Друкарня Мамонічаў была заснавана ў Вільні Пётрам Мсціслаўцам на сродкі магілёўскіх купцоў Мамонічаў у 1574 годзе. У ёй былі надрукаваны ад 80 да 100 кніг, з іх каля паловы — па-старабеларуску. Кнігі вызначаліся высокім паліграфічным і мастацка-арнаментальным аздабленнем.
Была адзінай беларускай друкарняй, якая выпускала зборнікі заканадаўчых актаў, у тым ліку Статут ВКЛ, «Трыбунал абывацелям Вялікага Княства Літоўскага», канстытуцыі «вальных» соймаў.
Пачатак працы У маі 1574 года ў хаце Лукаша і Кузьмы Мамонічаў была арганізаваная друкарня Пётра Мсціслаўца. Матэрыяльную дапамогу Мсціслаўцу аказвалі таксама актыўныя прыхільнікі праваслаўя браты Зарэцкія. Маёмасць Мсціслаўца ў друкарні не выкарыстоўвалася.
Першая кніга — літургічнае «Евангелле напрастольнае» — выйшла 30 сакавіка 1575 года. Кніга мела «густоўнага рысунку» шрыфт, які праектаваў, выразаў ды адліў для сваёй друкарні сам Мсціславец. Мова кнігі, як выдання прызначанага для богаслужэбнага ўжытку ў праваслаўных цэрквах, была царкоўнаславянская. 16 студзеня 1576 года выйшаў «Псалтыр», пасля — «Часовник».
Як вынікае з пасляслоўяў да выдадзеных кніг, Пётр Мсціславец за галоўных ініцыятараў і мецэнатаў стварэння друкарні ўважаў братоў Івана і Зянова Зарэцкіх, якія былі багатымі і ўплывовымі прадстаўнікамі тагачаснага купецкага стану ў Вільні ды займалі адказныя адміністрацыйна-дзяржаўныя пасады.
Пасля таго, як у 1576 годзе каралём стаў зацяты каталік і заступнік езуітаў Стэфан Баторый, паміж Мсціслаўцам і Мамонічамі пачаўся канфлікт. Паводле пастановы суду друкарскае абсталяванне было прысуджанае Мсціслаўцу, а выдадзеныя кнігі — Кузьме Мамонічу пасля сплаты ім Мсціслаўцу 30 копаў грошаў «личбы литовское». Пастанова суду так і не была выкананая, таму ў 1577 годзе суд паўторна вынес вырак і прызначыў штраф. Друкарня была апячатаная і не працавала.
Далейшых звестак пра жыццё i дзейнасць Мсціслаўца не захавалася. Праз 20 гадоў ад віленскае судовае справы яго шрыфты з’явіліся на Валыні, у Астрожскай друкарні.
Па Мсціслаўцы
Пасля гэтага чарговыя кнігі друкуюцца іншым шрыфтом, што можа сведчыць пра спагнанне судом належнага Мсціслаўцу друкарскага абсталявання.
У 1582 годзе ў Вільню прыяжджаў з Львова заблудавец Грынь Івановіч, памочнік Івана Федаровіча Масквіціна, які нарэзаў і адліў Мамонічам два камплекты шрыфтаў — адзін буйнейшы, другі меншы, курсіўны. Гэты шрыфт заставаўся адзіным кірылічным курсіўным шрыфтам ажно да 1730-х гадоў.
У 1583 годзе дзейнасць друкарні была ўзноўленая пад кіраўніцтвам Кузьмы Мамоніча, яго брата Лукі і сына Кузьмы Льва (Лявона Кузьміча). Магчыма, з імі супрацоўнічаў віленскі друкар Васіль Гарабурда, які выдаў у 1582 (або 1580) годзе Актоіх.
Да падпісання Берасцейскай царкоўнай уніі 1596 года друкарня збольшага абслугоўвала патрэбы праваслаўных братэрстваў, братэрскіх школ, цэркваў, простых местачкоўцаў. Выпускаліся багаслоўскія і літургічныя выданні, кнігі для чытання, публіцыстычныя творы, падручнікі, зборнікі заканадаўчых актаў, выданні прававога характару, канстытуцыі вальных соймаў, палемічныя творы Іпація ПацеяЛев Мамонич — белорусский поэт и книгоиздатель конца XVI — начала XVII веков .
