Лаго́йск () — горад у Мінскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Лагойскага раёна, на рацэ Гайна. Месціцца за 40 км ад Мінска, 31 км ад чыгуначнай станцыі Смалявічы (лінія Мінск — Орша). Аўтамабільныя дарогі на Мінск, Лепель, Смалявічы, Барысаў, Маладзечна. Каля горада праходзіць аўтамагістраль Мінск — Віцебск. Горад-спадарожнік Мінска.

Назва Тапонім «Лагойск» утварыўся паводле традыцыйнай схемы праз суфікс -ск. У час заснавання паселішча такія назвы былі даволі пашыранымі. Праўда, практычна няма выпадкаў, калі б за аснову бралася нейкая асаблівасць ландшафту, таму пашыраная думка пра ўтварэнне тапоніму ад слова «лог» С. 207.Э. М. Мурзаев. Словарь народных географических терминов. Москва, 1984. С. 345. выглядае сумнеўна. Часцей за ўсё імёны паселішчаў паходзілі ад назваў рэчак. Існуе меркаванне, што назву «Лагожаск» магло атрымаць паселішча, якое першапачаткова існавала недзе ля сутокаў Лагазінкі і ГайныЛемцюгова В. Беларуская айканімія: лінгвіст. аналіз назваў насел. пунктаў Мін. вобл. / В. П. Лемцюгова; Акад. навук БССР, Ін-т мовазнаўства. — : Навука і тэхніка, 1970. — 156 с. — С. 92. (за 8 км ад сучаснага горада). Пазней яго маглі перанесці на новае, больш зручнае месца, захаваўшы пры гэтым старую назву (такая практыка пераносу паселішчаў была даволі звыклай у той час).

Варыянты напісання назвы ў гістарычных крыніцах: Лагожск, Лагожаск.

Гісторыя

Ранняе Сярэднявечча

Паселішча на р. Гайна ўзнікла раней, чым звесткі пра Лагойск трапілі ў пісьмовыя крыніцы. На правым беразе р. Гайна (цяпер — Парк культуры і адпачынку) размешчана гарадзішча.

Першы пісьмовы ўспамін пра Лагойск змяшчаецца ў «Павучанні» Уладзіміра Манамаха і датуецца 1078 годам: «Пожог землю и, повоевав до Лукомля и до Логожьска, та на Дръютъск воюя». У апошняй чвэрці XI стагоддзя паселішча далучана да Полацкага княстваШтыхаў, Г. В. Лагойск / Г. В. Штыхаў // Археалогія Беларусі: энцыклапедыя: у 2 т. / [склад. Ю. У. Каласоўскі; рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.]. Т. 2: Л — Я. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2009. — 492, c. — С. 5. — ISBN 978-985-11-0354-2.. У 1127 годзе князь кіеўскі Мсціслаў Уладзіміравіч у часе выправы на Полацк разрабаваў Лагойск, узяў у палон жыхароў і перадаў яго Ізяславу Мсціславічу. У 1132 годзе вернуты дынастыі полацкіх князёў. У 1180 годзе горад зрабіўся сталіцай удзельнага княства.

Вялікае Княства Літоўскае

У першай чвэрці XIV стагоддзя Лагойск далучыўся да Вялікага Княства Літоўскага. Тут існаваў праваслаўны манастыр Іаана Прадцечы. У 1387 годзе вялікі князь Ягайла надаў яго ў валоданне свайму брату Скіргайлу. З 1392 года Лагойск перайшоў ва ўладанне вялікага князя Вітаўта. У «Спісе гарадоў далёкіх і блізкіх» (канец XIV стагоддзя) Лагойск значыцца сярод «літоўскіх» замкаў. У 1413 годзе мясцовасць увайшла ў склад Віленскага ваяводства. З часоў княжання Казіміра Лагойскам валодалі Чартарыйскія. У 1505 годзе крымскія татары спалілі і разрабавалі мястэчка, у тым ліку замак.

З 1528 года, дзякуючы шлюбу, Лагойск перайшоў да Тышкевічаў, якія ўладкавалі тут сваю рэзідэнцыю. З гэтага часу мястэчка зрабілася цэнтрам графства. З 1531—1532 гадоў быў адноўлены замак. У 1532 года тут адбудавалі спаленую татарамі замкавую Богаяўленскую царкву, пры царкве існаваў манастыр. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) Лагойск увайшоў у склад Менскага павета Менскага ваяводства. У часы войнаў Маскоўскай дзяржавы з Вялікім Княствам Літоўскім (1512—1522, 1534—1537), і ў вайну 1654—1667 гадоў мястэчка пэўны час (у 1519, 1535, 1654 гадах) знаходзілася пад маскоўскай акупацыяй.

У 1609 годзе навуковец Аляксандр Тышкевіч фундаваў у Лагойску першы парафіяльны касцёл, у якім праводзілася пахаванне тутэйшай лініі роду. У 1673 годзе кароль і вялікі князь Міхал Вішнявецкі надаў мястэчку прывілей на штотыднёвы гандаль і два штогадовых кірмашы.

У часы Вялікай Паўночнай вайны (1700—1721) 6 мая 1708 года шведскае войска заняла Лагойск і спаліла замак. У 1752 годзе на месцы зруйнавага замка Аляксандр Тышкевіч збудаваў новую царкву і заснаваў кляштар базылянаў. У 1787 годзе ён жа распачаў будову мураванага касцёла, асвечанага ў 1793 годзе.

