Ко́брын () — горад у Брэсцкай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Кобрынскага раёна, на сутоках Кобрынкі і Мухаўца. За 52 км ад Брэста. Чыгуначная станцыя на лініі Брэст — Гомель. Вузел аўтамабільных дарог на Мінск, Брэст, Пінск, Ковель, Маларыту.

Назва У 1287 годзе ўпамінаецца з формай назвы Кобрынь, такая ж форма запісана і ў 1589 годзе. Географ Вадзім Жучкевіч лічыў, што назва паходзіць ад вядомай з «Аповесці мінулых часоў» назвы племя обраў, а пачатковае К- называе ўстаўным гукам. У гэтым плане, заўважае ён, можна было бы прасачыць паходжанне літоўскага kobrinti «цяжка, стомлена ісці, цягнуцца».В. А. Жучкевич. Краткий топонимический словарь Белоруссии. Минск, 1974. С. 163—164. Обры — відазмененая назва авараў, з якімі з VI стагоддзя н.э. змагалася славянскае племя дулебаў, што былі сярод продкаў сучасных чэхаўА. С. Кибинь. Дулебы и обры (авары) Повести временных лет // Петербургский исторический журнал. № 3. 2017. С. 152.. Існуюць таксама кельцкая (Юзаф Сташэўскі) — ад кельцкага імя Кобрынус, і славянская (Алег Трубачоў) — ад складання прэфікса к (ко) з брьние «бруд» (як у назве чэшскага Брно), версіі паходжання назвы, якія згадвае Вадзім ЖучкевічВ. А. Жучкевич. Краткий топонимический словарь Белоруссии. Минск, 1974. С. 164..

Назва паселішча ўтвораная ад назвы ракі Кобрынкі (< Кобрына), на ўтоку якой у Мухавец паўстала паселішча. Гідронім балцкага (магчыма, яцвяжскага) паходжання. Найбліжэйшы аналаг — назва ракі Кобрына (варыянт: Кобрын), правага прытока Дняпра адразу на поўдні ад Кіева (пасля вусця ракі Стугны). Недалёка ад Кобрыны (цераз Дняпро) — НедраП. Л. Маштаков. Список рек днепровского бассейна. С.-Петербург, 1913. С. 52—53.. Гэта адзін з самых паўднёвых балцкіх гідронімаў. Прускі тапонім Kobrun (назва лесу ў прускай Натангіі, засведчаная пад 1354 годзе) паходзіць ад пр. kaāubri «калючка»G. Gerullis. Die altpreußischen Ortsnamen. Berlin / Leipzig, 1922. C. 67..

Гісторыя Першы пісьмовы ўспамін пра Кобрын як уладанне князёў уладзіміра-валынскіх змяшчаецца ў Іпацьеўскім летапісе і датуецца 1287 годам:

У пачатку XIV стагоддзя паселішча далучылася да Вялікага Княства Літоўскага. З 1366 года Кобрын знаходзіўся ва ўладанні вялікага князя Альгерда. На працягу XIV ст. на месцы старажытнага дзядзінца і пасада збудавалі драўляныя замкі (існавалі да канца XVIII стагоддзя). У 1404 годзе горад стаў сталіцай княства, што знаходзілася ва ўладанні Рамана Ратненскага, пачынальніка роду князёў Кобрынскіх. Пад 1465 годам упершыню згадваецца Спаскі манастыр. У першай палове XVI стагоддзя ў горадзе збудавалі касцёл.

У 1519 годзе Кобрын стаў цэнтрам староства, а ў 1520 годзе — сталіцай павета Падляшскага ваяводства. З 1532 года горад знаходзіўся ва ўладанні каралевы і вялікай княгіні Боны Сфорца, за якой юрыдычна аформілася Кобрынская эканомія і пачаліся меліярацыйныя работы (канал каралевы Боны). Станам на 1563 год, паводле рэвізіі, у Кобрыне было 377 двароў; асноўныя вуліцы — Астрамецкая, Балоцкая, Брэсцкая, Пінская, Ратненская, Чаравачыцкая; дзейнічалі касцёл, 3 праваслаўныя царквы, Спаскі манастыр. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) горад страціў павятовы статус і ўвайшоў у склад Берасцейскага павета Берасцейскага ваяводства.

У 1586 годзе Кобрын перайшоў да каралевы-ўдавы і вялікай княгіні Ганны Ягелонкі, дачкі Боны Сфорцы і Жыгімонта Старога, якая адрознівалася актыўнасцю ў палітычных і гаспадарчых справах. 10 снежня 1589 года яна надала гораду магдэбургскае права, каб стымуляваць развіццё рамёстваў і гандлю і павялічыць даходнасць гарадской гаспадаркі, а таксама пячатку і герб: «у срэбным полі выява святых Ганны і Марыі з немаўлём Ісусам на руках». У 1589 годзе Ганна Ягелонка асабіста прыбыла ў горад і ўрачыста ўручыла жыхарам прывілей, падпісаны нядаўна абраным каралём Жыгімонтам ІІІ Вазам (1587—1632). Кобрын меў магдэбургскае права да 1766 года. У 1596 годзе Спаскі манастыр прыняў унію.

