Штаталендорф () — горад у раёне Марбург-Бідэнкопф зямлі Гесэн, Германія, прыкладна за 18 км на ўсход ад Марбурга. Да 1960 года населены пункт называўся Алендорф (, таксама Allendorf im Bärenschießen), у 1960—1976 гадах — Stadt Allendorf, з 1 студзеня 1977 года носіць сучасную назву Stadtallendorf.
Сучасны горад у значнай ступені сфарміраваўся ў XX стагоддзі вакол двух буйных прадпрыемстваў па вытворчасці выбуховых рэчываў, пабудаваных перад Другой сусветнай вайной. Пасля вайны былыя вытворчыя і лагерныя комплексы выкарыстоўваліся для размяшчэння перамешчаных асоб, ваеннапалонных і бежанцаў; у 1946—1947 гадах у польскім DP-лагеры Алендорфа існавала таксама арганізаваная беларуская група з пачатковай школай і скаўцкім аддзелам.Вініцкі А. Матар’ялы да гісторыі беларускай эміграцыі ў Нямеччыне ў 1939—1951 гадох. — Мінск: Тэхналогія, 1994. — Раздзел «ДП-лягер Алендорф — Мэнхэнгоф — Альтэнштат».
Геаграфія Штаталендорф знаходзіцца ў цэнтральнай частцы Гесэна на Верхнегесэнскім узвышшы, паміж Амёнебургскай катлавінай на захадзе і Швальмскай катлавінай на ўсходзе. Праз тэрыторыю горада праходзіць водападзел паміж басейнамі Рэйна і Везера.
Горад мяжуе з Раўшэнбергам і Гільзербергам на поўначы, Нойштатам на ўсходзе, Кірторфам і Гомбергам на поўдні, Амёнебургам і Кірхгайнам на захадзе. У склад гарадской абшчыны, акрамя цэнтральнага Штаталендорфа, уваходзяць Нідэркляйн, Швайнсберг, Эрксдорф, Гацбах і Вольферодэ.
Гісторыя
Да XX стагоддзя Паселішча, з якога развіўся сучасны горад, упершыню згадваецца ў 782 годзе ў даравальнай грамаце Герсфельдскаму абацтву пад назвай Berinscozo. У XIII стагоддзі з’явілася назва Allendorf im Bärenschießen. Да 1803 года Алендорф належаў Майнцкаму курфюрству, пасля секулярызацыі перайшоў да Гесэн-Каселя, а ў 1866 годзе разам з ім — да Прусіі.
Да канца 1930-х гадоў Алендорф быў пераважна сельскай каталіцкай абшчынай з прыкладна 1500 жыхарамі. Каб адрозніваць яго ад шматлікіх іншых населеных пунктаў з назвай Allendorf, ужывалася таксама неафіцыйная назва Katholisch-Allendorf.
Ваенная прамысловасць і прымусовая праца У 1938 годзе ў лясах каля Алендорфа пачалося будаўніцтва двух буйных заводаў выбуховых рэчываў — прадпрыемстваў Dynamit AG (DAG) і WASAG. Агульная тэрыторыя комплексаў складала каля 1000 га; на ёй было пабудавана больш за 600 вытворчых, складскіх і дапаможных аб’ектаў. У гады вайны тут выраблялі трынітраталуол (TNT) і іншыя выбуховыя рэчывы, а таксама напаўнялі імі бомбы і снарады.
На будаўніцтве і вытворчасці выкарыстоўвалася праца каля 17 500 замежных рабочых з больш чым 20 краін, сярод якіх былі прымусовыя рабочыя, ваеннапалонныя, вязні і зняволеныя. Яны жылі ў дзесяці лагерах і шасці рабочых паселішчах вакол заводаў.
19 жніўня 1944 года ў лагер Мюнхмюле каля Алендорфа прывезлі тысячу яўрэйскіх жанчын, пераважна з Венгрыі, з Асвенціма. Мюнхмюле стаў філіялам Бухенвальда; вязні працавалі на прадпрыемствах Алендорфа, у тым ліку на напаўненні боепрыпасаў атрутнымі выбуховымі рэчывамі.
Пасля вайны Пасля заняцця Алендорфа амерыканскімі войскамі вытворчасць боепрыпасаў была спынена. У 1945—1949 гадах значную частку абсталявання вывезлі або дэмантавалі, а частку вытворчых будынкаў узарвалі. Каля 400 будынкаў, аднак, захавалася і пазней стала асновай для пасляваеннай жылой і прамысловай забудовы.
