Уладзімір Рыгоравіч Сіняўскі (26 мая 1881, в. Тупічына, Чарневіцкая воласць, Дзісенскі павет, Віленская губерня — 29 студзеня 1964, в. Блошнікі, Мёрскі раён, Віцебская вобласцьhttp://www.hram-miory.vitebsk.by/Novyi_Pogost1.html) — беларускі праваслаўны святар, протаіерэй.

Біяграфія Нарадзіўся ў праваслаўнай сялянскай сям’і. У 1901 г. скончыў Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю. У 1901-1905 гг. загадчык 2-класнай школы ў Бакштах Ашмянскага павета. У 1904-1905 гг. экстэрнам здаў іспыты за курс багаслоўскіх навук пры Літоўскай духоўнай семінарыі.

30 ліпеня 1906 г. рукапаложаны ў сан святара Нікандрам (Малчанавым), архіепіскапам літоўскім і віленскім. З таго дня працаваў настаяцелем Свята-Мікалаеўскай царквы ў мястэчку Новы Пагост Дзісенскага павета. Падчас савецка-польскай вайны ў чэрвені 1919 г. часова пераехаў у Вільню, служыў у Пакроўскай царкве ў вёсцы Інтуркі Віленскага павета. Потым вярнуўся ў Новы Пагост. Некаторы час знаходзіўся пад следствам уладаў Польскай Рэспублікі за канфлікту з каталіцкім духавенствам, быў асуджаны на два месяцы турмы. У жніўні - кастрычніку 1924 г. быў настаяцелем Свята-Мікалаеўскай царквы ў Турэйску Лідскага павета. З 16 снежня 1925 да 29 мая 1926 г. ізноў быў настаяцелем настаяцелем Свята-Мікалаеўскай царквы ў Новым Пагосце. З 29 мая 1926 да 28 лістапада 1933 г. — настаяцель Царквы Святой Параскевы Пятніцы ў Чарневічах Дзісенскага павета. Потым з 28 лістапада 1933 да 21 мая 1935 г. быў настаяцелем Свята-Ільінскай царквы ў Нарачы Вілейскага павета, з 18 ліпеня 1935 да 14 снежня 1936 г. — царквы ў Нікольску Стаўбцоўскага павета, з 10 ліпеня 1937 да 23 мая 1941 г. — у Ільінскай царкве ў Ёдах Браслаўскага павета (з 1940 г. — Шаркаўшчынскі раён у складзе Вілейскай вобласці БССР).

Пасля далучэння Заходняй Беларусі да СССР неаднаразова падвяргаўся рэпрэсіям. Першы раз быў арыштаваны ў канцы 1939 г., тры месяцы знаходзіўся пад следствам. Наступны раз быў арыштаваны савецкімі карнымі органамі 23 мая 1941 г. па абвінавачванні ў антыўрадавай дзейнасці і змешчаны ў турму ў Вілейцы. 24 чэрвеня 1941 г. этапіраваны ў турму ў Разаньhttp://www.hram-miory.vitebsk.by/IVH.html.

10 верасня 1941 г. паводле загаду Прэзідыўма Вярхоўнага Савета СССР ад 12 жніўня 1941 г. аб амністыі польскіх грамадзян, быў вызвалены і накіраваны ў горад Бузулук Куйбышаўскай вобласці для залічэння ваенным капеланам у Армію Андэрса (Другі Польскі корпус). З 15 верасня 1941 г. лічыўся ваенным капеланам і ў канцы таго года года выехаў на зборны пункт польскіх грамадзян у Куйбышаў. 28 чэрвеня 1942 г. быў ізноў арыштаваны, знаходзіўся пад следствам, але 30 верасня 1946 г. вызвалены за недаказанасцю віны. З таго часу і да сакавіка 1946 г. працаваў заўгасам і старэйшым гароднікам у доме польскіх інвалідаў у сяле Вялікая Канстанцінаўка Куйбышаўскай вобласці; звяртаўся ў мясцовае епархіяльнае ўпраўленне з просьбай выдаць антымінс, бо не меў магчымасці служыць у царкве, служыў літургіі ў доме.

У чэрвені 1946 г. вярнуўся ў Чарневічы, дзе жыў у доме маці да кастрычніка таго года. З 18 кастрычніка 1946 г. да 26 снежня 1947 г. быў настаяцелем царквы ў Качановічах Пінскага раёна. З 26 снежня 1947 г. да 26 лістапада 1949 г. — настаяцель Спаса-Еўфрасіннеўскай царквы ў Полацку ў статусе благачыннага Полацка-Друйскай акругі. У гэты час адначасова выконваў функцыі духоўніка Полацкага Свята-Еўфрасіннеўскага жаночага манастыра і сакратара Мінскага епархіяльнага ўпраўлення па Полацкай вобласціhttps://www.pravenc.ru/text/2581036.html.

З-за супрацьдзеяння ўладам у іх спробах закрыцця Свята-Еўфрасіннеўскага манастыра быў арыштаваны 26 лістапада 1949 г. упраўленнем Мінстэрства дзяржаўнай бяспекі БССР па Полацкай вобласці і кінуты ў Полацкую турму. Афіцыйна абвінавачваўся ў антысавецкай агітацыі і ўдзеле ў польскіх нацыяналістычных арганізацыях. Яго абвінавачвалі ў спробе правядзення ў лютым 1948 г. хроснага ходу вакол Полацка з часціцай мошчаў св. Панцеляймона, прывезенай з Абхазіі паслушніцай манастыра; яму таксама ставілі ў віну службу праваслаўным капеланам у польскім войску ў 1939 г. і г.д. 9 верасня 1950 г. пастановай Асобай нарады пры МДБ СССР асуджаны на 10 гадоў папраўча-працоўных лагераў, быў у няволі ў Асобым лагеры МУС № 7 (Азёрны лагер) у Брацку Іркуцкай вобласці.

23 мая 1956 г. вызвалены з няволі паводле загаду Прэзідыўма Вярхоўнага Савета СССР ад 3 верасня 1955 г. і вярнуўся ў Полацк. З 18 ліпеня 1956 да 21 чэрвеня 1962 г. быў настаяцелем Свята-Мікалаеўскай царквы ў вёсцы Блошнікі Мёрскага раёна. 21 чэрвеня 1962 г. прылічаны за штат з наданнем пенсіі.

Памёр 29 студзеня 1964 г. Пахаваны ля Свята-Мікалаеўскай царквы ў Блошніках.

24 снежня 1992 г. рэабілітаваны пракуратурай Віцебскай вобласці.

Зноскі