У пачатку XVII ст. у Кобрыне было больш за 1,5 тыс. жыхароў, каля 500 дамоў. Станам на 1597 год горад складаўся з асноўнай тэрыторыі і Замухавецкага прадмесця, налічваў 550 сядзібных участкаў. У цэнтры была рыначная плошча з ратушай і 32 участкамі забудовы. У 1626 годзе адбыўся Кобрынскі сабор, пры Спаскім манастыры адкрылася школа.

У 2-й палове XVII — пачатку XVIII стагоддзя Кобрын значна пацярпеў ад ваенных канфліктаў і прыйшоў у заняпад. У верасні 1648 года казацкія атрады акружылі Кобрын і разбілі харугву стольніка Вінцэнта Корвін Гасеўскага, практычна ўвесь горад быў спалены. У сярэдзіне XVII стагоддзя ў горадзе налічвалася каля 1700 жыхароў, 478 дамоў.

З-за страты эканамічнага значэння ў 1766 годзе яго перавялі ў разрад мястэчак. У 1784 годзе тут знаходзіўся кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, які накіроўваўся на адкрыццё Каралеўскага канала. Станам на 1790 год у Кобрыне было 2160 жыхароў і 360 дамоў. У 1791 годзе Кобрын зноў стаў сталіцай павета. 14 верасня 1794 года расійскія войскі Аляксандра Суворава разбілі пад Дзівінам перадавыя аддзелы паўстанцаў Тадэвуша Касцюшкі і занялі горад.

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Кобрын апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, дзе стаў цэнтрам павета. Імператрыца расійская Кацярына II падаравала колішні магдэбургскі горад Сувораву.

У вайну 1812 года 27 ліпеня пад Кобрынам расійскія войскі здабылі першую перамогу над арміяй Напалеона. Станам на 1817 год тут было 326 будынкаў, з іх 4 камяніцы. У 1845 годзе гораду даравалі новы, расійскі герб. У 1882 годзе пачаўся рух на лініі Палескай чыгункі Пінск — Жабінка, у Кобрыне з’явілася чыгуначная станцыя. У 1895 годзе пажар знішчыў трэць горада. У пачатку XX стагоддзя ў Кобрыне было 25 камяніц і 1202 драўляныя будынкі, дзейнічалі 2 праваслаўныя царквы, касцёл, сінагога і некалькі яўрэйскіх малітоўных школ, павятовае вучылішча, прыходскае вучылішча з жаночай зменай, прыватнае жаночае 1-класнае вучылішча, яўрэйскае жаночае вучылішча і некалькі хедараў.

У 1915 годзе Кобрын быў акупаваны нямецкімі войскамі, а ў 1919 годзе заняты польскай арміяй. Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) Кобрын апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам павета Палескага ваяводства.

Пасля пачатку Другой сусветнай вайны ў 1939 годзе Кобрын увайшоў у БССР, дзе ў 1940 годзе стаў цэнтрам раёна. З 23 чэрвеня 1941 года да 20 ліпеня 1944 года горад знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй. Падчас вайны немцы ўчынілі генацыд яўрэйскага насельніцтва горада, якое складала тады 70 % жыхароў. У паваенны перыяд горад бурна развіваецца, хутка расце насельніцтва. У 1959 годзе ў горадзе было 13,7 тысяч жыхароў, у 1970 годзе — 24,9 тысяч жыхароў.

4 студзеня 2002 года Кобрынскі раён і горад Кобрын аб'яднаны ў адну адміністрацыйна-тэрытарыяльную адзінку — Кобрынскі раён з адміністрацыйным цэнтрам горад Кобрын.

У ліпені 2024 года вуліца Каліноўскага была перайменавана мясцовым Саветам дэпутатаў у вуліцу Пятра Машэрава, для гэтага існуючую вуліцу Пятра Машэрава перайменавалі ў вуліцу Яловую. Перайменаванне адбылося ў межах чарговай хвалі русіфікацыі, пачатай рэжымам Лукашэнкі пасля палітычнага крызісу 2020 года.