У адным з былых лагерных комплексаў амерыканская армія арганізавала так званы Штайнлагер (), дзе ўтрымліваліся высокапастаўленыя нямецкія ваеннапалонныя. З лета 1946 года ён стаў цэнтрам Operational History (German) Section, у якой былыя афіцэры Вермахта рыхтавалі для амерыканскай арміі даследаванні пра баявыя дзеянні і дзейнасць нямецкіх узброеных сіл.Chen, Chern. Das Steinlager Allendorf. Zur Geschichte der Kriegsgefangenenlager deutscher Generäle nach dem Zweiten Weltkrieg // Zeitschrift des Vereins für hessische Geschichte und Landeskunde. — Bd. 120. — 2015. — S. 237—260.
Пасля вайны ў былых рабочых лагерах і іншых будынках заводаў размяшчалі таксама перамешчаных асоб, бежанцаў і выгнанцаў. У наступныя гады менавіта прыбыццё тысяч людзей з былых усходніх тэрыторый Германіі і Судэцкай вобласці стала адным з асноўных фактараў хуткага росту Алендорфа.
Лагер для перамешчаных асоб
Польскі лагер У пасляваенным Алендорфе існаваў польскі лагер для перамешчаных асоб. У дакументах 1946—1947 гадоў ён называецца Orle Gniazdo («Арлінае гняздо») і Lager am Teich; сустракаецца таксама абазначэнне P.D.P.C. 533. Значную частку яго насельніцтва складалі палякі, у тым ліку былыя прымусовыя рабочыя і іншыя людзі, якія пасля вайны не маглі або не жадалі вяртацца ў Польшчу.
Дакументы мясцовага загса сведчаць, што лагер меў польскую адміністрацыю. За DP-лагер Алендорфа ў 1946—1947 гадах адказвала 4025-я рота Labor Service; у архіве Арользенскіх архіваў захаваліся асобныя фонды са спісамі жыхароў лагера і матэрыяламі пра рэпатрыяцыю за 1946—1947 гады.
Дакументы паказваюць, што побач з палякамі ў Алендорфе жылі таксама перамешчаныя асобы з тэрыторый сучаснай Украіны, Літвы і іншых краін Усходняй Еўропы. Частка жыхароў рэпатрыявалася, іншыя выязджалі ў Францыю, Аўстралію і іншыя краіны або перасяляліся ў іншыя DP-лагеры.
Беларуская прысутнасць У 1946 годзе ў польскім лагеры Алендорф сфарміравалася арганізаваная беларуская група. Для беларускіх дзяцей была адкрыта пачатковая школа, у якой вучылася 12 дзяцей; настаўніцай працавала Софія Дубяга.
22 студзеня 1947 года ў Алендорфе быў створаны скаўцкі звяз з 22 беларускіх скаўтаў і скаўтак: дзвюх дружын хлопцаў і адной дружыны дзяўчат. Ён стаў 5-м Сцягам Згуртавання беларускіх скаўтаў на чужыне.
Беларуская група падтрымлівала таксама агульнаэміграцыйныя арганізацыі. У справаздачы Цэнтралі беларускіх студэнцкіх арганізацый на чужыне за 1947 год Алендорф названы сярод беларускіх лагераў і асяродкаў, якія рабілі грашовыя ахвяраванні ў фонд дапамогі беларускім студэнтам.Ilyina, Anastasiya. Belarusians in camps for displaced persons in West Germany in 1945–1952 // Warsaw East European Review. — 2022. — № 12. — P. 89—106.
Улетку 1947 года беларускую групу перавезлі з Алендорфа ў Мёнхегоф каля Каселя. Туды ж пераехаў 5-ы Сцяг, які працягнуў скаўцкую дзейнасць; у Мёнхегофе беларуская школа была адноўлена ў верасні 1947 года.
Развіццё горада Пасля вайны на тэрыторыі былых ваенных прадпрыемстваў пачалі ўзнікаць грамадзянскія вытворчасці. Захаваныя будынкі і інфраструктура, а таксама вялікая колькасць новых жыхароў спрыялі ператварэнню Алендорфа ў прамысловы цэнтр раёна.
