Пціч — рака ў Мінскай, Магілёўскай і Гомельскай абласцях, левы прыток Прыпяці. Даўжыня 421 км. Вадазбор 9470 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 49,7 м³/с. Агульнае падзенне ракі 176 м. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,4 ‰.

Назва На думку М. Фасмера, назва ракі Пціч паходзіць ад ст.-руск. пътичь «птушка»М. Фасмер. Этимологический словарь русского языка. Т. 3. Москва, 1987. С. 398.. Паводле В. Жучкевіча, найбольш імаверная сувязь назвы Пціч са словам птица «птушка»В. А. Жучкевич. Краткий топонимический словарь Белоруссии. Минск, 1974. С. 312.. На думку А. Стрыжака, назва ракі Пціч паходзіць ад пціцаЕтимологічний словник літописних географічних назв Південної Русі. Київ, 1985. С. 172..

У. Тапароў, зважаючы на добра адрозны балцкі гідранамічны слой у гэтым раёне (Даколька і інш.), дапускае славянізацыю балцкай назвы ад «птушаня», этымалагічна тоеснай славянскайВ. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. Москва, 1962. С. 203..

У. Ніканаў, заўважае, што яшчэ ў XV ст. захоўвалася форма Бчичь, і калі гэтая форма зыходная, то сучасная толькі вынік пераасэнсаванняВ. А. Никонов. Краткий топонимический словарь. Москва, 1966. С. 345..

На думку С. Мельнікава, назва ракі Пціч утворана ад асновы пець, якая роднасная грэчаскаму потамос «рака»С. Е. Мельников. О чем говорят географические названия. Историко-лингвистические и краеведческие заметки. Ленинград, 1984. С. 136..

На думку А. Рогалева, у гідроніме Пціч адлюстраваны старажытны геаграфічны тэрмін *pet «пашырэнне, расцяканне» ці «хутка рухацца, цячы», а сувязь з птушкамі з'яўляецца народнай этымалогіяйА. Ф. Рогалев. Географические названия в калейдоскопе времен. Гомель, 2011. С. 167..

Гідраграфія Пачынаецца на вышыні 295 м над узроўнем мора за 1 км на захад ад вёскі Нарэйкі Дзяржынскага раёна, вусце за 1 км на ўсход ад вёскі Багрымавічы Петрыкаўскага раёна. Верхняе цячэнне ў межах Мінскага ўзвышша, сярэдняе — на захадзе Цэнтральнабярэзінскай раўніны, ніжняе — на нізіне Прыпяцкае Палессе.

Паводле будовы даліна і рэчышча падзяляюцца на 2 участкі: верхні (ад вытоку да вёскі Дараганава Асіповіцкага раёна, 203 км) і ніжні (ад вёскі Дараганава да вусця, 218 км). Даліна на ўсім працягу пераважна трапецападобная (шырыня ад 1,5 км да 5,5 км, у вытоку да 0,1 км), у нізоўі невыразная. Пойма двухбаковая, яе шырыня да вёскі Гарадзішча (Мінскі раён) ад 60 м да 300 м, ніжэй 1—3 км, каля вёскі Пясчанка (Асіповіцкі раён) да 5 км.

Рэчышча свабодна меандруе, разгаліноўваецца пратокамі, якія ўтвараюць астравы. Яго шырыня ў верхнім цячэнні да вусця ракі Асачанка (85 км ад вытоку) 5—10 м, ніжэй 20—45 м, у ніжнім цячэнні 45—70 м.

Воўчкавіцкае вадасховішча створана ў вярхоўі. У басейне ракі балота Арэхаўскі мох.

Асноўныя прытокі Справа: Асачанка, Шаць, Зарудзеча, Даколька, Арэса, Альхоўка, Нямегля. Злева: Нератоўка, Няслаўка.

Гідралагічны рэжым Разводдзе ў канцы сакавіка, у верхнім цячэнні каля 40 сутак, у ніжнім 84 сутак. Найвышэйшы ўзровень разводдзя ў пачатку красавіка, сярэдняя вышыня над межанным узроўнем 1,4—3,2 м, найбольшая — 3,7 м. Замярзае ў сярэдзіне снежня, крыгалом у канцы сакавіка. У час веснавога разводдзя частка вады з Пцічы пераліваецца ў Свіслач праз Цітаўку і Трэмлю. Каля вёскі Лучыца Петрыкаўскага раёна (60 км ад вусця) найбольшы расход вады 800 м³/с (1931), найменшы 5,76 м³/с (1915).

На рацэ Гарадскія пасёлкі: Праўдзінскі, Глуск, Капаткевічы. Аграгарадок Завалочыцы. Вёскі: Гарадок, Самахвалавічы, Бярозаўка і інш.

Санаторый-прафілакторый «Пціч» у вёсцы Гарадок (Глускі раён).

Зноскі

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Прытокі Прыпяці Катэгорыя:Рэкі Дзяржынскага раёна Катэгорыя:Рэкі Мінскага раёна Катэгорыя:Рэкі Пухавіцкага раёна Катэгорыя:Рэкі Асіповіцкага раёна Катэгорыя:Рэкі Глускага раёна Катэгорыя:Рэкі Акцябрскага раёна Катэгорыя:Рэкі Петрыкаўскага раёна