Галілеа Галілей (; , Піза — , Арчэтры ў Фларэнцыі) — італьянскі філосаф, фізік, астраном, які аказаў значны ўплыў на навуку свайго часу. Ён першым выкарыстаў тэлескоп для назірання нябесных цел і зрабіў шэраг выдатных астранамічных адкрыццяў. Галілей — заснавальнік эксперыментальнай фізікі. Сваімі эксперыментамі ён пераканаўча абверг абстрактную метафізіку Арыстоцеля і заклаў падмурак класічнай механікі.

Пры жыцці быў вядомы як актыўны прыхільнік геліяцэнтрычнай сістэмы свету, што прывяло Галілея да сур'ёзнага канфлікту з каталіцкай царквой.

Біяграфія

Раннія гады Галілей нарадзіўся ў 1564 годзе ў італьянскім горадзе Піза, у сям'і радавітага, але збяднелага двараніна Вінчэнца Галілея, значнага тэарэтыка музыкі і лютніста. Поўнае імя Галілеа Галілея: Галілеа дзі Вінчэнца Бонаюці дэ Галілей (). Прадстаўнікі роду Галілеяў згадваюцца ў дакументах з XIV стагоддзя. Некалькі яго прамых продкаў былі прыёрамі (членамі кіруючага савета) Фларэнтыйскай рэспублікі, а прапрадзед Галілея, вядомы лекар, які таксама насіў імя Галілеа, у 1445 годзе быў абраны кіраўніком рэспублікі.

У сям'і Вінчэнца Галілея і Джуліі Аманаці было шасцёра дзяцей, але выжыць удалося чацвярым: Галілеа (старэйшаму з дзяцей), дочкам Вірджыніі, Лівіі і малодшаму сыну Мікеланджэла, які пазней таксама стаў вядомы як кампазітар-лютніст. У 1572 годзе Вінчэнца пераехаў ва Фларэнцыю, сталіцы Тасканскага герцагства. Кіруючая там дынастыя Медычы была вядома шырокім і пастаянным заступніцтвам мастацтву і навукам.

Пра дзяцінства Галілея вядома няшмат. З ранніх гадоў хлопчыка вабіла да мастацтва; праз усё жыццё ён пранёс любоў да музыкі і малявання, якімі валодаў у дасканаласці. У сталыя гады найлепшыя мастакі Фларэнцыі — Чыголі, Бранзіна і іншыя — раіліся з ім па пытаннях перспектывы і кампазіцыі; Чыголі нават сцвярджаў, што менавіта Галілею ён абавязаны сваёй славай. Па творах Галілея можна зрабіць таксама выснову пра наяўнасць у яго выдатнага літаратурнага таленту.

Пачатковую адукацыю Галілей атрымаў у размешчаным непадалёк манастыры Валамброза. Хлопчык вельмі любіў вучыцца і стаў адным з лепшых вучняў у класе. Ён абдумваў магчымасць стаць святаром, але бацька быў супраць.

У 1581 годзе 17-гадовы Галілей па патрабаванні бацькі паступіў у Пізанскі ўніверсітэт вывучаць медыцыну. Ва ўніверсітэце Галілей наведваў таксама лекцыі па геаметрыі (раней ён з матэматыкай быў зусім незнаёмы) і так захапіўся гэтай навукай, што бацька стаў асцерагацца, як бы гэта не перашкодзіла вывучэнню медыцыны.

Галілей прабыў студэнтам няпоўныя тры гады; за гэты час ён паспеў грунтоўна азнаёміцца з сачыненнямі антычных філосафаў і матэматыкаў і зарабіў сярод выкладчыкаў рэпутацыю неўтаймоўнага спрачальніка. Ужо тады ён лічыў, што мае права мець уласную думку па ўсіх навуковых пытаннях, не лічачыся з традыцыйнымі аўтарытэтамі.

Напэўна, у гэтыя гады ён пазнаёміўся з тэорыяй Каперніка. Астранамічныя праблемы тады жыва абмяркоўваліся, асабліва ў сувязі з толькі што праведзенай каляндарнай рэформай.

Неўзабаве фінансавае становішча бацькі пагоршылася, і ён аказаўся не ў стане аплачваць далей навучанне сына. Просьба вызваліць Галілея ад платы (такое выключэнне рабілася для самых здольных студэнтаў) была адхілена. Галілей вярнуўся ў Фларэнцыю (1585), так і не атрымаўшы навуковай ступені. На шчасце, ён паспеў звярнуць на сябе ўвагу некалькімі дасціпнымі вынаходствамі (прыкладам, гідрастатычнымі шалямі), дзякуючы чаму пазнаёміўся з адукаваным і багатым аматарам навукі, маркізам Гвідабальда дэль Монтэ. Маркіз, у адрозненне ад пізанскіх прафесараў, здолеў яго правільна ацаніць. Ужо тады дэль Монтэ казаў, што з часу Архімеда свет не бачыў такога генія, як Галілей. Захоплены незвычайным талентам юнака, маркіз стаў яго сябрам і апекуном; ён прадставіў Галілея тасканскаму герцагу Фердынанду I Медычы і хадайнічаў аб аплатнай навуковай пасадзе для яго.

