Максі́м Іва́навіч Гарэ́цкі (; 6 (18) лютага 1893, в. Малая Багацькаўка, Мсціслаўскі павет, Магілёўская губерня — 10 лютага 1938, Вязьма, Смаленская вобласць, НКУС) — беларускі пісьменнік, літаратуразнаўца, лексікограф, фалькларыст, публіцыст, палітык і грамадскі дзеяч. Удзельнік беларускага нацыянальна-вызваленчага руху пачатку XX стагоддзя. Адзін з пачынальнікаў беларускай нацыянальнай мастацкай прозы.
Аўтар аповесці «Дзве душы», дакументальна-мастацкіх запісак «На імперыялістычнай вайне», раманаў «Віленскія камунары» і «Камароўская хроніка». Напісаў першую «Гісторыю беларускае літаратуры», аўтар літаратурна-крытычнай працы «„Маладняк“ за пяць гадоў. 1923—1928», «Хрэстаматыі беларускае літаратуры. XI век — 1905 г.», «Руска-беларускага слоўніка» (з Гаўрылам Гарэцкім), «Беларуска-расійскага слоўнічка», «Практычнага маскоўска-беларускага слоўніка» (з Міколам Байковым).
Карыстаўся літаратурнымі псеўданімамі Максім Беларус, М. Б. Беларус, М. Г., А. Мсціслаўскі, Дзед Кузьма, Мацей Мышка, Мізэрыус Монус і іншымі; у сваіх творах таксама выступаў як Кузьма Батура і Лявон Задума.
Біяграфія
Паходжанне Максім Гарэцкі нарадзіўся ў сялянскай малазямельнай сям’і. Бацька — Іван Кузьміч Гарэцкі (1856—1945), многія гады служыў кухарам у пана Цэкерта ў Лонніцы на Смаленшчыне. Маці — Ахрасіння Іванаўна, па нараджэнні Папова (1864—1935), дачка панскага ткача са Слаўнага, сям’я лічылася заможнай. Калі адбыўся шлюб, Івану Кузьмічу было 28, а Ахрасінні Іванаўне — 20 гадоў. Абое былі непісьменнымі. Іван, які ўвесь час працаваў у паноў, стараўся і навучыўся размаўляць па-руску, Ахрасіння гаварыць па-руску саромелася, і так і не навучылася. Праз кароткі час па шлюбе Іван зноў паехаў служыць да пана Цэкерта. Ахрасіння ездзіла да мужа толькі ў госці, але зрэдку, бо было далёка.
У Івана і Ахрасінні нарадзіўся першы сын, якому далі імя Васіль, але крыху больш чым праз год ён памёр. Праз два гады нарадзіўся Іван (1880—1939). Наступнай была Марына, але хутка памерла з водры. У 1893 годзе нарадзіўся Максім. Пасля нарадзіліся блізняты Панас (памёр праз 4 тыдні) і Парфір (1896—1980), Гаўрыла (1900—1988), Ганна (1902—1922).
