Но́вая Гусяві́ца (, ) — вёска ў Буда-Кашалёўскім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіць у склад Гусявіцкага сельсавета.

Геаграфія

Размяшчэнне У 25 км на паўднёвы ўсход ад Буда-Кашалёва, 11 км ад чыгуначнай станцыі Уза (на лініі Жлобін — Гомель), 30 км ад Гомеля.

Гідраграфія На ўсходзе і поўначы меліярацыйныя каналы.

Транспартная сетка Аўтамабільная дарога Крыўск — Уваравічы. Планіроўка складаецца з ледзь выгнутай вуліцы, арыентаванай з паўднёвага захаду на паўночны ўсход, да якой далучаюцца дзве крывалінейныя вуліцы з завулкамі. Забудова двухбаковая, пераважна драўлянымі дамамі сядзібнага тыпу.

Гісторыя Па пісьмовых крыніцах вядомая з пачатку XIX стагоддзя, калі вёска Гусявіца падзялілася на дзве: Старая Гусявіца і Новая Гусявіца, у Рудзянецкай воласці Беліцкага павета Магілёўскай губерні. Па рэвізскіх матэрыялах 1859 года ў валоданні графіні А. М. Мелінай. Па перапісу 1897 года знаходзіліся: школа граматы, хлебазапасны магазін, 2 ветракі, карчма. Больш за палову гаспадарак займаліся вырабам фурманак, калёс, санак. У 1909 годзе 1338 дзесяцін зямлі, школа, млын.

З 8 снежня 1926 года па 30 снежня 1927 года цэнтр Новагусявіцкага сельсавета Уваравіцкага раёна Гомельскай акругі. У 1930 годзе арганізаваны калгас «Вольная праца», дзейнічалі вятрак, дрэваапрацоўчая майстэрня і кузня.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны ў баях за вёску ў лістападзе 1943 года загінулі 12 савецкіх салдат (пахаваны ў брацкай магіле на могілках). На франтах і ў партызанскай барацьбе загінулі 189 жыхароў, у памяць пра якіх у 1971 годзе ў цэнтры вёскі ўсталяваны абеліск.

У 1959 годзе ў складзе калгаса імя В. І. Леніна (цэнтр — вёска Старая Гусявіца). Лесапільня, млын, швейная майстэрня, базавая школа, Дом культуры, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, аддзяленне сувязі, сталовая, магазін.

Насельніцтва

Колькасць 2004 год — 215 гаспадарак, 623 жыхары.

Дынаміка 1897 год — 114 двароў, 795 жыхароў (паводле перапісу). 1909 год — 817 жыхароў. 1959 год — 564 жыхары (паводле перапісу). 2004 год — 215 гаспадарак, 623 жыхары.

Вядомыя ўраджэнцы Аркадзь Тарасавіч Кобрусеў (нар. 1937) — Герой Сацыялістычнай Працы (1988).

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Населеныя пункты Буда-Кашалёўскага раёна Катэгорыя:Гусявіцкі сельсавет