Мі́лан Ку́ндзера (; 1 красавіка 1929, Брно, Чэхаславакія — 11 ліпеня 2023) — чэшскі і французскі пісьменнік. Пісаў па-чэшску і па-французску. Найбольш знакаміты яго твор называецца «Невыносная лёгкасць быцця».
Жыццё і творчасць
Чэхаславакія Бацькам Мілана быў Людвік Кундзера, музыказнаўца і пазней рэктар Музычнай Акадэміі ў Брно (з 1948 па 1961 год). Пісьменнік рана навучыўся граць на піяніна, музыка моцна паўплывала на ўсю яго творчасць. У 1945 годзе, будучы гімназістам, пераклаў верш Уладзіміра Маякоўскага, які быў апублікаваны ў часопісе «Гонг». Тады ж пачаў сам пісаць вершы.
Пасля вайны падпрацоўваў як рознарабочы і джазавы музыка. У 1948 годзе скончыў гімназію ў Брно і пачаў вывучаць музыку і літаратуру ў Пражскім Карлавым універсітэце. Аднак у хуткім часе пісьменнік перайшоў у Кінаакадэмію. У 1950 годзе па палітычных прычынах вымушаны быў прыпыніць навучанне на два гады (Кундзера і яго ўніверсітэцкі таварыш былі выключаныя з камуністычнай партыі, у якую Мілан уступіў у 1948 годзе, за антыпартыйныя дзеянні). Яго раман «Жарт», напісаны ў 1965—1967 гг., шмат у чым натхнёны падзеямі таго перыяду жыцця маладога пісьменніка. У 1956 годзе Кундзера зноў уступае ў кампартыю, аднак у 1970 годзе яго канчаткова выключаюць з яе.
Пасля заканчэння вучобы Мілан Кундзера выкладаў на факультэце кіно Пражскай акадэміі музыкі і драматургіі. У 1957 годзе ён выдаў лірычны зборнік «Маналогі», у які ўвайшлі інтэлектуальныя вершы пра каханне. Пісьменнік піша шэраг эсэ, прысвечаных авангарднай паэзіі, для перыядычных выданняў «Literarni noviny» і «Listy».
Як і шматлікія іншыя чэшскія інтэлектуалы, Кундзера прымаў актыўны ўдзел у падзеях Пражскай вясны. З-за гэтага ён быў пазбаўлены магчымасці выкладаць, яго кнігі былі забароненыя і выняты з усіх бібліятэк Чэхаславакіі.
Францыя У 1975 годзе Кундзера з жонкай Верай Грабанковай імігравалі ў Францыю, дзе пісьменнік атрымаў месца выкладчыка. У 1978 годзе, пасля выдання раману «Кніга смеху і забыцця» (Kniha smíchu a zapomnění), чэшскі ўрад пазбавіў пісьменніка чэшскага грамадзянства. З 1981 года ён з’яўляецца грамадзянінам Францыі. У 1978 годзе Кундзера пераехаў у Парыж, дзе ў 1984 годзе з’явіўся яго самы знакаміты твор — раман «Невыносная лёгкасць быцця» («Nesnesitelná lehkost bytí»).
Пачынаючы з выдадзенага ў 1994 годзе раману «La lenteur» Кундзера піша па-французску.
Трохі аб усім Сам Кундзера дзеліць сваю творчасць на два этапы: перыяд няспеласці (ад гэтай часткі сваёй творчасці дыстанцуецца і забараняе публікаваць творы гэтага перыяду), і на перыяд сваіх лепшых твораў.
