Абашаўская культура — археалагічная культура плямён бронзавага веку, якія ў 2—3-й чвэрці 2-га тыс. да н.э. насялялі лясныя і лесастэпавыя вобласці Сярэдняга Паволжа, Падоння і Паўднёвы Урал. Назва ад могільніка каля в. Абашава (Чувашыя). Насельніцтва займалася пераважна жывёлагадоўляй, жыло на адкрытых і ўмацаваных паселішчах у вялікіх (даўжыня да 30—40 м) дамах. Пахавальны абрад — падкурганнае трупапалажэнне ў скурчаным ці выцягнутым (на спіне) становішчы. Характэрны керамічны посуд звона- і слоікападобнай формы з геаметрычным арнаментам і дамешкамі ў гліне ракавінак. Плямёны Абашаўскай культуры першыя пачалі распрацоўку ўральскіх радовішчаў медзі, з імі звязваюць з’яўленне ў стэпах Еўразіі калясніц. Шмат даследчыкаў лічаць Абашаўскую культуру культурна-гістарычнай агульнасцю і вылучаюць у ёй шэраг археалагічных культур.

Літаратура

Катэгорыя:Азія бронзавага веку Катэгорыя:Археалагічныя культуры Расіі