Яку́б Ко́лас, сапраўднае імя Канстанці́н Міха́йлавіч Міцке́віч (; , засценак Акінчыцы, Свержанская воласць, Мінскі павет, Мінская губерня — , ) — беларускі паэт, празаік, драматург, крытык, публіцыст, перакладчык, мовазнавец, педагог, грамадскі дзеяч; адзін з заснавальнікаў сучаснай беларускай літаратуры і літаратурнай мовы. Народны паэт Беларусі (1926). Акадэмік АН Беларусі (1928).

Біяграфія

Маладосць

Нарадзіўся ў засценку Акінчыцы Мінскага павета Мінскай губерні, цяпер у межах Стоўбцаў. Бацькі — Міхал Казіміравіч і Ганна Юр’еўна (народжаная Лёсік) з вёскі Мікалаеўшчына (цяпер за 12 км ад Стоўбцаў). З 13-ці іх дзяцей да сталага веку дажыла толькі 9. Бацька быў лесніком у радзівілаўскіх уладаннях, маці займалася гаспадаркай. Браты Уладзімір (1879—1954), Алесь (1880—1940), Іосіф (1895—1980), Міхал (1897—1991), сёстры Міхаліна (1887—1977), Юзэфа (1891—1964), Марыя (1900). Неўзабаве па нараджэнні Ко́стуся, так звалі Канстанціна дома, сям’я пераехала ва ўрочышча Ласток (або Сухошчына), потым, у 1890—1904 гадах, Міцкевічы жылі ў леснічоўцы Альбуць паблізу Мікалаеўшчыны. Канстанцін Міцкевіч быў ахрышчаны ў стаўбцоўскай праваслаўнай царкве, як лічыцца, у Царкве Святой Ганны. Раней род Міцкевічаў быў каталіцкім, але ў 1866 годзе ўся Мікалаеўшчына была пераведзена ў праваслаўеНацыянальны гістарычны архіў Беларусі. – Ф. 937. – Воп. 4. – Спр. 99. – Арк. 20 адв.; Спр. 100. – Арк. 208., што шырока ўжывалася ўладамі Расійскай імперыі ў дачыненні да каталіцкага насельніцтва Беларусі ў тыя часы.

Значна паўплываў на Костуся дзядзька па бацьку — Антось, ён абудзіў у падлетку цікавасць да літаратуры. Костусь сам навучыўся грамаце рускай мовы, а дзве зімы яго разам са старэйшымі братамі навучаў хлопчык-«дарэктар». Скончыў 2-гадовае Мікалаеўшчынскае народнае вучылішча (1894). Наступныя тры гады жыў у Альбуці, дапамагаў на гаспадарцы бацькам, шмат чытаў, рыхтаваўся да паступлення ў настаўніцкую семінарыю.

На кошт скарбу ў 1898 годзе паступіў у Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. Падчас вучобы пісаў вершы і байкі на рускай мове, збіраў беларускі этнаграфічны і фальклорны матэрыял, пачаў пісаць па-беларуску. Па сканчэнні семінарыі (1902) працаваў настаўнікам на Заходнім Палессі ў вёсках Люсіна (цяпер Ганцавіцкі раён), Пінкавічы (цяпер Пінскі раён). Рабіў этнаграфічныя і фальклорныя запісы. Тым жа часам пазнаёміўся з нелегальнай сацыялістычнай літаратурай, уключыўся ў грамадскую дзейнасць, вёў тлумачальныя гутаркі з сялянамі. У 1905 годзе склаў петыцыю пінкавіцкіх сялян з патрабаваннямі да памешчыка Зыгмунта Скірмунта, за гэта на пачатку 1906 года быў пераведзены з Пінкавіч на працу ў Верхменскае народнае вучылішча (цяпер Смалявіцкі раён). Актыўна ўдзельнічаў у нелегальным З’ездзе настаўнікаў Мінскай губерні 9—10 ліпеня 1906 года ў Мікалаеўшчыне, з’езд разагнала паліцыя, а Канстанціну Міцкевічу сярод іншых забаранілі настаўнічаць.