У складзе Расійскай імперыі У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Лагойск апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, дзе стаў цэнтрам воласці Барысаўскага павета Мінскай губерні. Станам на 1795 год тут было 90 хрысціянскіх і 26 іўдзейскіх двароў, каталіцкі касцёл, грэка-каталіцкая царква ў гонар Св. Міколы і базылянскі кляштар; 9 мая, 6 жніўня і 6 снежня праводзіліся кірмашы. Мястэчка было цэнтрам маёнтку, якім супольна валодалі былы рэферэндар і Вінцэнт Тышкевіч і кашталян жамойцкі Станіслаў Тышкевіч. У 1809—1860 гадах у мястэчку дзейнічала Лагойская палатняна-папяровая мануфактура. Выпускала палатно, баваўняныя і льняныя хусцінкі. У 1859 годзе мела 12 станкоў і 2 машыны. У 1860 годзе працавала каля 60 чалавек. Выпускала да 50 і больш тысяч аршынаў палатна рознага колеру і ўзору. Прадукцыя збывалася ў Мінску і Рызе.

У 1814—1819 гадах тут збудавалі двухпавярховы палац (будынак падарвалі ў канцы Другой сусветнай вайны). У 1837 годзе пачала працаваць ткацкая фабрыка, таксама дзейнічала невялікая фабрыка сельскагаспадарчых прылад з жалезаплавільнай майстэрняй. Канстанцін Тышкевіч заснаваў у мястэчку банк для мяшчан і сялян, але праз пэўны час фабрыку і банк закрылі. У 1842 годзе браты Канстанцін і Яўстах Тышкевічы стварылі музей старажытнасцей, на аснове калекцыі якога ў 1855 годзе заснавалі Віленскі музей старажытнасцей.

Станам на 1861 год у Лагойску працавалі шкіпінарны і медны заводы. Паводле вынікаў перапісу (1897) у Лагойску працавалі народнае вучылішча, гарбарны завод, вадзяны млын, 14 крамаў, рэгулярна адбываліся 3 кірмашы.

Найноўшы час У 1919 годзе Лагойск увайшоў у БССР, дзе 17 ліпеня 1924 года стаў цэнтрам раёна. 27 верасня 1938 года паселішча атрымала афіцыйны статус пасёлка гарадскога тыпу. У Другую сусветную вайну з 2 ліпеня 1941 года да 2 ліпеня 1944 года пасёлак знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй.

У 1998 годзе Лагойск атрымаў статус горада.

У 2007 годзе ў склад Лагойска ўключана вёска Луцаўшчына.

Насельніцтва

XIX стагоддзе: 1897 год — 2296 чал. XX стагоддзе: 1979 год — 5,3 тыс. чал.; 1995 год — 10 тыс. чал. XXI стагоддзе: 2009 год — 10.706 чал.; 2015 год — 12.376 чал.; 2016 год — 12.739 чал.; 2017 год — 12.950 чал.

Эканоміка Прадпрыемствы дрэваапрацоўчай, харчовай прамысловасці. Гасцініца «Алімп». Лагойск — цэнтр турызму нацыянальнага значэння.

Транспарт 28 лютага 2026 года Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка прапанаваў звязаць Лагойск з Мінскам чыгуначным транспартам, каб развіваць горад як спадарожнік сталіцыЛукашэнка прапанаваў звязаць Лагойск з Мінскам чыгуначным транспартам.

Культура Гісторыка-краязнаўчы музей імя К. і Я. Тышкевічаў.

Славутасці Касцёл Святога Казіміра Парк Тышкевічаў (першая палова XIX ст.) Лагойская Мікалаеўская царква (1824 г.) Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі і Святога Казіміра Лагойскае замчышча Лагойскія гарадзішчы Помнік Надзеі Якаўлеўне Харчанка (1974 г.) Скульптура Божай Маці «Знаменне» (2016 г.)

Страчаная спадчына У будынку лагойскай «Замкавай» царквы перад дзвярамі знаходзіўся надмагільны камень Астафея Васільевіча Тышкевіча (памёр у 1558 годзе), адкуль ён у 1858 годзе быў вывезены Яўстахам Тышкевічам у Віленскі музей старажытнасцей пры бібліятэцы Віленскага ўніверсітэта. Ён змяшчаў кароткі надпіс «В лѣто Бож•(аго) нӕр.(оженя) | •а•ф•ни• (1558) м(еся)ца• а|вгүста ѕ҃. (6) днӕ | в пѧтницу/• пре|ставшӕ Ѡст|афеи Василевич | Тишкович.»Дзяніс Лісейчыкаў. Надмагільныя камяні з «рускімі» надпісамі XVI—XVII стст. каля вёскі Малькавічы .

Вядомыя асобы Ісраэль Белкінд (1861—1929) — яўрэйскі грамадскі дзеяч і асветнік, заснавальнік руха Білу. Васіліса Марзалюк — беларуская спартсменка. Міхаіл Фёдаравіч Навіцкі (1933—1979) — беларускі жывапісец. Вячаслаў Селях-Качанскі (1885—1976) — беларускі оперны спявак, тэатральны дзеяч, педагог Канстанцін Тышкевіч — беларускі археолаг, гісторык, этнограф XIX стагоддзя. Яўстах Тышкевіч — беларускі археолаг, гісторык, этнограф XIX стагоддзя. Яўгенія Адамаўна Дзяркач (нар. 1940) — беларускі пісьменік. Алесь Шут (1952—2019) — беларускі лекар, палітык і грамадскі дзеяч.

Гл. таксама Лагожскае княства

Заўвагі

Літаратура

Спасылкі

Лагойск — Рэгіянальны партал Здымкі Лагойску на Radzima.org

Надвор’е ў горадзе Лагойск

Катэгорыя:Гарады-спадарожнікі Мінска