Хо́йнікі () — горад у Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці. Месціцца за 103 км на паўднёвы захад ад Гомеля. Чыгуначная станцыя на адгалінаванні Васілевічы — Хойнікі лініі Калінкавічы — Гомель; аўтамабільныя дарогі на Рэчыцу, Калінкавічы, Брагін.

Назва Напэўна, тапонім «Хойнікі» паходзіць ад «хвоя», «хваёвыя лясы». Але гэтую назву атрымала паселішча, якое паўстала ў нізіне, сярод балота, дзе хвоя (сасна), прынамсі суцэльна, не расце. Найбольш верагодна, на тое, першае за гарою, сяло была перанесеная назва ўзвышша, калісьці парослага хваёвым лесам, якое месцілася (ёсць і зараз, але даўно разаранае) на поўнач ад сяла Брагінскай воласці Лісцвін. Жыхары апошняга «дубровы собе на поля розробили и вычертили»Спиридонов М. Ф. Акт о разделе имения Брягин. 1574 г. // Беларускі археаграфічны штогоднік. Вып. 1. — Мінск, 2000. С. 192, адкуль і гэткая назва, кантрастная з будучай мястэчкавай. Таму, відавочна, і сімволіка сучасных Хойнікаў збольшага адпаведная не іх месцазнаходжанню побач з хвайнікамі, як здаўна меркавалася, а набытай імі назве, даволі дзіўнай для паселішча, узніклага на краю балота.

Арыгінальная форма назвы — «Хвоиники», пазней паланізаваная. Адбылося гэта не адразу. У XVII і XVIII ст. у большасці ўжо выпадкаў выкарыстоўвалася форма Chojniki. Але, напрыклад, яшчэ і ў канцы 1790 года пра Караля Прозара, як аднаго з кумоў пры здзяйсненні таямніцы хросту сына сужэнцаў Клішэўскіх у Барбарове, у лацінамоўных метрычных кнігах Юравіцкага касцёла запісана, што ён «з Хвойнікаў» (de Chwoyniki)С. Бельскі. Пра назвы Хвойнікі/Хойнікі і Лісцвін.

Была і няўдалая спроба пана Мікалая Харлінскага ў пачатку XVII стагоддзя пераназваць мястэчка і ўвесь маёнтак у Новы Харленж на гонар Харленжу — гнязда яго роду ў Люблінскім ваяводстве («dobra Chojniki czyli Nowy Charlęż» — 1618 г., «m. Nowy Charlęż», але «wieś Chojniki» — 1623 г.; зрэдку ў дакументах Харлінскіх сустракаліся і «Chwojniki» — 1600 г., 1618 г.)Źródła dziejowe (далей: ŹD). T. XXI. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym. T. X. Ziemie ruskie. Ukraina (Kijów — Bracław). /Opisane przez Aleksandra Jabłonowskiego. — Warszawa, 1894. S. 57, 234, 279, 281, 637.

Аднак, праз некалькі гадоў рыма-католікаў Харлінскіх заступіў новы ўладальнік кальвініст М. Абрамовіч, пазней праваслаўны М. Бжазоўскі, далей незацікаўленыя ў перайменаваннях рыма-католікі Шуйскія, і тую спробу спасціг лёс іншых новых назоваў, якія мусілі — пісаў А. Ябланоўскі — «przed żywotnością starych ustąpi滏D. T. XXII. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym. T. XI. — Warszawa, 1897. S. 176—177.

Паводле Часлава Пяткевіча, які жыў на Палессі ад свайго нараджэння ў 1856 годзе і, згодна з аўтографам, на працягу 36 наступных, а апошні раз наведаў мястэчка ў 1912 годзе, тутэйшы люд звычайна называў яго «Хвайнікамі»Pietkiewicz Cz. Chojniki // Ziemia: Ilustrowany miesięznik krajoznawczy. — Warszawa, 1927. T. 12. № 1-24. S. 249—252.

