Джошуа Рэ́йналдс, Рэйнальдс (; , Плімптан, Вялікабрытанія — ) — англійскі жывапісец, тэарэтык мастацтва. Адзін з лідараў англійскага партрэта XVIII ст. Арганізатар Брытанскай акадэміі мастацтваў.
Біяграфічныя звесткі У 1740—1743 гг. вучыўся ў Лондане ў Т. Хадсана. Вывучаў творы Рэмбранта, Рубенса, венецыянскі жывапіс XVI ст. Працаваў у Дэваншыры і Лондане. З 1748 года галоўны мастак караля. У 1749—1752 гг. вандраваў па Еўропе.
Дзейнасць сэра Д. Рэйналдса адыграла важную ролю ў культурным жыцці Англіі. Ён быў першым прэзідэнтам Брытанскай акадэміі мастацтваў і заставаўся на гэтай пасадзе да канца сваіх дзён. Прамовы, з якімі мастак выступаў раз у два гады на ўрачыстых пасяджэннях у акадэміі, ператвараліся ў сапраўдныя трактаты-маніфесты, дзе паслядоўна разглядаліся пытанні эстэтыкі, тэорыі мастацтва, майстэрства. У доме Д. Рэйналдса бывалі буйныя палітычныя дзеячы, пісьменнікі, акцёры, вучоныя, военачальнікі. Таму героямі большасці яго твораў станавіліся прадстаўнікі вышэйшых колаў тагачаснага грамадства.
Творчасць
Д. Рэйналдс пераасэнсаваў традыцыі барокаЯ. Шунейка (2001). Ён будаваў складаныя кампазіцыі, часта звяртаўся да сюжэтнай завязкі, уводзіў у выявы багатае акружэнне, шматлікія дэталіБ. Лазука (2010).
Самы плённы перыяд дзейнасці Д. Рэйналдса пачаўся з 1760-ых г. У той час ён напісаў партрэты пісьменніка Стэрнг (1760), герцагіні Гамільтон-Арджыл (1760), Нэлі о'Брайн (1762), «Гарыка паміж музамі трагедыі і камедыі» (1760—1761), лорда Хітфілда (1787). Але найбольш значным творам з'яўляецца партрэт славутай англійскай актрысы — «Сара Сіданс як муза трагедыі» (1784). Яго пабудова вызначаецца тонкім кампазіцыйным разлікам, заснаваным на кантрасце цёмнага фону і выхапленай з цемры, ярка асветленай постаці актрысы. Сара Сіданс паказана ў адной з роляў, у акружэнні алегарычных фігур Злачынства і Пакарання. Спалучэнне ўмоўнага і рэальнага стварае той адзіна магчымы настрой, які дазваляе зразумець, што гэта партрэт драматычнай актрысы.
У 1770—1780-ых г. Д. Рэйналдс звяртаўся да сюжэтных кампазіцый — гістарычных і міфалагічных сцэн. Так, па заказу Кацярыны II ён напісаў у 1788 годзе палатно «Немаўля Геракл, які ўдушае змей», што павінна было сімвалізаваць магутнасць Расійскай імперыі. Падобны заказ быў атрыманы і ад князя Р. Пацёмкіна. Але ў дадзеным выпадку быў абраны гістарычны сюжэт, дзе расказана, як палкаводзец Сцыпіён Афрыканскі вярнуў дачку пераможанага ім цара яе жаніху.
У гэты ж час мастак стварыў карціну «Венера і Амур» (1788). Сваіх персанажаў мастак пісаў з канкрэтных людзей. Напрыклад, у паказанай побач з калыскай і немаўлём Гераклам жанчыне ўгадваюцца рысы Сары Сіданс, а ў Венеры — вядомай прыгажуні натуршчыцы Эмы Лаён.
У тэарэтычных работах выказаў нарматыўна-класіцыстычныя погляды на прыроду мастацтва.
Гл. таксама Таварыства дылетантаў
Літаратура Лазука Б. Гісторыя сусветнага мастацтва. XVII—XVIII стагоддзі / Б. А. Лазука. — Мн.: Беларусь, 2010. ISBN 978-985-01-0899-9
Farrington, «Memoires of the life of Sir Joshua Reynolds» (Лондан, 1809); Leslie and Taylor, «Life and times of Reynolds» (2 т., Л., 1864—1865). Collins, «Sir Joshua Reynolds as portrait-painter» (Л., 1873). Chesneau, «Joshua Reynolds» (П., 1887). Cl. Phillips, «Sir Joshua Reynolds» (Л., 1893).
Спасылкі
Катэгорыя:Члены Каралеўскай акадэміі мастацтваў Катэгорыя:Мастакі-партрэтысты Вялікабрытаніі Катэгорыя:Прыдворныя мастакі Катэгорыя:Мастакі Вялікабрытаніі