Узімку 1906—1907 года жыў у родных у леснічоўцы Смольня, без адпаведнага дазволу адкрыў прыватную школу. У 1907 годзе прыехаў у Вільню, пачаў працаваць загадчыкам літаратурнага аддзела «Нашай нівы», але праз некалькі тыдняў паводле загаду паліцыі пакінуў горад. У студзені—красавіку 1908 года працаваў у прыватнай беларускамоўнай школе ў вёсцы Сані (цяпер Талачынскі раён), арганізатарамі якой былі Тэрэза Гардзялкоўская і яе сын Канстанцін Гардзялкоўскі. Неўзабаве быў арыштаваны і 15 верасня 1908 года асуджаны на 3 гады турэмнага зняволення. Якуба Коласа абвінавачвалі ў ажыццяўленні праграмы Усерасійскага саюза настаўнікаў, скіраванай, на думку ўладаў, на падрыў грамадскага ладу Расійскай імперыі, а таксама ў складанні адозвы да настаўнікаў, якую не пісаў, але сапраўднага аўтара не выдаў. Увесь тэрмін Колас адбываў у Мінскім астрогу (Пішчалаўскі замак).

Па вызваленні у 1911 годзе з верасня Колас без дазволу навучаў дзяцей чыгуначнікаў у Лунінцы, у 1912 годзе атрымаў Пасведчанне пра дабранадзейнасць і да 1914 года афіцыйна працаваў настаўнікам у Купяцічах паблізу Пінска, а затым у Пінскім 3-м прыходскім вучылішчы, жывучы на кватэры чыгуначнага фельчара А. А. Балевіча. У чэрвені 1913 года Якуб Колас ажаніўся з настаўніцай пінскай чыгуначнай школы Марыяй Дзмітрыеўнай Каменскай, яны пражылі разам больш за 30 гадоў, мелі трох сыноў. У гэты ж перыяд, у жніўні 1912 года, на леснічоўцы Смольня паблізу Мікалаеўшчыны Колас пазнаёміўся з Янкам Купалам, гэтай сустрэчай пачалося іх сяброўства.

1915—1940

У час Першай сусветнай вайны з 1915 года разам з сям’ёю ў бежанстве ў Маскоўскай губерні. Мабілізаваны, у 1916 годзе скончыў маскоўскае Аляксандраўскае ваеннае вучылішча, служыў у запасным палку ў Пермі. Сям’я тым часам пераехала ў Абаянь (цяпер Курская вобласць Расіі). У званні падпаручніка летам 1917 года адпраўлены на Румынскі фронт, але неўзабаве за станам здароўя атрымаў адпачынак. Урэшце, як настаўнік Канстанцін Міцкевіч (Якуб Колас) быў вызвалены ад вайсковай службы і застаўся з сям’ёю ў Абаяні, працаваў настаўнікам і школьным інструктарам.

У 1921 годзе Якуб Колас выкліканы ўрадам Беларускай ССР вярнуўся ў Менск. На Рыжскі мірны дагавор 1921 года адрэагаваў вершам «Водгулле», у якім заклікаў беларускі народ да вызвалення. Супрацоўнічаў з Навукова-тэрміналагічнай камісіяй Народнага камісарыята асветы, Літаратурнай камісіяй па збіранні вуснай народнай творчасці Інбелкульта, быў выкладчыкам у Беларускім педагагічным тэхнікуме і Беларускім дзяржаўным універсітэце, чытаў лекцыі па граматыцы і методыцы выкладання беларускай мовы на Слуцкіх настаўніцкіх педагагічных курсах.