Гісторыя

Вялікае Княства Літоўскае

Найранейшая згадка пра Хойнікі (у арыгінале, мусіць, — Хвоиники) датавана 3 днём чэрвеня 1504 года, калі кароль польскі і вялікі князь літоўскі Аляксандр сваім прывілеем, вылучыўшы іх і Астраглядавічы з усімі прылегласцямі з Брагінскай воласці, падараваў на вечныя часы за вайсковыя заслугі пану Сямёну Фёдаравічу Палазовічу («Полазу Русаку, слаўнаму казаку», як назваў яго польскі храніст XVI ст. Марцін БельскіKronika Marcina Bielskiego. T. II (Księga IV, V). /Wydanie Józefa Turowskiego. — Sanok, 1856. S. 950.). Вядомая яна, як самы даўні дакумент з польскамоўнага вопісу архіва князёў Шуйскіх са збору «Archiwum Prozorów i Jelskich», што захоўваецца ў фондах Галоўнага архіву старых актаў у Варшаве. А абмежаванне Брагінскай воласці (альбо «hrabstwa» ў кнізе Мазырскага гродскага суда 1776 года) ад 7 сакавіка 1512 года, якое выконвалася на загад караля Жыгімонта Старога дзеля чалабітнай князя Міхаіла Васільевіча Збаражскага, было адначасова і размежаваннем яе з добрамі пана Сямёна ПалазовічаArchiwum Główny Akt Dawnych w Warszawie. Archiwum Prozorów i Jelskich (далей: AGAD. APiJ). Sygn. 1. S. 3, 4, 200. Sygn. 2. S. 78. Мяжа тады прайшла на поўдзень ад Хойнікаў, а менавіта з паўднёвага захаду, ад астравоў Дронькі, Кажушкі, на паўночны ўсход, паўз угоддзі брагінскага сяла Лісцвін у накірунку сяла, таксама брагінскага, Дамамірка. Астраглядавічы з прылегласцямі апынуліся ўнутры яе, што выклікала пярэчанні з боку пана Фёдара (у тэксце: Хвядоса) Палазовіча, бацькі ўладальнікаНГАБ у Мінску. Ф. 1728. Воп. 1. Спр. 19. А. 1049—1050 адв..

Адміністрацыйна Хойнікі належалі спачатку да Брагінскай воласці Кіеўскага павета і аднайменнага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. Іх і Астраглядавічаў уладальнікамі ад пачатку XVI ст. і да 1860-х гадоў (маёнтку — да 1887 года) паслядоўна былі паны Палазовічы, князі Любецкія, паны Харлінскія, Абрамовічы (Абрагамовічы), Бжазоўскія, князі Шуйскія, паны ПрозарыБельскі С. В. З гісторыі ўладароў і маёнткаў Брагіншчыны XVI—XVIII стст. С. 12 — 18.

3 сакавіка 1532 года кароль Жыгімонт адмысловым лістом загадаў ваяводсе Андрэю Неміровічу маёнткі нябожчыка Сямёна Палазовіча (у іх ліку «Хвойники, Остроглядовичи, Новоселки»), якія той паспеў прыгарнуць да Кіеўскага замку, вярнуць яго зяцю князю Дзмітрыю Раманавічу Відыніцкаму (Любецкаму).

У снежні 1556 года князь Дзмітрый Любецкі, не жадаючы прызнаць віну ўласных падданых «о подране бчол и о збите людей монастырских» (лыскоўскіх сялян кіеўскага Свята-Міхайлаўскага Залатаверхага манастыра), скардзіўся ў сваю чаргу на іх: «…и я, дей, теж сам и люди мои кузцовские и хвойницкие от подданых церковных так веле кривды нам…»Документальна спадщина Свято-Михайлівського Золотоверхого монастиря у Києві XVI—XVIII ст. З фондів Національної бібліотеки України імені В. І. Вернадського. Зб. док. [Текст] / Ю. А. Мицик, С. В. Сохань, Т. В. Міцан, І. Л. Синяк, Я. В. Затилюк — Київ, 2011. С. 363. Дачка князя Дзмітрыя і Фенны Палазоўны, сястра нябожчыка князя Богуша, таксама Фенна, пасля смерці мужа Мельхіёра Насілоўскага ўзяла шлюб з панам Шчасным Харлінскім герба «Бонча» і ў снежні 1568 года запісала на яго «именя свое отчизные, дедизные, материстые у повете Киевскомъ лежачие, тоестъ… Хойники, Остроглядовичи, Новоселки…»Архив Юго-Западной России (далей: Архив ЮЗР). Ч. 8. Т. 6. Акты о землевладении в Юго-Западной России XV—XVIII стст. — Киев, 1911. С. 224—227.

