў, пад камандаваннем палкоўніка Манюшкі і маёра Абрамовіча, якія дзякуючы свайму шчодраму ўнёску ў войска і полк сталі годнымі гэтых званняў.
Мужная моладзь! Спяшайцеся ў гэты полк, які фарміруецца ў Вільні, — няхай кожны з вас паводле сваёй магчымасці падпішацца на коней і мундзіры, а хоць бы нарэшце сам з канём і ў мундзіры з’явіцца на службу.
Утрыманне гэтага палка на пасадзе і жалаванні ўжо забяспечана. Спяшайцеся, і няхай па меры вашай спешкі і лёгкасці стварэння коннага палка Найвялікшы з Манархаў складзе ўяўленне пра ваш запал.Kuryer Litewski. 1812, Nro 77 (23 września)
Гэтых жаўнераў падчас адступлення напалеонаўскай арміі ўключылі ў 18-ы уланскі полк пад камандаваннем палкоўніка Караля Дамініка Пшаздзецкага, а ў сакавіку 1813 г. — у корпус князя Яўгена Багарнэ, віцэ-караля Італіі. Пасля ваенных нягод стан палка на 14 лістапада 1814 г. складаў у агульным толькі 15 афіцэраў і 12 падафіцэраў і жаўнераў.
З войска Ігнацы Манюшка канчаткова сышоў у канцы 1815 г. у чыне палкоўніка і асеў у сваім маёнтку Падбярэжжа, дзе быў маршалкам Ігуменскага павета (1834). Судзіўся ў справе падзелаў спадчыны пасля сваіх братоў — Чэслава, які памёр у Смілавічах, і Юзафа (пам. 1840), а ў 1848 г. — выконваючы волю памерлага брата Дамініка — прадставіў да набілітацыі васьмёх сялян, якім Дамінік абяцаў поўнае вызваленне ад прыгону.
Імкнуўся матэрыяльна дапамагаць пляменніку Станіславу, у прыватнасці перадаўшы яму так званую скупліньскую спадчыну пасля Юзафа Манюшкі. Оперу «Verbum nobile», скампанаваную ў 1860 г., Станіслаў Манюшка прысвяціў у падзяку стрыю. І брат Чэслаў, і пляменнік Станіслаў характарызавалі Ігнацыя як мізантропа.
Шмат чытаў да канца жыцця і сачыў за філасофскімі і палітычнымі тэндэнцыямі ў свеце. Ідэалы Асветніцтва, якія ён набыў у Віленскім універсітэце, ляглі ў аснову нязменнай падтрымкі ідэі прагрэсу і пастаяннага развіцця.
Памёр 2 красавіка 1869 г. у сваім маёнтку Падбярэжжа.
Ажаніўся (каля 1834 г.) з Аленай Прушынскай гербу Равіч (пам. 1866), запальчывай асобай, якая была прычынай сур’ёзных сямейных разладаў; ад яе меў адзіную дачку Еву (пам. 1841 г. у Санкт-Пецярбургу), жонку Ігнація Лапацінскага, маршалка дзісенскага павета і камер-юнкера.
Крыніцы
Спасылкі
Катэгорыя:Удзельнікі вайны 1812 года Катэгорыя:Палкоўнікі Катэгорыя:Манюшкі Катэгорыя:Выпускнікі Віленскага ўніверсітэта