Раннія гады Першую навуку Максім Гарэцкі атрымаў у школе граматы ў вёсцы Вялікая Багацькаўка. Потым некалькі гадоў вучыўся ў сяле Вольша Аршанскага павета ў царкоўнапрыходскай школе. Ужо ў той час Гарэцкі пачынае цікавіцца беларускай літаратурай і пачынае свядома карыстацца беларускай мовай. У 1908 годзе Гарэцкі скончыў вучобу ў двухкласнай настаўніцкай школе ў Вольшы і атрымаў магчымасць быць настаўнікам, вучыць грамаце сялянскіх дзяцей. Аднак праз малы ўзрост Максім пакуль працуе на бацькоўскай гаспадарцы. У кастрычніку 1908 года прыехаў у Горкі, каб рыхтавацца да паступлення ў вучэльню. Жыў на вуліцы Зялёнай (цяпер вуліца Максіма Гарэцкага), дом Якаўлева. У Горках займаўся з рэпетытарам Крэерам. А. Крэер быў адным з арганізатараў у горадзе групы РСДРП, адзін з актыўных удзельнікаў рэвалюцыйнага руху ў Горках у 1903—1907 гадах, аднак пасля рэвалюцыі 1905—1907 гадоў адышоў ад руху і заняўся рэпетытарствам. Крэер меў вялікую бібліятэку, якой карысталіся не толькі вучні, але і навучэнцы сельскагаспадарчых вучэльняў, часам у яго праводзіліся літаратурныя вечары. У 1909 годзе Максім Гарэцкі паступіў у каморніцка-агранамічную вучэльню ў Горы-Горках, якую скончыў у 1913 годзе. У вучэльні пад кіраўніцтвам Максіма было створана невялікае таварыства аматараў беларускай літаратуры. Сябры гуртка пісалі невялікія допісы ў «Нашу Ніву». Гарэцкі адзін з першых пачаў пісаць па-беларуску карэспандэнцыі і малыя апавяданні з жыцця магілёўскіх сялян. Атрымаў у атэстаце наступныя адзнакі: агульнаадукацыйныя прадметы — выдатна, сельская гаспадарка — выдатна, землеўпарадкаванне — выдатна, прыродазнаўчыя прадметы — добра. У атэстаце таксама адзначаецца, што Максім Гарэцкі праявіў асаблівую цікавасць і аказаўся дасведчаным у геадэзіі і карэнным паляпшэнні ўгоддзяў. Па размеркаванні накіраваны ў Вільню, куды ён едзе ўвосень 1913 года.
Служба ў войску
Чарцёжнік, каморнік землеўпарадкавальных камісій Віленскай губерні (Вільня, 1913—1914). На пасадзе каморніка Гарэцкі правёў толькі адзін год. Ён меў намер авалодаць замежнымі мовамі, атрымаць атэстат сталасці і паступіць на гістарычна-філалагічны факультэт, аднак яму не ўдалося здзейсніць гэтыя планы. На той час адтэрмінаванне ад вайсковай службы каморнікам ужо скасавалі. Каб не ісці на службу звычайным салдатам на 3 гады, Гарэцкі пачынае адбыванне вайсковай павіннасці як Рускай імператарскай арміі. 1 ліпеня 1914 года яго накіравалі ў артылерыйскую брыгаду ў Вільню (2-я батарэя 27-й артылерыйскай брыгады), што супала з пачаткам Першай сусветнай вайны. Максім трапіў на фронт ужо 24 ліпеня і ўдзельнічаў у жорсткіх баях. Найбольш страшны бой быў 27 жніўня пад (Прусія), за гэты бой Гарэцкі быў узнагароджаны Георгіеўскім крыжам 4-й ступені. 25 кастрычніка пад Герытэнам быў паранены, ляжаў у шпіталі яўрэйскай абшчыны «Мішмэрэс хойлем» у Вільні, дзе яго наведалі бацька і брат Іван. У той час там працавала міласэрнай сястрой Алаіза Пашкевіч (Цётка). Праляжаў у шпіталі больш за два месяцы. Пасля Новага года паехаў у Багацькаўку. Пасля месяца дома паехаў у Мсціслаў, пазней у Маскву, дзе працаваў чарцёжнікам. Рана на назе зажывала дрэнна, гнаілася. Быў накіраваны ў шпіталь у . Атрымаў накіраванне ў шпіталь Магілёва. Перад тым як легчы ў шпіталь, вырашыў пабыць у Багацькаўцы, дзе пражыў з 3 красавіка да 20 траўня 1915 года. Тры месяцы праляжаў у шпіталі, дзе яму была зробленая аперацыя — хірург без наркозу шчыпцамі выцягнуў асколак з раны. Прыйшоў загад эвакуяваць усіх раненых у Маскву. Максіма Гарэцкага накіравалі ў шпіталь Маскоўскага біржавога і купецкага таварыства, дзе камісія прызнала яго здаровым і накіравала на фронт.