Насельніцтва

XIX стагоддзе: 1817 год — 1 427 чал., з іх 899 іўдаісты; 1848 год — 1 673 чал.; 1878 год — 7 789 чал. (4 405 муж. і 3 384 жан.), у тым ліку 2 876 праваслаўных, 473 каталікі, 4 431 іўдзей, 9 магаметан; 1897 год — 10 355 чал. XX стагоддзе: пачатак ХХ стагоддзя — 8 998 чал., з іх паводле саслоўя: мяшчан 6 131, цэхавых 1 389, шляхты 211, купцоў 204, духоўнікаў 88, ваенных 238, сялян 537, іншых станаў 200; паводле веры: праваслаўных 2 100, каталікоў 585, пратэстантаў 232, іўдзеяў 6 036, іншых веравызнанняў 46; 1907 год — 8 754 чал.; 1921 год — 8 208 чал.; 1931 год — 10 101 чал.; 1956 год — 11 тыс. чал.; 1959 год — 13,7 тыс. чал.; 1970 год — 24,9 тыс. чал.; 1972 год — 26,3 тыс. чал.; 1991 год — 49,4 тыс. чал.; 1996 год — 51,6 тыс. чал. XXI стагоддзе: 2004 год — 50,8 тыс. чал.; 2006 год — 50,5 тыс. чал.; 2008 год — 51,1 тыс. чал.; 2009 год — 51,3 тыс. чал.; 2009 год — 51 166 чал. (перапіс); 2016 год — 52 655 чал.; 2017 год — 52 964 чал.

Эканоміка Прадпрыемствы машынабудаўнічай, харчовай, лёгкай прамысловасці, вытворчасці будаўнічых матэрыялаў. Гасцініцы «Беларусь», «Сувораў». Кобрын — цэнтр турызму нацыянальнага значэння.

ААТ «САЛЕА-Кобрын»

Культура

Дзейнічаюць 2 бібліятэкі, кінатэатр, дом культуры, Кобрынскі ваенна-гістарычны музей імя А. В. Суворава.

Адукацыя У Кобрыне працуюць Кобрынскі дзяржаўны політэхнічны каледж, 8 сярэдніх, гімназія, музычная і спартыўная школы, пачатковая школа — дзіцячы садок, школа-інтэрнат, установы дадатковай адукацыі. Працуюць 14 дзіцячых садоў.

Медыцына Медыцынскія паслугі аказвае гарадская бальніца, паліклініка, дзіцячыя бальніца і паліклініка.

Забудова

Планаванне і забудова Кобрына маюць шматвекавую гісторыю. Ля месца ўпадзення рэчкі Кобрынкі ў Мухавец у старажытнасці заклалі першае ўмацаванне, на якім пазней збудавалі Верхні і Ніжні замкі. У канцы XVIII — XIX стагоддзях цэнтр Кобрына забудоўваўся цаглянымі двухпавярховымі жылымі дамамі, ніжнія паверхі якіх прызначаліся для крам і майстэрань.

Славутасці

Мікалаеўская царква Петра-Паўлаўская царква Касцёл Ушэсця Найсвяцейшай Панны Марыі Аляксандра-Неўскі сабор Царква ў гонар Раства Хрыстова Спаскі манастыр (1497) Свята-Георгіеўская царква (1889) Сядзібны дом Кобрынская сінагога (другая палова XIX ст.) Паштовая станцыя (1846) Дняпроўска-Бугскі канал Парк імя Суворава

Страчаная спадчына

Замак (XIV ст.) Касцёл (1513)

Узнагароды У 2025 годзе да 80-й гадавіны заканчэння Вялікай Айчыннай вайны горад Кобрын узнагароджаны вымпелам «За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны».

Гарады-пабрацімы Враца, Балгарыя Гларус, Швейцарыя Ільцэн, Германія Ліўны, Расія Ціхарэцк, Расія Бельск Падляскі, Польшча Мендзыжац Падляскі, Польшча Кахул, Малдова Каніў, Украіна Ківэрці, Украіна Ковэльскі раён, Украіна

Вядомыя асобы

Міраслаў-Віктар Карлавіч Астрамецкі (нар. 1936) — беларускі мастак. Анатоль Міхайлавіч Гуль (нар. 1928) — беларускі архітэктар. Оскар Зарыскі, амерыканскі матэматык Дзмітрый Аляксандравіч Пархачаў, беларускі футбаліст Наталля Радзіна, журналістка і галоўны рэдактар апазіцыйнага сайта Хартыя'97 Аляксандр Дзмітрыевіч Сідарук, беларускі дыпламат Ігар Хведаравіч Сідарук, беларускі пісьменнік і драматург Алег Анатолевіч Стральчонак, беларускі вучоны ў галіне біяарганічнай хіміі Аляксандр Паўлавіч Амельянюк (нар. 1964) — беларускі палітык.

Ганаровыя грамадзяне Кобрына Фёдар Максімавіч Алісіевіч (1964) Праскоўя Сямёнаўна Сідарук (1964) Леанід Міхайлавіч Сандалаў (1966) Дзмітрый Кузьміч Барысаў (1974) Ілья Майсеевіч Падбярэзін (1974) Уладзімір Мікалаевіч Кірмановіч (1987) Іван Фёдаравіч Мілаянін (1987) Пётр Дзянісавіч Сялюк (1987) Аляксей Міхайлавіч Мартынаў (1997)

Гл. таксама Пазнай Кобрын

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі

Пазнай Кобрын. Энцыклапедыя і даведнік па гораду Кобрыну Віртуальнае падарожжа па горадзе на сайце Турыстычны Кобрын Мапа славутасцей Кобрына