У 1589 годзе Галілей вярнуўся ў Пізанскі ўніверсітэт, зараз ужо прафесарам матэматыкі. Там ён пачаў праводзіць самастойныя даследаванні па механіцы і матэматыцы. Праўда, пенсіён яму прызначылі мінімальны: 60 скуда ў год (прафесар медыцыны атрымваў 2000 скуда). У 1590 годзе Галілей напісаў трактат «Пра рух».

У 1591 годзе памёр бацька, і адказнасць за сям'ю перайшла да Галілеа. Найперш ён павінен быў паклапаціцца пра выхаванне малодшага брата і пра пасаг дзвюх незамужніх сясцёр.

У 1592 годзе Галілей атрымаў месца ў прэстыжным і багатым Падуанскім універсітэце (Венецыянская рэспубліка), дзе выкладаў астраномію, механіку і матэматыку. Па рэкамендацыйным пісьме венецыянскага дожа ўніверсітэту можна судзіць, што навуковы аўтарытэт Галілея ўжо ў гэтыя гады быў надзвычай высокі:

Усведамляючы ўсю важнасць матэматычных ведаў і іх карысць для іншых галоўных навук, мы марудзілі з прызначэннем, не знаходзячы годнага кандыдата. У наш час заявіў жаданне заняць гэта месца сіньёр Галілей, былы прафесар у Пізе, які карыстаецца вялікай вядомасцю і справядліва прызнаецца за самага дасведчанага ў матэматычных навуках. Таму мы з задавальненнем даём яму кафедру матэматыкі на чатыры гады з 180 фларынамі пенсіёну ў год.

Падуя, 1592—1610

Гады знаходжання ў Падуі — найболей плённы перыяд навуковай дзейнасці Галілея. Неўзабаве ён стаў самым знакамітым прафесарам у Падуі. Студэнты натоўпамі імкнуліся на яго лекцыі, венецыянскі ўрад бесперастанку даручаў Галілею распрацоўку рознага роду тэхнічных прылад, з ім актыўна перапісваюцца малады Кеплер і іншыя навуковыя аўтарытэты таго часу.

У гэтыя гады ён напісаў трактат «Механіка», які выклікаў некаторую цікавасць і быў перавыданы ў французскім перакладзе. У ранніх працах, а таксама ў перапісцы, Галілей даў першы накід новай агульнай тэорыі падзення цел і руху маятніка.

Нагодай да новага этапу ў навуковых даследаваннях Галілея паслужыла з'яўленне ў 1604 годзе новай зоркі, якая цяпер называецца Звышновай Кеплера. Гэта абуджае ўсеагульную цікавасць да астраноміі, і Галілей выступае з цыклам прыватных лекцый. Пазнаўшы пра вынаходства ў Галандыі глядзельнай трубы, Галілей у 1609 годзе ўласнаручна распрацоўвае першы тэлескопGalileo’s telescope reaches 400th anniversary: Галилей продемонстрировал созданный им телескоп 25 августа 1609 года. і скіроўвае яго ў неба.

Убачанае Галілеем было настолькі дзіўным, што нават праз многія гады знаходзіліся людзі, якія адмаўляліся паверыць у яго адкрыцці і сцвярджалі, што гэта ілюзія ці насланне. Галілей адкрыў горы на Месяцы, Млечны Шлях распаўся на асобныя зоркі, але асабліва ўразілі сучаснікаў выяўленыя ім 4 спадарожнікі Юпітэра (1610). У гонар чатырох сыноў свайго памерлага апекуна Фердынанда Медычы (памерлага ў 1609 годзе), Галілей назваў гэтыя спадарожнікі «Медычыйскімі зоркамі» (). Цяпер яны носяць больш прыдатную назву «галілеевых спадарожнікаў».