З Масквы павезлі ў Пскоў, дзе ён пражыў тры тыдні. У канцы кастрычніка пагналі праз Старую Русу, Гомель, Жлобін, Бабруйск, Асіповічы да Урэчча, а адтуль пехатой у Слуцк і далей — па 20 км у дзень — у сваю батарэю, куды дабраўся 15 лістапада.
У студзені 1916 года пасланы вучыцца ў Паўлаўскае ваеннае вучылішча ў Петраградзе, дзе атрымаў чын прапаршчыка. Па заканчэнні вучылішча (пачатак чэрвеня) накіраваны ў Іркуцк. Па дарозе на некалькі дзён заехаў у Малую Багацькаўку, пасля ў Смаленск да брата Парфіра, якога тут рыхтавалі на фронт. Адпраўлены ў Гжацк, дзе тры месяцы чакаў адпраўкі на пазіцыю.
У канцы 1916 года адпраўлены на фронт, трапіў у раён пінскіх балот, дзе сустрэў Лютаўскую рэвалюцыю. Там быў прызначаны ў камісію па рэквізіцыі сена ў сялян, але не любіў гэтай працы і адпрасіўся ў акопы. Вясной 1917 года захварэў на востры гастрыт, месяц быў у палявым шпіталі, потым эвакуяваны ў Арол, адтуль у Маскву, дзе праляжаў усё лета, а ўвосень адпраўлены на лячэнне ў Жалезнаводск.
У лістападзе 1917 года прыехаў у Смаленск, дзе камісіяй вызначаны нестраявым. Тут сустрэў Кастрычніцкую рэвалюцыю. Па сумяшчальніцтве пачаў працаваць у газеце «Известия Смоленского Совета депутатов», потым перайшоў туды на сталую працу. Лета і пачатак восені прабыў у Багацькаўцы. У кастрычніку вярнуўся ў Смаленск. У Смаленску тады жыў Янка Купала, які часта запрашаў Максіма ў госці. Разам з Янкам Купалам у кастрычніку 1918 года запісаўся слухачом факультэта гісторыі мастацтваў Смаленскага аддзялення Маскоўскага археалагічнага інстытута. Вучобу хутка кінуў, бо не было часу хадзіць на лекцыі. Адзначаецца яго добрае знаёмства з Вільгельмам Кнорыным у Смаленскім савеце. Працуе ў Смаленску камендантам жыллёвага аддзела, дзе кіраваў рэквізіцыяй «лішкаў жытла ў буржуазіі» (1918), паралельна, потым і стала супрацоўнічаў у мясцовых газетах «Западная коммуна», «Звязда» (са жніўня 1918, запрошаны на сталую працу ў «Звязду» Кнорыным пасля абвяшчэння ССРБ). Супрацоўнічаў з газетай «Дзянніца».
Віленскі перыяд
Разам з рэдакцыяй «Звязды» пераехаў у Менск, потым у Вільню (пачатак студзеня 1919). Пры раптоўным захопе Вільні польскім войскам (21 красавіка 1919) апынуўся на акупаванай тэрыторыі. Настаўнік беларускай мовы і літаратуры Віленскай беларускай гімназіі, таксама выкладчык Беларускіх настаўніцкіх курсаў і Вышэйшых літоўскіх педагагічных курсаў. У гімназіі пазнаёміўся з будучай жонкай, Леанілай Чарняўскай, настаўніцай пачатковых класаў. 16 ліпеня 1919 года яны павянчаліся ў Прачысценскім саборы. Максім спачатку жыў на кватэры ў Леанілы на , дзе яна жыла з маці, а потым яны атрымалі кватэру на Вастрабрамскай вуліцы каля будынка Беларускай гімназіі.