Напярэдадні падпісання акту Люблінскай уніі ўказам караля Жыгімонта Аўгуста ад 6 чэрвеня 1569 года Кіеўскае ваяводства (у т. л. Хойнікі) было далучана да Кароны ПольскайVolumina Legum. Tom II. — Petersburg: Nakładem i drukiem Józafata Ohryzki, 1859. S. 84 — 87; Падалінскі У. // Беларускі гістарычны агляд. — 2012. Т. 19. С. 329—337 (Рэцэнзія на кн.: Litwin H. Równi do równych: kijowska reprezentacja sejmowa 1569—1648. — Warszawa, 2009).

Карона Каралеўства Польскага 27 снежня 1586 года пан Шчасны Харлінскі, падкаморы кіеўскі, падаў судовы іск да ўдавы княгіні Аляксандравай Вішнявецкай за насланне людзей на добра Астраглядавічы, Хойнікі, Багушы і Паселічы, гвалтоўны вывад адтуль дзедзічных падданых з іх жонкамі, дзецьмі і ўсімі хатнімі рэчамі, ды ў вёсках свайго Брагінскага маёнтку пасяленнеAGAD. APiJ. Sygn. 1. S. 6. У 1598 годзе сейм прызначыў Ш. Харлінскага адным з камісараў у справе размежавання ziemie Kiiowskiey Кароны і Мазырскага павета Вялікага Княства ЛітоўскагаConstitucię seymu walnego Koronnego Warszawskiego, MDXCVIII. — W Krakowie, w Architypografiiey Króla Ieo M. y Kościelney, Lazarzowey, MDXCVIII. S. 20; Volumina Legum. S. 372. У актах трыбунальскіх што да Кіеўскага ваяводства, у дакуменце ад 22 чэрвеня 1600 года засведчаная нязгода пана Шчаснага Харлінскага з тым, як размежаваныя грунты яго Астраглядавічаў, Навасёлак, Хвойнікаў з прыналежнымі князю Адаму, сыну Аляксандра, Вішнявецкаму сёламі Мікулічы, Веляцін, Лісцвін, а таксама яго Багушэвічаў (Багушоў), Плоскага, Паселічаў, Хойнік, Навасёлак з прыналежнымі князю Міхаілу, сыну Міхаіла, Вішнявецкаму Глухавічамі, Бабчынам, з тым, як падзеленыя дубровы, урочышчы, з папсаваннем старых памежных знакаўŹD. T. XXI. S. 57. 20 чэрвеня 1600 года падкаморы Шчасны Харлінскі выдаў сыну свайму Мікалаю zapis wieczysty, у Люблінскім трыбунале прызнаны, на добра ў ключы Астраглядаўскім (а гэта і Хойнікі), на двор з 5 пляцамі ў КіевеAGAD. APiJ. Sygn. 1. S. 46 — 47. З імёнамі суджэнства Мікалая і Гелены (Гальшкі) Харлінскіх звязана заснаванне яшчэ да 1622 года касцёла ў АстраглядавічахAGAD. APiJ. Sygn. 1. S. 51; гл. таксама Хойнікшчына і стварэнне першай у рэгіёне каталіцкай парафіі. Недзе зтаго часу Хойнікі апынуліся ў складзе Оўруцкага павета. Размежаванне Кіеўскага ваяводства Кароны і Мазырскага павета Вялікага Княства Літоўскага ў снежні 1621 — студзені 1622 года засведчыла, як на сённяшні дзень, унікальную сітуацыю: тагачасныя мястэчка і вёску Хойнікі М. Харлінскага паны камісары аднеслі да Кароны, а сяло і двор Настолле пана Іскарастынскага — да Вялікага Княства ЛітоўскагаŹD. T. XX: Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym; T. IX. — Warszawa, 1894. S. 96 — 97; Крикун Н. Г. Административно-территориальное устройство Правобережной Украины в XV—XVIII вв. — Киев, 1992. С. 142—145.

