Расо́на, Расонскае возера — возера ў Расонскім раёне Віцебскай вобласці ў басейне ракі Нешчарда, на паўднёва-заходняй ускраіне гарадскога пасёлка Расоны.

Гідраграфія Плошча паверхні 2,38 км². Найбольшая глыбіня 3,3 м, сярэдняя 2,1 м. Даўжыня 2,37 км, найбольшая шырыня 1,73 км. Даўжыня берагавой лініі 7,42 км. Аб’ём вады 4,93 млн м³. Плошча вадазбору 30,8 км².

Катлавіна возера рэшткавага тыпу. Схілы катлавіны вышынёй 2—6 м, месцамі да 1 м, разараныя, на паўднёвым захадзе пад лесам. Берагавая лінія звілістая. Берагі нізкія, пясчаныя, на паўночным захадзе і поўначы месцамі сплавінныя. Вакол возера пойма шырынёй 80—500 м. Дно плоскае, сапрапелістае, у прыбярэжнай частцы пясчанае. У цэнтры возера востраў плошчай 1 га.

Экалогія Возера эўтрофнае, слабапраточнае. Моцна зарастае. Надводная расліннасць пашырана да глыбіні 1,8 м, падводная да глыбіні 3 м. У возера ўпадаюць ручаі, выцякае рака Расонка.

У возеры водзяцца шчупак, лешч, лінь, мянтуз, плотка, краснапёрка і іншыя рыбы.

У літаратуры Возера згадваецца ў апавяданні «Рыбак Родзька» са зборніка «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» Яна Баршчэўскага.

Зноскі

Літаратура

Блакітны скарб Беларусі : энцыклапедыя / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. — Мн., 2007.

Спасылкі Возера Расона

Катэгорыя:Азёры Віцебскай вобласці Катэгорыя:Азёры Расонскага раёна