Барунская настаўніцкая семінарыя — беларуская навучальная ўстанова, якая дзейнічала ў 1920—1922 гадах у мястэчку Баруны на тэрыторыі Сярэдняй Літвы.

Размяшчалася ў будынках былога базыльянскага манастыра, які гістарычна з’яўляўся асветніцкім асяродкам рэгіёна. Арганізатарам і дырэктарам семінарыі быў Сымон Рак-Міхайлоўскі. Установа рыхтавала настаўнікаў для беларускамоўных пачатковых школ у перыяд станаўлення нацыянальнай адукацыі.

20 лютага 1921 года ў Барунах пачалі навучанне 58 падлеткаў з Ашмяншчыны (42 хлопчыкі і 16 дзяўчынак), якія прайшлі ўступныя экзамены. У залежнасці ад ўзроўню падрыхтоўкі іх падзялілі на два класы. Выкладалі беларускую, польскую, нямецкую мовы, арыфметыку, геаметрыю, геаграфію, рымска-каталіцкую рэлігію, спевы, гімнастыку. Выкладанне вялося на роднай мове вучняў — беларускай. Карысталіся падручнікамі, друкаванымі лацінкай.

Пасля таго як Баруны ў 1922 годзе адышлі да Польшчы, улады пачалі праводзіць палітыку паланізацыі. На змену беларускай прыйшла польская настаўніцкая семінарыя.

Літаратура Марозаў, С. П. Духоўна-культурная спадчына Барунаў і яе рэпрэзентацыя ў гістарычнай памяці сучаснай Беларусі / С. П. Марозаў // Баруны: мінулае і сучаснасць аграгарадка праз прызму стагоддзяў: зборнік матэрыялаў / [уклад. С. П. Марозаў]. — Гродна: ЮрСаПрынт, 2022. — С. 5-18.

Катэгорыя:Баруны (Ашмянскі раён) Катэгорыя:Навучальныя ўстановы, заснаваныя ў 1920 годзе