Лю́давіт Штур (), у ранейшым славацкім напісанні вядомы як Лу́давіт Вэ́ліслаў Штур (), псеўданімы: B. Dunajský, Bedlivý Ludorob, Boleslav Záhorský, Brat Sloven, Ein Slave, Ein ungarischer Slave, Karl Wildburn, pravolub Rokošan, Slovák, Starí, Velislav, Zpěvomil; ) — славацкі паэт, філолаг, грамадскі дзеячБСЭ; палітык, філосаф, гісторык, педагог, пісьменнік, публіцыст і рэдактар.

Людавіт Штур быў найбольш яскравым прадстаўніком славацкага нацыянальнага жыцця і вядучай асобай славацкага нацыянальнага адраджэння ў сярэдзіне XIX ст., сістэматызаваў славацкую мову на падставе сярэднеславацкіх дыялектаў (каля 1843 г.), з’яўляўся адным з вядучых удзельнікаў Славацкага паўстання у 1848—1849 гг. і дэпутатам у горадзе Зволен 1848—1849 гг.

У яго гонар названы астэроід галоўнага пояса .

Біяграфія

Месца нараджэння, сям’я і ўмовы жыцця Людавіт Штур нарадзіўся 28 кастрычніка 1815 г. у вёсцы Угравац (тады Заі-Угравац), якая знаходзіцца ў паўднёвай частцы Стражаўскіх гор. Ён быў другім з пяці дзяцей нацыянальна свядомага настаўніка мясцовай евангелісцкай школы Самуала Штура і Аны Штуравай (у дзявоцтве Міхалцавай). Людавіт Штур быў ахрышчаны 29 кастрычніка 1815 г.Život a dielo Ľudovíta Štúra. Monotematické číslo k roku Ľudovíta Štúra (1995/1996). In: Národná osveta, 1995, č. 24, s. 2. у евангелісцкім храме ў роднай вёсцы. Яго братамі і сёстрамі былі: старэйшы брат Карал (1811—1851 гг.), малодшыя Самуал (1818—1861 гг.), сястра Караліна (1826—1859 гг.) і брат Янка (1827—1907 гг.). Іх бацька Самуал Штур, паводле сведчанняў Ёзафа Міласлава Гурбана, быў «чалавек вучоны, які выяўляў павагу і паважнасць да кожнага, хто размаўляў з ім» (). Ён пераехаў з Трэнчына, каб заняць у Заі-Уграўцу прапанаваную пасаду настаўніка. Самуал Штур нарадзіўся ў Лубіне, куды дзед Людавіта Павал пераехаў з Трэнчына; Павал меў мянушку «Трэнчан», якая была запісана ў метрыцы падчас хрышчэння Самуалаzáznam o krste Ľudovítovho otca Samuela Štúra v matrike evanjelického cirkevného zboru Lubina; «Pauli et Evae Štúr, alias Trenčan», а таксама падчас рэгістравання смерці Павалаzáznam o úmrtí Ľudovítovho starého otca Pavla Štúra v matrike evanjelického cirkevného zboru Lubina; «Paulus Styúr vulgo Trencsan dictus».

Вучоба Базавую адукацыю Людавіт Штур атрымаў ва Уграўцу ў свайго бацькі. У 1827 г. Людавіт з’ехаў вучыцца ў малодшыя класы сярэдняй школы ў Раб (сёння вядомы як Дзьёр), дзе яго стараннасць, спрытнасць у вучобе і таленавітасць былі асабліва адзначаны прафесарам Лэапалдам Пэтзам — славакам па нацыянальнасці, які быў вядомы ў акадэмічных колах сваім захапленнем антычнымі мастацтвамі і адукацыяй. Пэтз арыентаваў сваіх вучняў на чытанне твораў славянскіх аўтараў, такім чынам абудзіўшы ў маладым Штуру зацікаўленасць у славянскім свеце. Па завяршэнні двух гадоў вучобы ў Рабе Людавіт Штур паступіў у евангелісцкі ліцэй у Браціславе (1829—1834 гг.), дзе ўжо вучыўся яго старэйшы брат Карал.