У 1920-я—1930-я гады Якуб Колас актыўна ўдзельнічае ў навуковым і грамадска-палітычным жыцці БССР. З 1928 года ён акадэмік АН БССР, з 1929 — член яе Прэзідыума і віцэ-прэзідэнт. У 1927—1929 гадах кандыдат у члены ЦВК БССР, у 1929—1931 і 1935—1938 — член ЦВК БССР. Удзельнік 1-га Усебеларускага з’езда савецкіх пісьменнікаў і 1-га Усесаюзнага з’езда савецкіх пісьменнікаў у Маскве (1934), на абодвух з’ездах абраны ў кіруючыя органы саюзаў пісьменнікаў. Удзельнік Сусветнага кангрэсу абароны культуры (1935, Парыж).

У 1926 годзе падпісаў зварот да Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта з просьбай вызваліць Францішка Аляхновіча, пад якім падпісаліся таксама Янка Купала, Максім Гарэцкі, Змітрок Бядуля, Алесь Гурло і іншыя.

Нягледзячы на прызнанне заслуг Якуба Коласа з боку савецкай дзяржавы — у 1926 годзе ён атрымаў званне Народнага паэта Беларусі і пажыццёвую пенсію — пісьменнік трапіў пад хвалю палітычных рэпрэсій 1920-х—1930-х гадоў. З сярэдзіны 1920-х у доме Якуба Коласа не раз праводзілі вобшукі, самога пісьменніка выклікалі на допыты. Савецкія органы дзяржаўнай бяспекі спрабавалі прыцягнуць Якуба Коласа да шэрагу палітычных спраў, у т.л. г.зв. «Лістападаўскай» і «Саюза вызвалення Беларусі». Ціск на Якуба Коласа ўзмацняўся, у 1930-я гады яго абвінавачвалі ў «нацдэмаўшчыне», а таксама разнастайных «шкодных ухілах» у творчасці, ён вымушаны быў каяцца ў «памылках». У 1930-я гады былі рэпрэсаваныя і расстраляныя знаёмыя, калегі і сваякі Якуба Коласа, у тым ліку матчын брат Язэп Лёсік і жончын брат Аляксандр Каменскі. Самому Якубу Коласу неаднаразова пагражаў арышт і рэпрэсіі, але, верагодна, на гэта не было атрымана дазволу найвышэйшага савецкага кіраўніцтва. Даследчыкі адзначаюць, што гэтыя падзеі негатыўна адбіліся на псіхалагічным стане пісьменніка, адпаведна і на яго творчасці. Пры гэтым сам Якуб Колас часта выкарыстоўваў свой аўтарытэт дзеля заступніцтва за іншых рэпрэсаваных. У 1930 годзе ён заступіўся за сясцёр і маці Янкі Купалы, якія былі раскулачаны і падрыхтаваны да высылкі. У 1939 годзе разам з Янкам Купалам і Змітраком Бядулем пісаў заступніцтва за арыштаванага Аляксандра Уласава, паводле ўспамінаў наведваў дзеля гэтага Панцеляймона Панамарэнку, але выратаваць Уласава не ўдалося. Пісаў заступніцтва за Кузьму Чорнага, які ў выніку быў вызвалены, але ўжо з слабым здароўем. Пісаў пратэкцыю заходнебеларускаму актывісту Івану Касяку, маці Эдзі Агняцвет, Гаўрылу Гарэцкаму і іншым.

1941—1956 Пасля нападу Германіі на СССР у час Другой сусветнай вайны паэт жыў у Клязьме паблізу Масквы, Ташкенце, Маскве. У 1944 годзе Якубу Коласу прысвоена званне Заслужаны дзеяч навукі БССР. У канцы 1944 года вярнуўся ў Мінск.