Свае першыя адкрыцці з тэлескопам Галілей апісаў у сачыненні «Зорны веснік» (), выдадзеным у Фларэнцыі ў 1610 годзе. Кніга мела сенсацыйны поспех па ўсёй Еўропе, нават каранаваныя асобы спяшаліся заказаць сабе тэлескоп. Некалькі тэлескопаў Галілей падарыў Венецыянскаму сенату, які ў знак падзякі прызначыў яго пажыццёвым прафесарам з акладам 1000 фларынаў. У верасні 1610 года тэлескопам абзавёўся Кеплер, а ў снежні адкрыцці Галілея пацвердзіў уплывовы рымскі астраном Клавіус. Настае ўсеагульнае прызнанне. Галілей становіцца самым знакамітым навукоўцам Еўропы, у яго гонар складаюцца оды, дзе ён параўноўваецца з Калумбам. Французскі кароль Генрых IV 20 красавіка 1610 года, незадоўга да сваёй гібелі, прасіў Галілея адкрыць і для яго якую зорку. Былі, аднак, і незадаволеныя. Астраном Франчэска Сіцы () выпусціў памфлет, дзе заявіў, што сем — дасканалы лік, і нават у галаве чалавека сем адтулін, так што планет можа быць толькі сем, а адкрыцці Галілея — ілюзія. Пратэставалі таксама астролагі і лекары, жалячыся на тое, што з'яўленне новых нябесных свяціл «пагібельнае для астралогіі і большай часткі медыцыны», бо ўсе звыклыя астралагічныя метады «акажуцца дашчэнту разбуранымі».

У гэтыя гады Галілей уступае ў грамадзянскі шлюб з венецыянкай Марынай Гамба (). Ён так і не абвянчаўся з Марынай, але стаў бацькам сына і дзвюх дачок. Сына ён у памяць пра бацьку назваў Вінчэнца, а дачок, у гонар сваіх сясцёр — Вірджыніяй і Лівіяй. Пазней, у 1619 годзе, Галілей афіцыйна ўзаконіў сына; абедзве дочкі скончылі жыццё ў манастыры.

Агульнаеўрапейская слава і патрэба ў грашах падштурхнулі Галілея на пагібельны, як пазней аказалася, крок: у 1610 годзе ён пакідае спакойную Венецыю, дзе ён быў недаступны для інквізіцыі, і перабіраецца ў Фларэнцыю. Герцаг Козіма II Медычы, сын Фердынанда, абяцаў Галілею ганаровае і прыбытковае месца дарадцы пры тасканскім двары. Абяцанне ён стрымаў, што дазволіла Галілею вырашыць праблему велізарных абавязкаў, назапашаных пасля выдачы замуж дзвюх яго сясцёр.

У навуцы Астраномія thumb|left|100|Выявы фаз месяца, намаляваныя Галілеем Горы на Месяцы. У свой тэлескоп Галілей разглядзеў на Месяцы горы і ўпадзіны, тым самым упершыню дапусціўшы падабенства Зямлі і Месяца, і абвергнуўшы вучэнні царквы і Арыстоцеля аб унікальным месцы Зямлі ў Сусвеце. Спадарожнікі Юпітэра. Галілеа Галілей стаў першым чалавекам, назіраўшым 4 спадарожнікі Юпітэра, што таксама супярэчыла вучэнню Арыстоцеля. Пазней спадарожнікі атрымалі наступныя імёны: Еўропа, Іо, Каліста і Ганімед. Іх прынята называць Галілеевымі. Плямы на Сонцы. Галілей упершыню назіраў плямы на Сонцы. Па іх перамяшчэнні ён зрабіў высновы пра тое, што Сонца верціцца вакол сваёй восі і дапусціў, што гэта вярчэнне з'яўляецца характэрным для ўсіх цел Сусвету. Фазы Венеры. Галілей стаў першым, хто назіраў у тэлескоп фазы Венеры.

Механіка У механіцы Галілей вывучаў інерцыю і свабоднае падзенне цел. Заўважыў, што паскарэнне свабоднага падзення не залежыць ад масы цела.

З'яўляецца заснавальнікам прынцыпа адноснасці ў механіцы. Сцвярджаў, што ў ізаляваных сістэмах пры аднолькавых пачатковых умовах працэсы працякаюць аднолькава.

Светапогляд Па філасофскіх поглядах, Галілей — матэрыяліст: ён лічыў, што свет матэрыяльны, складаецца з атамаў і падпарадкоўваецца механічнай прычыннасці, не мае меж у прасторы і часе; аснова ісцінных ведаў — вопыт, набыты ў вывучэнні прыроды.

Г. Галілей — адзін з заснавальнікаў навуковай касмалогіі — сучаснага эксперыментальна-тэарэтычнага прыродазнаўства.

Гл. таксама Эванджэліста Тарычэлі

Заўвагі

Крыніцы

Літаратура

Аб жыцці Галілея Чалавек і грамадства: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1998. ISBN 985-11-0108-7 Дмитриев И. С. Увещание Галилея // на pawet.net

Аб укладзе ў навуку

Спасылкі

Галилей — фигура эпохи Возрождения. Программа «Эха Москвы» из цикла «Всё так»

Телескоп Галилея, Астронет

Катэгорыя:Астраномы Італіі Катэгорыя:Фізікі Італіі Катэгорыя:Філосафы Італіі Катэгорыя:Вікіпедыя:Істотныя артыкулы