З XVII стагоддзя друкарня забяспечвала патрэбы выключна ўніятаў. Справамі распараджаўся Лявон Кузьміч Мамоніч, імя якога ў выходных звестках выданняў з’явілася ў 1609 годзе. Адсутнасць кніг для праваслаўных сведчыць пра адхіленне Кузьмы і Лукі Мамонічаў ад спраў і пераходу кіраваннем у рукі Лявона. Па смерці Кузьмы 16 ліпеня 1607 года Лявон успадкаваў друкарню.
За часы існавання друкарні Мамонічаў з яе выйшлі каля 100 рэлігійных і свецкіх выданняў у беларускай, царкоўнаславянскай і польскай мовах. Матэрыялы друкарні часткова перайшлі ва ўласнасць віленскай Траецкай друкарні.
Пасля 1624 года Лявон Мамоніч перадаў друкарню ордэну базыльянаў, на яе базе была заснавана Віленская Троіцкая друкарня, якая праіснавала да пачатку XIX ст.
Статут ВКЛ
Трэці статут ВКЛ друкаваўся тут у 1588, 1592—1593, 1594—1595 гадах.
Для выдання Літоўскага Статуту Мамонічы набылі Львоўскую друкарню Івана ФедаровічаКузьма Мамонич. Календарь истории Великого княжества Литовского. Для друку быў выкарыстаны кірылічны курсіўны шрыфт Грыня Івановіча, пры стварэнні якога за ўзор было ўзятае тагачаснае беларускае скорапіснае пісьмо віленскай вялікакняжаскай канцылярыі.
У 1614 і 1619 гадах з друкарні Мамонічаў выходзілі пераклады Статуту на польскую мову.
Выданні
Пётра Мсціслаўца «Евангелле напрастольнае» (1575) «Псалтыр» (1576) «Часоўнік» (1576)
Мамонічаў «Службоўнік» (1583; шрыфт скапіраваны са шрыфту Мсціслаўца) «Зборнік» (1585; выданне прысвечанае канцлеру Валовічу) «Псалтыр з аднаўленнем» (1586; копія Псалтыра, выдадзенага Іванам Федаровічам у друкарні ў Заблудаве ў 1570 годзе) «Кграматыка словеньска языка» (8 кастрычніка 1586 года; пераклад працы сербскага аўтара XIV стагоддзя пра восем часцін мовы, складзены паводле грэчаскіх узораў. У паслямоўі сказана, што падручнік выдадзены на просьбу жыхароў Вільні) «Дыялектыка» (каля 1586) «Трыбунал абывацелям Вялікага Княства Літоўскага» (1586, у 1614 годзе выйшла выданне на польскай мове) «Статут ВКЛ» (1588; у 1614 годзе выйшла выданне на польскай мове «Буквар» (1590-я, 1618, 1621) «Евангелле» (1600; два выданні ў адзін год. Спрошчаны варыянт Евангелля Мсціслаўца) «Малітвы паўсядзённыя» (1601) «Апалогія фларэнційскага сабора» (1604) Язэп Руцкі. «Тэзісы» (1608) «Гармонія… ўсходняй царквы з касцёлам рымскім» (каля 1608) «Трыёдзь каляровая» (1609; копія маскоўскага выдання 1591 года) «Трыёдзь посная бяз выхаду» (каля 1609; копія маскоўскага выдання 1589 года )
Гл. таксама Мамонічы Пётр Мсціславец Грынь Івановіч
Спасылкі
Літаратура Энцыклапедыя Вялікае Княства Літоўскае — Том 1, 2007 г.
Катэгорыя:Друкарні Вялікага Княства Літоўскага Катэгорыя:Гісторыя Вільні Катэгорыя:Культура Вільні Катэгорыя:Мамонічы