Смешныя каханкі Кундзера сцвярджае, што ўпершыню «знайшоў сябе», калі пісаў аповед «Я сумны Бог» (1958), пазней уключаны ў першую з трох сшыткаў «Смешных каханак» (1963, 1965, 1968). Характэрная рыса «Смешных каханак» — анекдатычнасць, жартаўлівасць. Па прызнанні аўтара, ён пачаў пісаць аповеды для ўласнага задавальнення. Першае агульнае выданне ўсіх трох сшыткаў, якое складаецца з 8 аповедаў, выйшла ў Празе ў 1970 годзе, аднак пазней аўтар перапрацаваў зборнік, надаўшы яму новую форму і кампазіцыйнае адзінства, і ўключыў толькі 7 аповедаў. Тэматыка «Смешных каханак» засяроджана на містыфікацыі, гульні з каханнем і парадоксах донжуанства нашага часу. Кожны з аповедаў мае сваю апавядальную структуру, мадэль і тэму, якія аўтар развіў пазней у сваіх раманах.
Жарт Свой першы раман «Жарт» Кундзера пачаў пісаць яшчэ ў 1962 годзе, кніга была надрукавана ў 1967 годзе. Выкарыстоўваючы гратэскавую гісторыю пра чалавечае жыццё, сапсаванае з-за простага жарту, і пра няўдалую помсту героя, аўтар апісвае змены, якія адбываліся ў чэшскім грамадстве з сярэдзіны 1950-х, і прыводзіць свайго героя да адчування адчужанасці ад свету. Аўтар перапісаў раман у выглядзе сцэнарыя для фільма, які ён сам і паставіў.
Жыццё — не тут У рамане «Жыццё — не тут» (скончаны ў 1969 ці 1970, упершыню выйшаў у Парыжы на французскай мове ў 1973 годзе) апісваецца гісторыя маладога паэта, які паставіў свой мастацкі талент і юнацкае славалюбства на службу ідэалогіі. Менавіта таму яму не даецца ні самакрытыка, ні цвярозы погляд на грамадскае становішча, урэшце ён бесцырымонна ўмешваецца ў лёс іншых людзей, прыносячы ім няшчасці. Сама назва рамана з’яўляецца цытатай. Гэтай фразай, узятай з А.Рэмбо, А.Брэтон у 1924 годзе завяршыў Маніфест сюррэалізму. Той жа самы лозунг можна было ўбачыць у Парыжы ў 1968 падчас студэнцкіх хваляванняў.
Вальс на развітанне «Вальс на развітанне» (скончаны ў 1971 ці 1972, упершыню выйшаў на французскай мове ў Парыжы ў 1976 годзе) — апошні раман, напісаны ў Празе. На першы погляд ён здаецца проста камедыяй, якая апісвае калізіі паміж некалькімі любоўнымі парамі ў чэшскім курортным мястэчку. На самай жа справе гэта кніга поўная смутку і роспачы, выкліканымі безвыходнасцю сітуацыі. Галоўнага героя рамана прымушаюць з’ехаць з краіны абыякавасць людзей, пустэча, дробязнасць праблем.
Кніга смеху і забыцця «Кніга смеху і забыцця» была напісана ў першыя гады эміграцыі, і ўпершыню выйшла на французскай мове ў Парыжы ў 1979 годзе. Як і ў некаторых іншых творах Кундзеры, кампазіцыя тэксту інспіравана музычнай кампазіцыяй. У рамана няма скончанага сюжэту, асобныя эпізоды з’яўляюцца рознымі варыяцыямі на агульную тэму: героі змагаюцца з забыццём і прыходзяць да таго, што мінулае нельга заклікаць на дапамогу сучаснасці, мінулае нельга палепшыць.
Невыносная лёгкасць быцця Матывы эміграцыі і побытавай ідыліі Кундзера развівае ў рамане «Невыносная лёгкасць быцця» (скончаны ў 1972, упершыню апублікаваны на французскай мове ў 1984 годзе), героі якога пасля жніўня 1968 года з’яжджаюць у Швейцарыю, але потым вяртаюцца ў Чэхаславакію. У рамане шмат філасофскіх разважанняў, заснаваных па перавазе на тлумачэнні лёгкасці і цяжары ў духу старажытнагрэчаскага філосафа Пармеіда і ідэі Фрыдрыха Ніцшэ пра вечнае вяртанне. У 1988 годзе амерыканскі рэжысёр Філіп Каўфман зняў па гэтым рамане аднайменны фільм.
