Міхаі́л Бары́савіч (1453 або 1457, Цвер — не пазней за 1505) — апошні суверэнны вялікі князь цвярскі (1461—1485), пазней эмігрант у Вялікім Княстве Літоўскім.
Біяграфія Заняў велікакняжацкі сталец малалетнім па смерці бацькі, вялікага князя Барыса Аляксандравіча. Спрабаваў працягваць бацькаву палітыку захавання незалежнасці Цвяры з падтрымкай ВКЛ. Аднак кароль Казімір, нягледзячы на дамовы 1449 і 1484 гадоў, не аказаў дзейнай падтрымкі, што прычынілася да страты Цвер’ю незалежнасці.
У жніўні 1485 года вялікі князь маскоўскі Іван III, перакананы ў бяздзейнасці з боку ВКЛ, распачаў ваенныя дзеянні і аблажыў Цвер. Цвярское баярства здрадзіла вялікаму князю Міхаілу Барысавічу і ў большасці перайшло на бок Масквы. У ноч на 12 верасня 1485 года вялікі князь цвярскі ўцёк з абложанага горада ў ВКЛ. Такім чынам, апошняя традыцыйна саюзная ВКЛ дзяржава ва Усходняй Еўропе знікла, што неўзабаве дало магчымасць Маскве перайсці да наступальных дзеянняў непасрэдна супраць ВКЛ (вайна Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1492—1494 гадоў). У 1486 годзе вялікі князь Міхаіл Барысавіч з невялікім дапаможным вялікалітоўскім атрадам беспаспяхова спрабаваў вярнуць сабе сталец.
Апошнія 20 гадоў жыцця вялікі князь Міхаіл Барысавіч быў у ВКЛ, кампенсацыяй за страчаныя ўладанні атрымаў ад караля Казіміра значныя грашовыя сумы, а таксама маёнтак Пячыхвосты на Валыні і вялікую латыфундыю на поўдні Слонімскага павета (Ласасіная, Бялавічы, Гошчава і іншыя). Не адыгрываў заўважнай палітычнай ролі.
Першы шлюб (1470—1483) узяў з Соф’яй, дачкой кіеўскага князя Сямёна Алелькавіча. Другі шлюб, паводле няпэўных звестак, з дачкой кагосьці з Радзівілаў. Застаўся, аднак, бяздзетным. Пасля смерці вялікага князя Міхаіла Барысавіча яго ўладанні ў ВКЛ перайшлі князю Васілю Глінскаму.
У Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі захоўваецца партрэт Міхаіла Барысавіча, які паходзіць з Нясвіжскай галерэі Радзівілаў. Ёсць думка, што такая атрыбуцыя хутчэй легендарная, бо партрэтаваны нагадвае магнатаў пачатку XVII ст.
Літаратура
Бондаренко А. А. Попытка реванша великого князя Михаила Борисовича Тверского осенью 1486 года // История России с древнейших времен до XXI века: проблемы, дискуссии, новые взгляды: сб. статей. М., 2024. С. 20–30. Борзаковский В. С. История Тверского княжества. — СПб., 1876. Жизневский А. К. Портрет тверского великого князя Михаила Борисовича. — Тверь, 1889. Клюг Э. Княжество Тверское (1247—1485) / Пер. с нем. — Тверь, 1994.
Катэгорыя:Князі цвярскія Катэгорыя:Рурыкавічы Катэгорыя:Рускія князі XV стагоддзя