Супрацоўнічаў з газетай «Беларускія ведамасці», «Беларускі звон». Рэдактар і выдавец газеты «Наша думка» (снежань 1920 — ліпень 1921), «Беларускія ведамасці» (з верасня 1921). Максім Гарэцкі быў сябрам Таварыства беларускай школы, Беларускага навуковага таварыства, Беларускага выдавецкага таварыства. Разам з Сымонам Рак-Міхайлоўскім, Антонам Луцкевічам, Аркадзем Смолічам, Францішкам Аляхновічам і іншымі беларускімі дзеячамі стаў ініцыятарам скаўцкага руху ў Віленскай беларускай гімназіі. У 1919 годзе пачала дзейнічаць Народная рада БНР, старшынёй якой стаў Пятро Крачэўскі, а Максім Гарэцкі ўвайшоў у склад прэзідыума.
12 ліпеня 1920 года ў Маскве быў падпісаны Маскоўскі дагавор РСФСР з Літвой, згодна з якім Літве перадаваліся этнаграфічныя беларускія землі: Віленскі край з Вільняй, а таксама Горадня, Ліда, Смаргонь, Ашмяны, Нарач, Браслаўскія азёры. Максім Гарэцкі напісаў «Пісьмо беларускага дзеяча т. Міцкевічу-Капсукасу», спадзеючыся, што ён будзе адстойваць беларуская інтарэсы, ведучы змаганне з «ковенскімі імперыялістамі». У стрыманай форме Гарэцкі крытыкуе маскоўскіх бальшавікоў, якія «крамсаюць Беларусь», пры ўсякай нагодзе квапяцца на беларускія землі. Вельмі вострую крытыку аўтар скіроўвае на «ковенскіх імперыялістаў», «літоўскіх акупантаў» і «іх пісак-публіцыстаў, якія цынічна гавораць аб беларускіх адраджэнцах». Гарэцкі даказваў, што ні «ковенскія імперыялісты», ні «польскія паны» не маюць права на беларускія землі.
У 1921 годзе найбольш уплывовай беларускай арганізацыяй Сярэдняй Літвы быў Віленскі беларускі нацыянальны камітэт, які імкнуўся да стварэння Вялікага Княства Беларуска-Літоўскага. Сярод найбольш вядомых сяброў лічыўся Максім Гарэцкі. Таксама ў 1921 годзе быў створаны Беларускі дзяржаўны камітэт, старшынёй якога стаў Антон Луцкевіч, сакратаром — Браніслаў Тарашкевіч, сябрамі — Адам Станкевіч, Фабіян Ярэміч, Максім Гарэцкі, Сымон Рак-Міхайлоўскі, Аркадзь Смоліч, Эдвард Будзька. Расчараваўшыся, Гарэцкі разам з Сымонам-Рак-Міхайлоўскім выйшаў з Беларускага дзяржаўнага камітэта пасля некалькіх сходаў.
У студзені 1922 года перад выбарамі ў быў арыштаваны польскімі ўладамі як цяжкі палітычны злачынца. Быў абвінавачаны ў прыналежнасці да партыі камуністаў, арганізацыі замаху на дзяржаўную ўладу, друкаванай і вуснай агітацыі, атрыманні грошай ад камуністаў. Такія дзеянні паводле польскага крымінальнага кодэкса маглі карацца смерцю або катаргай. Зняволены ў Лукішскай турме ў Вільні. У выніку пратэстаў за мяжой супраць масавых арыштаў беларускіх і літоўскіх дзеячоў прымусова з іншымі арыштаванымі дзеячамі высланы ў Літву. Сябры Беларускага нацыянальнага камітэта Гарэцкі, Карабач, Краскоўскі, Пракулевіч і іншыя накіраваліся ў Коўна. Ковенскі ўрад і ўрад БНР Вацлава Ластоўскага прынялі іх добразычліва. Літоўцы прапанавалі Краскоўскаму заняць пасаду міністра беларускіх спраў пры ковенскім урадзе, але супраць гэтага быў Ластоўскі. На пасадзе беларускага міністра Ластоўскі хацеў бачыць Гарэцкага, але Гарэцкі, так і Краскоўскі не прынялі прапанаванай пасады і выехалі ў Латвію.