Несмяротнасць У рамане «Несмяротнасць» (дапісаны ў 1988, упершыню апублікаваны на французскай мове ў 1990 годзе), апошнім рамане, напісаным на чэшскай мове, Кундзера падкрэслівае фіктыўнасць усяго адбывалага. Яго галоўным чынам цікавяць агульныя пытанні быцця і характэрныя рысы еўрапейскай культуры. У кнізе рэфлексіўнасць настолькі пераважае над сюжэтнай лініяй, што яе можна лічыць нейкім сінтэзам рамана і эсэ.
Мастацтва рамана Ключом да глыбейшага разумення творчасці Кундзеры можа быць зборнік з сямі эсэ «Мастацтва рамана», напісаных на французскай мове і выдадзеных у 1986 годзе. Гэты зборнік не мае нічога агульнага з ранняй аднайменнай тэарэтычнай працай, акрамя назвы. Тут аўтар кажа пра свой метад пісьма, асабліва акцэнтуе ўвагу на сціплую ацэнку традыцыі цэнтральна-еўрапейскага рамана і выяўляе захапленне мадэрнізмам «кафкіянскай» традыцыі.
Парушаныя запаветы Наступныя эсэ апублікаваны ў зборніку «Парушаныя запаветы» (1993). Разважанні пра магчымасці рамана, а таксама апублікаваныя ў часопісах эсэ пра палітычнае і культурнае проціпастаўленне «Захаду» і «Усходу» і пра канцэпцыю Цэнтральнай Еўропы зрабілі Кундзеру папулярным публіцыстам яшчэ ў 1980-я. Ён таксама публікаваўся ў чэшскіх, французскіх, і нават у ісландскіх і мексіканскіх перыядычных выданнях.
Павольнасць. Сапраўднасць. Недасведчанасць. Кундзера не раз падкрэсліваў, што чэрпае натхненне ў творах еўрапейскай літаратуры перыяду Адраджэння і Асветы, асабліва ў раманах Дж. Бакача, Ф. Рабле, Л. Стэрна і Д. Дзідро. Сваю п’есу «Жак і яго спадар», якая прысвечана Дзідро і з’яўляецца варыяцыяй на тэму рамана самога Дзідро «Жак фаталіст» напісаў у гады, наступныя за савецкай акупацыяй. Упершыню п’еса была апублікавана ў Парыжы ў перакладзе аўтара ў 1981 годзе.
У 1990-я гады піша свае раманы на французскай мове. «Павольнасць» (1995) і «Сапраўднасць» (1997) уяўляюць хутчэй нейкія рэзюмэ, у якіх намёк на больш пэўную гісторыю толькі ілюструе абстрактныя разважанні, эсэ чаргуюцца з сюжэтнай лініяй, і ў свет рамана пранікаюць больш ці менш відавочныя алюзіі на традыцыі рамана мінулых стагоддзяў.
Апошні раман «Недасведчанасць» (2000) быў упершыню апублікаваны па жаданні аўтара на іспанскай мове. Тэмы рамана — эміграцыя, адзінота, памяць, забыццё, настальгія, абыякавасць.