Па вайне да канца жыцця працаваў у АН БССР. У 1950-я гады Якуб Колас быў навуковым рэдактарам і ўдзельнікам выдання «Руска-беларускага слоўніка» (1953). Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР і Вярхоўнага Савета БССР, членам ЦК на XX—XXII з’ездах КПБ, членам Камітэта па Дзяржаўных прэміях у галіне літаратуры і мастацтва СССР, віцэ-старшынёй Усеславянскага антыфашысцкага камітэта, старшынёй Беларускага і членам Савецкага камітэта абароны міру. У 1956 годзе Якуб Колас звярнуўся да ЦК кампартыі з лістом пра месца і стан беларускай мовы ў грамадскім жыцці, у якім адзначаў русіфікацыю Беларусі, прапаноўваў меры пашырэння беларускай мовы.

Дзесяцігоддзі напружання адмоўна адбіліся на стане здароўя пісьменніка. Толькі за апошнія 10 гадоў свайго жыцця ён хварэў на запаленне лёгкіх 26 разоўСны и бронза Сымона-музыки . Памёр 13 жніўня 1956 года за сваім рабочым сталом. Пахаваны ў Мінску на Вайсковых могілках. У 1970 годзе на магіле пастаўлены гранітны помнік (скульптары Уладзімір Ананька, Мікалай Якавенка, архітэктар Міхаіл Мызнікаў).

Творчасць

У сваёй творчасці карыстаўся наступнымі псеўданімамі: Тарас Гушча, Карусь Лапаць, К. Адзінокі, К. Альбуцкі, Андрэй «сацыяліст», Тамаш Булава, Ганна Груд, Мікалаевец, Лесавік і інш

Ужо ў 10-гадовым узросце, пад уплывам твораў Івана Крылова, склаў байку «Варона і Лісіца», а праз тры гады напісаў першы верш «Вясна». Бацька заахвочваў літаратурныя схільнасці хлопчыка, тым жа часам Костусь пазнаёміўся з беларускай літаратурнай творчасцю, вершам Янкі Лучыны «Стары ляснік», і быў ад яе пад пэўным уражаннем. У семінарысцкія гады яшчэ болей захапіўся літаратурай, пазнаёміўся з творамі Адама Міцкевіча, Тараса Шаўчэнкі, Івана Франко, Мікалая Гогаля, Льва Талстога, Міхаіла Лермантава, Аляксея Кальцова, Мікалая Някрасава, Аляксандра Пушкіна, Івана Хемніцара. Складаў вершы і байкі па-руску. Займаўся зборам беларускага этнаграфічнага і фальклорнага матэрыялу. Значны ўплыў на Костуся зрабіў выкладчык семінарыі Фядот Кудрынскі, які звярнуў увагу маладога паэта на важнасць пісання па-беларуску. Міцкевіч пачаў пісаць вершы і прозу на беларускай мове. Гэтыя вершы прысвячаліся прыродзе, нялёгкай долі селяніна. У тыя самыя гады напісаны паэмы «Каля кастра» і «Страх», тэксты якіх не захаваліся, а таксама першая проза па-беларуску — нарыс «Наша сяло, людзі і што робіцца ў сяле».

У 1900-я гады жанравы дыяпазон Канстанціна Міцкевіча пашыраецца, на гэтую пару прыпадае першая публікацыя. Дэбютаваў у друку вершам «Наш родны край» у газеце «Наша доля» за 1 верасня 1906 года, тут упершыню Канстанцін Міцкевіч выкарыстаў псеўданім Якуб Колас. У «Нашай долі» за 15 верасня 1906 года пад псеўданімам Дзядзька Карусь надрукавана апавяданне Канстанціна Міцкевіча «Слабода» пра самавольства царскай паліцыі — дэбют прозы пісьменніка. Тым часам Міцкевіч актыўны аўтар газеты «Наша ніва». У творчасці Канстанціна Міцкевіча гэтага перыяду з’явіліся новыя формы, болей высокі ўзровень літаратурнай працы, ён піша алегарычныя апавяданні «Казкі жыцця», дзе па-філасофску асэнсоўвае рэчаіснасць. Колас пісаў вершы і падчас зняволення ў Мінскім астрогу, якія ўдавалася перапраўляць на волю.