У 1627 годзе пані Гальшка Мікалаевая Харлінская склала тэстамэнт, паводле якога добра Астраглядавічы (г. зн. і Хойнікі) пераходзілі ў пасэсію да яе зяця-кальвініста Мікалая Абрагамовіча, ваяводсіча смаленскагаAGAD. APiJ. Sygn. 1. S. 56. У 1628 г. пан Мікалай Абрагамовіч z Chwoynik, з 11 дымоў плаціў па 3 злотых, з 2-х агароднікаў па 1 злотаму і 6 грошаўАрхив ЮЗР. Ч. 7. Т. 1. Акты о заселении Юго-Западной России. — Киев, 1886. С. 397. Пры гэтым будучаму генералу артылерыі ВКЛ яшчэ доўга давялося ўлагоджваць спадчынныя і проста маёмасныя непаразуменні з іншымі Харлінскімі — панамі Станіславам, Юрыем і Шчасным, а таксама з панам Мадлішэўскім, з якім пані Гальшка ўзяла шлюб.

Хойніцкая царква на тыя часы ўжо была ўніяцкай. У метрычныя кнігі Астраглядаўскага касцёла трапіў запіс ад 26 лютага 1635 г., паводле якога presbiter choynicensis Лука Чачотка (Чачот) ахрысціў Леона Яна, сына харунжага пяцігорскага Рэмігіяна і Петранэлі з Бахановічаў Маеўскіх, а кумамі былі пісар земскі мазырскі Самуэль Аскерка, знакаміты ваярСагановіч Г. Невядомая вайна: 1654—1667. — Мінск: Навука і тэхніка, 1995. С. 141, і панна Марыяна Міткевічаўна. Гэты ж святар згаданы ў запісе 1640 г. А ў 1692, 1715, 1722 г. настаяцелем хойніцкім названы Анікій Чачотка. Абодва здзяйснялі абрады ў Хойніках і ЗагалліНГАБ. Ф. 1781. Воп. 27. Спр. 202. А. 150адв. — 151.

24 снежня 1642 года ад імя пана Мікалая Абрамовіча, кашталяна мсціслаўскага, складзены запіс wieczystej przedarzy пагразлых у даўгах добраў Астраглядавічы і Хойнікі пану Максіміліяну Бжазоўскаму, падстолію кіеўскаму, аб чым пан Лукаш Мадлішэўскі выказваў клопат яшчэ ў лісце ад 29 чэрвеня 1641 годаAGAD. APiJ. Sygn. 1. S. 67 Найбольш верагодна, што менавіта М. Бжазоўскі напярэдадні «хмяльніччыны» збудаваў у паўсталых на краю балота Хойніках умацаваную сядзібу, званую замкам, дзеля абароны скарбу ад уласных сялянаў, казакоў ды суседзяў — паноў-братоў шляхты. 26 сакавіка 1651 года на загад польнага гетмана літоўскага князя Януша Радзівіла, каб не дайшло да масавага паказачвання тутэйшых жыхароў, у мястэчку Хойнікі размясціўся аддзел жаўнераў ротмістра Курпскага. У лісце да князя пан Курпскі паведамляў, што стаў у мясціне надта дрыгвяністай, з зусім паганымі пераправамі, і як бы давялося біцца, то не адно коннаму, але і пешаму недзе развярнуцца — навокал балоты. Тут, маўляў, не тое аўса, сена не здабыць, надта край заўбогім стаў. Але яны з жаўнерамі так-сяк трываюць у нястачы, абы вяскоўцы не ўцякалі з сваіх гасподаў. Прасіў падмогі, бо тут адно хіба лічыцца што пяць харугваў, а папраўдзе і на тры сотні ці набярэцца. Яшчэ даслаў з Хойнік да гетманскага табару двух палонных казакоў сотні Дарашэнкавай палку НябабыДжерела з історії Національно-визвольної війни українського народу 1648—1658 рр. Т. 2 (1650—1651). — Київ, 2013. С. 109, 110, 129, 431.