У 1959 годзе Алендорф стаў гарнізонным горадам Бундэсвера. 1 кастрычніка 1960 года населены пункт атрымаў гарадскія правы і назву Stadt Allendorf; з 1 студзеня 1977 года афіцыйная назва пішацца разам — Stadtallendorf.
У ходзе адміністрацыйнай рэформы ў 1971—1974 гадах да горада далучылі Эрксдорф, Гацбах, Швайнсберг, Нідэркляйн і Вольферодэ.
Эканоміка Штаталендорф з’яўляецца адным з асноўных прамысловых цэнтраў раёна Марбург-Бідэнкопф. У горадзе размешчаны, сярод іншага, прадпрыемствы кандытарскай кампаніі Ferrero, ліцейнай кампаніі Fritz Winter і вытворцы дзвярной і аконнай фурнітуры Hoppe.
З пачатку 1990-х гадоў праводзілася маштабная ачыстка тэрыторыі былых заводаў ад рэшткаў выбуховых і атрутных рэчываў. Праект завяршыўся ў 2006 годзе; з грунту і адвалаў былі выдалены сотні тон забруджвальных рэчываў, у тым ліку некалькі тон выбухованебяспечнага TNT.
Транспарт Праз Штаталендорф праходзіць чыгуначная лінія Касель — Марбург — Франкфурт-на-Майне. Чыгуначны прыпынак Алендорф быў адкрыты ў 1850 годзе, а ў 1904 годзе атрымаў статус станцыі; у гады Другой сусветнай вайны яго значна пашырылі для абслугоўвання ваенных заводаў.
Побач з горадам праходзяць федэральныя дарогі B 62 і B 454. Штаталендорф таксама мае злучэнне з аўтабанам A49.
Культура і памятныя мясціны
У былым адміністрацыйным будынку завода DAG дзейнічае Дакументацыйна-інфармацыйны цэнтр Штаталендорфа (). Яго пастаянная экспазіцыя прысвечана развіццю Алендорфа ад сельскай абшчыны да прамысловага горада, з асаблівай увагай да ваеннай вытворчасці, прымусовай працы і лагераў 1933—1945 гадоў.
На месцы былога канцэнтрацыйнага лагера Мюнхмюле створаны мемарыял ахвярам нацысцкай прымусовай працы.
У старой частцы горада захавалася барочная каталіцкая царква Святой Кацярыны, а таксама шэраг фахверкавых дамоў. Адным з найстарэйшых захаваных будынкаў з’яўляецца старая Майнцкая келерыя.
Крыніцы
Літаратура Вініцкі А. Матар’ялы да гісторыі беларускай эміграцыі ў Нямеччыне ў 1939—1951 гадох. — Мінск: Тэхналогія, 1994. — 233 с. Ilyina, Anastasiya. Belarusians in camps for displaced persons in West Germany in 1945–1952 // Warsaw East European Review. — 2022. — № 12. — P. 89—106. Bernhardt, Nils. Was waren „Ausländer“? Displaced Persons, Geflüchtete und Vertriebene in der Behördensprache der Nachkriegszeit am Beispiel von Eheschließungsurkunden in Allendorf 1946–47. — Stadtallendorf: Dokumentations- und Informationszentrum Stadtallendorf. Chen, Chern. Das Steinlager Allendorf. Zur Geschichte der Kriegsgefangenenlager deutscher Generäle nach dem Zweiten Weltkrieg // Zeitschrift des Vereins für hessische Geschichte und Landeskunde. — 2015. — Bd. 120. — S. 237—260. Magistrat der Stadt Stadtallendorf (Hrsg.). 1200 Jahre Stadtallendorf 782–1982. — Stadtallendorf, 1982.
Гл. таксама Мёнхегоф Міхельсдорф (Кам) Мітэнвальд Беларусы Германіі Беларускія лагеры для перамешчаных асоб Лагеры для перамешчаных асоб пасля Другой сусветнай вайны
Спасылкі Афіцыйны сайт Штаталендорфа Дакументацыйна-інфармацыйны цэнтр Штаталендорфа Штаталендорф у Historisches Ortslexikon
Катэгорыя:Гарады Германіі Катэгорыя:Гарады Гесэна Катэгорыя:Беларусы ў Германіі Катэгорыя:Беларускія лагеры для перамешчаных асоб Катэгорыя:Лагеры для перамешчаных асоб