Гафній () Hf — хімічны элемент IV групы перыядычнай сістэмы, атамны нумар 72, атамная маса 178,49. Складаецца з 6 ізатопаў з масавымі лікамі 174, 176—180. Належыць да рассеяных элементаў, у зямной кары знаходзіцца (3—4)∙10​−4 % па масе. Адкрыты ў 1923 годзе венгерскім хімікам Дзёрдзьем Хевешы і нідэрландскім фізікам Дзіркам ​Костэрам, названы па месцы адкрыцця — г. Капенгаген.

Бліскучы серабрыста-шэры пластычны метал, існуе ў 2 крышталічных мадыфікацыях: гексаганальнай α-Hf і кубічнай β-Hf (вышэй за 1740 °C). Шчыльнасць 13 350 кг/м³, tпл каля 2230 °C. Кампактны гафній устойлівы ў паветры, парашкападобны пірафорны (гл. Пірафорныя рэчывы). Па хімічных уласцівасцях падобны да цырконію. Пры тэмпературы вышэй за 700 °C з кіслародам утварае дыаксід HfO2, (белыя крышталі, tпл 2780 °C), пры 200—400 °C з галагенамі — тэтрагалагеніды (напрыклад, тэтрахларыд HfCl4 — бясколерныя крышталі, тэмпетура вазгонкі 315 °C), пры высокіх тэмпературах з азотам, борам, крэмніем, вугляродам — металападобныя тугаплаўкія злучэнні (напрыклад, нітрыд HfN — залаціста-жоўтыя крышталі, tпл 3310 °C). Злучэнні гафнію атрымліваюць пры вытворчасці цырконію з руднай сыравіны, металічнага гафнію — аднаўленнем HfCl4 магніем ці кальцыем. Выкарыстоўваюць як матэрыял для рэгулюючых стрыжняў і аховы ядзерных рэактараў, кампанент гарачатрывалых і тугаплаўкіх сплаваў у авіяцыі і ракетнай тэхніцы. Літаратура

Катэгорыя:Хімічныя элементы Катэгорыя:Металы