Ігар Міхно або Ігар Міхна () — беларускі грамадскі і культурны дзеяч.

Біяграфія Нарадзіўся каля 1966 года. Скончыў лесагаспадарчы факультэт Беларускага тэхналагічнага інстытута (БТІ, каля 1989).

Падчас вучобы быў удзельнікам студэнцкай патрыятычнай суполкі «Світанак» ў БТІ. У лістападзе 1988 года, на 5-м курсе, быў адным з рэдактараў газеты «Студэнцкая думка», заснаванай «Світанкам». У канцы 1980-х гадоў стаў першым старшынёй Рады Задзіночання беларускіх студэнтаў (ЗБС), створанага на аснове «Світанка» і іншых студэнцкіх суполак Мінска. Разам з іншымі актывістамі працягваў выданне «Студэнцкай думкі» як друкаванага органа нацыянальна-арыентаванага студэнцтва.

На пачатку 1990-х гадоў разам з Георгіем (Франкам) Швайбовічам заснаваў і ўзначальваў рэспубліканскую маладзёжную арганізацыю «Выбранецкія шыхты». Кіраваў культурнай, спартыўнай і этнаграфічнай дзейнасцю, ладзіў спартыўныя лагеры, пешыя паходы, этнаграфічныя экспедыцыі і ахову грамадскіх акцый.

З 1993 года захапіўся ідэямі Сяргея Санько і Тодара Кашкурэвіча, якія стварылі Цэнтр этнакасмалогіі «Крыўя», пасля гэтага дзейнасць «Выбранецкіх шыхтоў» скіравалася на фальклорныя пошукі і даследаванне дахрысціянскага перыяду, удзельнікі арганізацыі ў асноўным не мелі да гэтага інтарэсу і неўзабаве яна спыніла дзейнасць.

Займаўся даследаваннем і адраджэннем беларускай дударскай традыцыі, рабіў уласныя запісы. Некаторы час супрацоўнічаў з гуртом «Ліцьвіны» і планаваў выпусціць з імі агульную касету.

Адзін з заснавальнікаў і арганізатараў у жніўні 2000 года I Фестывалю сярэднявечнай культуры «Навагрудскі замак» з рыцарскім парадам, турнірам і штурмам замка ў Навагрудку. Таксама ў 2000 годзе арганізоўваў паездку беларускай групы ў Чэхію на рэканструкцыю бітвы гусітаў пры Малешаве (1424) і рыцарскі турнір. У чэрвені 2003 года быў адным з арганізатараў сярэднявечнага фестывалю «Чорная Панна» ў Нясвіжы, які грунтаваўся на канцэпцыі «жывой гісторыі». У ліпені 2006 года на IV «Навагрудскім замку», ініцыяваў узнагароджанне пераможцаў рыцарскіх турніраў срэбнымі з пазалотай пярсцёнкамі — «копіямі пярсцёнка князя Міндоўга».

Таксама займаўся, калі гэта дазваляла заканадаўства, распрацоўкай і правядзеннем гістарычных і краязнаўчых экскурсій па Беларусі.

Каля 2015 года заснаваў і быў дырэктарам этнакрамы «Рагна» (Ragna) у Мінску. 27 мая 2018 года быў спікерам на першым этнаграфічным форуме «#ФорумЭтнаўсё» у арт-кафэ «Грай» у Мінску, дзе прэзентаваў даклад «Досвед працы этнакрамы „Рагна“». У 2026 годзе фізічная крама «Рагна» ў Мінску закрылася.

Крыніцы

Спасылкі