Навучанне ў браціслаўскім ліцэі складалася з двухгадовага курса гуманітарных навук і яшчэ двух гадоў, якія неабходна было прайсці дзеля атрымання далейшай ступені адукацыі — універсітэцкай. У ліцэі з 1803 г. існавала кафедра чэшска-славацкіх мовы і літаратуры, загадчыкам якой з’яўляўся прафесар Юрай Палкавіч. Евангелісцкі ліцэй у Браціславе быў адзінай у Венгрыі евангелісцкай установай адукацыі свайго ўзроўню з такой кафедрай. Заняткі адбываліся на біблійнай чэшскай мове, якая была мовай славацкіх евангелісцкіх вучоных ужо тры стагоддзі.

Некаторыя абставіны, у прыватнасці пажылы век прафесара Палкавіча, які не дазваляў яму ўжо чытаць лекцыі ў межах вучэбнай праграмы, падштурхнулі студэнтаў да заснавання ў 1829 г. суполкі — Чэшска-славацкага таварыства (увогуле заснаванне падобных суполак было распаўсюджанай з’явай у евангелісцкіх ліцэях: у 1823 г. Чэшска-славацкае таварыства заснавалі ў Вене, у 1824 г. — у Кежмараку, у 1832 г. — у Левачы і Прэшаве, у 1838 г. — у Банска-Шцьяўніцы і г. д.)KOVÁČ, D., a kol.: Kronika Slovenska 1 — od najstarších čias do konca 19. stor., 1998, s. 413.. Сярод заснавальнікаў браціслаўскага таварыства былі Карал Штур, Сама Халупка, Данел Ліхард і Самуал Годра. Першым старшынёй стаў прафесар Юрай Палкавіч, функцыі яго намеснікаў выконвалі Сама Халупка, Карал Штур, Міхал Міласлаў Годжа, Самуал Самаслаў Ванка і Людавіт Штур. Галоўнымі задачамі таварыства былі ўдасканаленне роднай мовы, практыка ў граматыцы, напісанне літаратурных твораў і вывучэнне гісторыі славянскіх народаў.

Людавіт Штур стаў членам таварыства амаль адразу па прыбыцці ў Браціславу. З архіваў таварыства вынікае, што ён быў актыўным і добрасумленным вучнем. Яго ўпартасць прынесла свой плён: Людавіт Штур не меў праблем з ніводнай вучэбнай дысцыплінай, аднак болей за ўсё ён захапляўся гісторыяй, антычнай літаратурай, эстэтыкай і гісторыяй мастацтва. Сярод славянскіх пісьменнікаў вялікі ўплыў на Штура пакінулі Ян Голі, Ян Колар, Павал Ёзаф Шафарык, Францішак Палацкі і іншыя.

Восенню 1835 г. Людавіт Штур стаў намеснікам старшыні таварыства (насамрэч у той час займанне пасады старшыні некаторымі прафесарамі мела фармальны характар). У кантэксце мерапрыемстваў, скіраваных на павелічэнне нацыянальнай свядомасці славакаў, члены таварыства арганізоўвалі святы, паездкі і іншыя мерапрыемствы. Адным з найбольш вядомых мерапрыемстваў членаў таварыства была . Улічваючы сацыяльную сітуацыю, мерапрыемства было падрыхтавана і ажыццёўлена ў таямніцы. На Дзевіне ў сваёй прамове Штур згадаў гісторыю Вялікай Маравіі, чытаў вершы і спяваў народныя песні, а пад канец сустрэчы члены таварыства выбралі сабе другое — славянскае — імя, якое паабяцалі заўсёды ўжываць разам з народжаным. Так, Гурбан дадаў да свайго хроснага імя Ёзаф славянскае імя Міласлаў, стаў Горыславам і г. д. Штур жа дадаў сабе імя Вэліслаў (зрэшты, ён ужо даўно перад тым падпісваўся так на пасяджэннях Чэшска-славацкага таварыства).

