Тайга (цюрк.) — занальны тып ландшафту з перавагай у расліннасці хвойных лясоў. Пашырана ва ўмераным поясе Еўразіі і Паўночнай Амерыкі, а таксама ў горных раёнах Еўропы, Цянь-Шаня, Заходняга Кітая, Ціхаакіянскіх узбярэжжаў Паўночнай Амерыкі.
Геаграфія Тае́жная зо́на, барэальная лясная зона — прыродная геаграфічная зона ўмеранага пояса Паўночнага паўшар’я, у натуральных ландшафтах якой пераважае тайга. Часам разглядаецца як падзона ў складзе лясной зоны ўмеранага пояса Паўночнага паўшар’я.
Пашырана таежная зона пераважна ў Еўразіі, дзе цягнецца ў напрамку з захаду на ўсход на 9000 км, і ў Паўночнай Амерыцы. Знаходзіцца паміж зонай лесатундры на поўначы і зонай мяшаных лясоў і лесастэпавай зонай на поўдні. У Еўразіі ўздзеянне халоднага зімовага мусону садзейнічае далёкаму пранікненню таежнай зоны на поўдзень.
Клімат таежнай зоны ад акіянічнага да рэзка кантынентальнага, з халоднай і снежнай зімой (у Сібіры да −50 °C) і параўнальна цёплым вільготным летам. Ападкаў за год выпадае 300—600 мм болей. Пераважае выпаральнасць, што спрыяе забалочанасці мясцовасці і мнагаводнасці рэк. На значнай частцы Сібіры ў таежнай зоне распаўсюджана вечная мерзлата. Глебы пераважна падзолістыя.
У таежнай зоне развіта лясная гаспадарка, паляўніцтва.
Біёта Адрозніваюцца:
цемнахвойная тайга (елка, піхта), светлахвойная тайга (хвоя, кедр, лістоўніца); паўночная тайга, сярэдняя тайга, паўднёвая тайга, горная тайга.
Падлесак разрэджаны (рабіна, вольха). Травяніста-кусцікавы ярус і мохавае покрыва (чарніцы, брусніцы, кісліца, лясныя асокі, вейнікі, зялёныя імхі, лішайнікі). У фаўне пераважаюць грызуны, насякомаедныя, пашыраны драпежныя, капытныя, зайцападобныя, трапляюцца буры мядзведзь, лось, ізюбр, расамаха, рысь, каланок, собаль, выдра, вывёрка і інш.
Тайга — крыніца драўніннай сыравіны для цэлюлознай і лесахімічнай прамысловасці, будаўнічай драўніны.
Крыніцы
Літаратура
Таёжная зона // Ибрагимова К. К., Рахимов И. И., Зиятдинова А. И. Словарь-справочник терминов по экологии и охране природы: Учебное пособие. — Казань: Изд-во «Отечество», 2012. — С. 100. — 148 с.
Таёжная зона // Словарь ботанических терминов / [И. А. Дудка, С. П. Вассер, И. Н. Голубинский и др.] ; Под общ. ред. И. А. Дудки. — Киев : Наук. думка, 1984. — 307 с.; 24 см.
Тайга́ // География. Современная иллюстрированная энциклопедия. Ч. 2: М—Я. / А. П. Горкин — М.: Росмэн, 2006. — 146 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-353-02443-5. — (Современная иллюстрированная энциклопедия «Росмэн». География)
Катэгорыя:Зоны расліннасці Катэгорыя:Лясы Катэгорыя:Тыпы лесу