Барыс Давыдавіч (зг. 1216) — гіпатэтычны князь полацкі, вядомы толькі са звестак Васіля Тацішчава.

Князя Барыса Давыдавіча не згадваюць ні летапісы, ні заходнія крыніцы. Толькі Васіль Тацішчаў, са спасылкай на сваю выпіску з Полацкага летапісу, так званую «Аповесць пра Святохну», паведамляе пад 1217 годам, што князь Барыс ажаніўся другім шлюбам са Святохнай, дачкой паморскага князя Казіміра, і ў гэтым шлюбе меў сына Уладзіміра-Войцеха.

Святохна прыняла праваслаўе, але трымала пры сябе ксяндза. Ненавідзела сыноў Барыса з першага шлюбу — Васільку і Вячку, праз баяр наводзіла іх на думку прасіць у бацькі ўдзелаў з Дзвінскіх воласцей. Барыс неахвотна адпусціў сыноў, у адсутнасць пасынкаў Святохна спрабавала замяніць прыхільных да іх баяр на вышэйшых пасадах княства сваімі памаранамі.

Незадаволеныя палачане патрабавалі выгнання чужынцаў і вяртання старэйшых сыноў Барыса. Тады Святохна сфальсіфікавала ліст ад імя сваіх галоўных праціўнікаў -- тысяцкага Сімяона, пасадніка Воіна і ключніка Дабрыні, да пасынкаў з перакананнем скінуць бацьку са стальца, пакараць мачаху і зводнага брата Уладзіміра. Ліст перадалі князю Барысу, абвінавачаныя баяры кляліся ў нявіннасці, але прыхільнікі Святохны забілі іх. Шмат хто паверыў ў гэта, але Васілька Барысавіч здолеў выкрыць паклёп. У дзень Спаса палачане паўсталі па вечавым звоне, узялі Святохну схапілі, забілі або выгналі ўсіх памаран і, нічога не зрабіўшы князю Барысу, паслалі баяр па яго сына Васільку.

Звесткі Тацішчава выклікаюць сумненні. Па-першае, падазраюць, што гэта гістарычны памфлет на нямецкае засілле пры расійскім імператарскім двары ў часы Тацішчава. Па-другое, звесткі анахранічыя і маглі б апісваць сітуацыю апошняй чвэрці XII ст., але не пачатку XIII ст., падаць іх пад 1217 годам летапісец мог толькі з нейкай нагоды.

Нагодай імаверна выглядае смерць полацкага князя Уладзіміра ў 1216 годзе і невядомыя падзеі пасля яе, што магло зматываваць летапісца звярнуцца да ранейшай гісторыі.

Некаторыя даследчыкі лічаць, што Барыс Давыдавіч мог княжыць да Уладзіміра, то-бок кароткі час пасля Усяслава Васількавіча.

Многія радаводы атаясняюць сыноў Барыса — Васільку і Вячку, з гістарычна пэўнымі герцыкскім князем Усеваладам і кукенойскім князем Вячкам, што найбольш спрэчна адносна Усевалада.

Крыніцы

Літаратура Rymar Edward Rodowód książąt pomorskich. — Szczecin, 1995. — T.1. — 323 s. — S. 215, 218. Rymar Edward Rodowód książąt pomorskich. — Szczecin: Książnica Pomorska, 2005. — ss. 607: il., mapy. — ISBN 83-87879-50-9

Катэгорыя:Князі полацкія Катэгорыя:Памерлі ў XII стагоддзі Катэгорыя:Кіраўнікі Еўропы XII стагоддзя