У 1836/1837 навучальным годзе на падставе кафедральнага пасяджэння Людавіт Штур стаў неафіцыйным намеснікам прафесара Палкавіча ў ліцэі. Да гэтага Штура прывялі добрая рэпутацыя ў ліцэі, эрудзіраванасць і добрыя веды лацінскай мовы (яна з’яўлялася афіцыйнай мовай навучання ў ліцэі). Акрамя лацінскай, падчас свайго жыцця Людавіт Штур выдатна авалодаў венгерскай, нямецкай, французскай, грэчаскай і некаторымі славянскімі мовамі — польскай, сербскахарвацкай і рускай. Ён таксама пачаў вывучаць яўрэйскую і англійскую мовы. Штур выкладаў у ліцэі чэшскую і польскую граматыку і гісторыю. Гэта адкрыла яму магчымасці да ліставання з многімі вядомымі славяністамі: Янам Коларам, Павалам Шафарыкам, Францішкам Палацкім і іншымі.

У 1836/1837 навучальным годзе распаліўся канфлікт паміж студэнтамі і сенатам ліцэя і яго выкладчыкамі. Прычынай студэнцкай незадаволенасці стала забарона ўсіх студэнцкіх суполак і таварыстваў у Венгрыі. Штур, з’яўляючыся намеснікам прафесара Палкавіча, паспрабаваў перанесці частку дзейнасці ўжо забароненага таварыства ў фармат сваіх заняткаў.

У 1838 г. 24-гадовы Людавіт паступіў ва ўніверсітэт у Гале, які (зрэшты, як і ўніверсітэты ў Іене і Берліне) грунтаваўся на евангелісцкіх навукоўцах і даваў глыбокую падрыхтоўку па тэалогіі, філасофіі, гісторыі і лінгвістыцы. Падчас двухгадовага навучання Штур грунтоўна азнаёміўся з філасофіяй Гегеля і Гердэра, чые канцэпцыі гісторыі суправаджалі Штура ва ўсім яго філасофска-гістарычным светапоглядзе: ён вызнаваў гісторыю за шэраг натуральных прыродных працэсаў, якія грунтуюцца на пэўных законах, што маюць у сабе духоўныя прынцыпы. Пасля заканчэння ўніверсітэцкай вучобы ў 1840 г. па дарозе ў Венгрыю Людавіт Штур сустрэўся ў Празе і Градзецу-Кралавэ з многімі чэшскімі нацыяналістамі. У Чэхіі ён наведаў Павала Ёзафа Шафарыка, які папярэдзіў Штура аб абвастрэнні палітычнай сітуацыі ў краіне.

Першыя гады пасля вучобы Вяртанне ў Венгрыю стала для Штура перыядам пачатку новай барацьбы — барацьбы за захаванне нацыянальных правоў. Радыкальная частка венгерскіх чыноўнікаў і паліцэйскіх распачала актыўную кампанію супраць павышэння адукацыйнага і культурнага ўзроўняў немадзьярскіх народаў. Сітуацыю пагаршала займанне графам Каралам Заем пасады генеральнага інспектара Евангельскай Царквы Аўгсбургскага Вызнання: граф стаяў на ідэях падтрымкі ў Венгрыі толькі аднаго народа — мадзьярскага. Зай асабіста ведаў Штура і спачатку нават адчуваў да яго сімпатыю праз таленавітасць і адукаванасць апошняга. Граф нават вусна і пісьмова заклікаў Штура да партнёрства дзеля інтарэсаў венграў, бо толькі ў іх Карал Зай бачыў будучыню краіны, аднак гэтыя спробы не далі ніякага плёну.