Творы
Раманы 1967 — «Жарт» (Žert) 1972 — «Вальс на развітанне» (Valčík na rozloučenou) 1973 — «Жыццё не тут» (Život je jinde) 1978 — «Кніга смеху і забыцця» (Kniha smíchu a zapomnění) 1984 — «Невыносная лёгкасць быцця» (Nesnesitelná lehkost bytí) 1990 — «Несмяротнасць» (Nesmrtelnost) 1995 — «Павольнасць» (La lenteur) 1997 — «Сапраўднасць» (L’Identité) 2000 — «Недасведчанасць» (L’Ignorance)
Эсэ 1955 — «Пра спрэчкі спадчыны» (O sporech dědických) 1960 — «Мастацтва рамана» (Umění románu: Cesta Vladislava Vančury za velkou epikou) 1968 — «Чэшскі дагавор» (Český úděl) 1969 — «Радыкалізм і эксгібіцыянізм» (Radikalismus a exhibicionismus) 1983 — «Выкрадзены Захад ці трагедыя Цэнтральнай Еўропы» (Únos západu aneb Tragédie střední Evropy) 1986 — «Мастацтва рамана» (L’art du Roman (Umění románu)) 1992 — «Парушаныя запаветы» (Les testaments trahis (Zrazené testamenty)) 1991—2004 — «Мой Яначак» (Můj Janáček)) 2005 — «Невядомая спадчына Сервантэса» (Zneuznávané dědictví Cervantesovo) 2005 — «Заслона» (Le Rideau (Opona)) 2006 — «Каструсь — цень святога Гарту» (Kastrující stín svatého Garty) 2006 — «Не тут, дома, мой сябра» (Nechovejte se tu jako doma, příteli) 2009 — «Сустрэча» (Une rencontre (Setkání))
Паэзія 1953 — «Чалавек — неабсяжны сад» (Člověk zahrada širá) 1955 — «Апошні май» (Poslední máj) 1957 — «Маналогі» (Monology)
П’есы 1962 — «Уладальнік ключоў» (Majitelé klíčů) 1966 — «Дзве плёткі, два вяселлі» (Dvě uši, dvě svatby) 1968 — «Прамашка» (Ptákovina) 1971 — «Жак і яго спадар» (Jakub a jeho pán: Pocta Denisu Diderotovi)
Зборнікі аповедаў 1968 — «Смешныя каханкі» (Směšné lásky)
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Трагедыя Цэнтральнай Еўропы / М. Кундэра // Фрагмэнты: Сярэднееўрапейскі культурны агляд. — Мінск, 1996. — № 1. — С. 4-20. Якуб і яго пан. Ухвала Дэні Дыдро Дзесяць прычынаў, каб ня быць бацькам Няхай старыя мертвыя саступяць месца маладым мертвым (пераклад з чэшскай А. Вострыкавай) // Крыніца, 1998, № 10.С.51-64. Страчаныя лісты [IV частка рамана «Кніга смеху і забыцця»] (Пер. з чэшск. С. Сматрычэнка) // Крыніца, 1998, № 10.С.64-85 Непрызнаная спадчына Сервантэса [Эсэ] (Пер. з чэшск. А. Вострыкава) // Крыніца, 1998, № 10.С.85-91 Якуб і яго гаспадар [Эсэ] (Пер. з франц. Зм. Дзмітрук) // Крыніца, 1998, № 10.С.91-96 Апавяданне «Эдуард і Бог» у часопісе ARCHE ў перакладзе Аляксея Знаткевіча Супраць лірыкаў (з раману «Жыцьцё ня тут») ЖЧ-супольнасць, прысвечаная Мілану Кундзеры Мілан Кундзера на сайце The Electronic Literary Database (ELDb) Мілан Кундзера, падборка інтэрв’ю Мілан Кундзера, падборка артыкулаў пра аўтара Мілан Кундзера, падборка цытат з твораў Мілан Кундзера : Мастацтва рамана і працяг роду («Le Monde», Францыя) Мілан Кундзера : апавяданні і эсэ Польскі сайт пра Кундзера
http://respekt.ihned.cz/c1-36370990-udani-milana-kundery
Катэгорыя:Камуністы Чэхіі і Славакіі Катэгорыя:Пісьменнікі XX стагоддзя Катэгорыя:Пісьменнікі Францыі Катэгорыя:Пісьменнікі Чэхіі Катэгорыя:Франкамоўныя пісьменнікі Катэгорыя:Чэшскамоўныя пісьменнікі Катэгорыя:Шматмоўныя пісьменнікі Катэгорыя:Ганаровыя грамадзяне Брно Катэгорыя:Выпускнікі Пражскай акадэміі музычных мастацтваў