Па вяртанні з Германіі Штур спачатку імкнуўся зноў заняць месца намесніка прафесара Палкавіча на Кафедры чэшска-славацкіх мовы і літаратуры. Ён не меў магчымасці мець ніякай нармальнай зарплаты — урокі на кафедры фінансаваліся з ахвяраванняў вучняў, а выкладчыкам даставаўся толькі невялікі працэнт, палову якога Штур вымушаны быў дзяліць з прафесарам Палкавічам. Праца кафедры і ўладкаванне туды Штура былі ўскладнены перашкодамі, якія чынілі Зай і яго аднадумцы з намерам, каб пасля смерці Палкавіча кафедра ўвогуле была бы зачынена. Пасля доўгіх перамоў з адміністрацыяй ліцэя Людавіт атрымаў пасаду ў якасці выкладчыка ў прафесара Палкавіча.

Няспынны ціск на славакаў з боку венгерскіх чыноўнікаў прымусіў Штура і іншых славацкіх нацыяналістаў шукаць падтрымкі і абароны ў найвышэйшага кіраўніцтва імперыі. У 1842 г. у Вену былі пасланыя чатыры дэпутаты са Славацкай прастольнай чалабітнай (). У Чалабітнай славакі прасілі імператара аб абароне ад пераследаў, магчымасці публікавання прац аб колькасці і рассяленні славацкага народа, захаванні Кафедры чэшска-славацкіх мовы і літаратуры ў ліцэі Браціславы, а таксама аб адкрыцці падобных устаноў у іншых ліцэях Венгрыі і г. д. У Вене, аднак, справа гэтак і не дайшла да разбору Чалабітнай: двор накіраваў Чалабітную ў Будапешт да венгерскага палаціна, які адхіліў усе патрабаванні і просьбы славакаў.

Літаратурная славацкая мова

У пачатку 1843 г. Людавіт сабраў сваіх блізкіх сяброў і падзяліўся з імі думкай аб аб’яднанні славакаў каталіцкага і евангелісцкага вызнанняў на базе адзінай пісьмовай мовы. За аснову быў абраны сярэднеславацкі дыялект праз яго распаўсюджанасць, арыгінальнасць і зразумеласць. Аб’яднанне славакаў павінна было праходзіць больш хутка шляхам дзейнасці ўсеславацкага надканфесійнага аб’яднання .

Ідэя распрацоўкі пісьмовай славацкая мова фарміравалася ў Штура ўжо доўгі час. Некалькімі гадамі раней (у 1836 г.) ён у лісце да Францішка Палацкага скардзіўся на тое, што біблійная чэшская мова, якой пісалі евангелісты, стала незразумелай для славакаў, і выказваў пажаданне, каб чэхі і славакі знайшлі кампраміс ў выніку стварэння адзінай чэхаславацкай мовы. Прапанова мела пад сабой ідэю ўступак як са славацкага, гэтак і з чэшскага бакоў, аднак чэшскія лінгвісты адхілілі такі падыход, прапаноўваючы славакам наўпрост карыстацца чэшскай мовай. Менавіта гэта падштурхнула Штура перайсці ад разважанняў да дзей і пачаць з сябрамі ствараць літаратурную мову, якая аб’яднала бы каталікоў і евангелістаў.

11 ліпеня 1843 г. Людавіт Штур, Ёзаф Міласлаў Гурбан і Міхал Міласлаў Годжа сустрэліся ў парафіяльным доме Гурбана (ён быў евангелісцкім святаром) у , дзе яны дамовіліся аб ажыццяўленні ідэі аб славацкай літаратурнай мове на практыцы. 17 ліпеня яны наведалі ў Добра-Водзе Яна Голіга, які вызнаваўся за эксперта ў , таму штураўцы вырашылі азнаёміць яго першага са сваімі намерамі.

У 1843 г. ускладнілася сітуацыя ў ліцэі. Ціскі на зніманне Штура з пасады намесніка прафесара Палкавіча ўзмацняліся. Іх эскалацыя прывяла ў выніку да таго, што ў снежні 1843 г. Людавіт яе пазбавіўся: не дапамаглі ні студэнцкія петыцыі, ні спробы абараніць славака некаторымі прафесарамі. У знак пратэсту супраць звальнення Людавіта Штура 22 студэнты пакінулі ліцэй у сакавіку 1844 г. 13 з іх давучыліся ў Левачы.

Славацкая нацыянальная газета