Езяры́шча (; ) — гарадскі пасёлак у Гарадоцкім раёне Віцебскай вобласці Беларусі, на паўднёва-заходнім беразе возера Езярышча. За 41 км на паўночны захад ад Гарадка, 80 км ад Віцебска, чыгуначная станцыя на лініі Віцебск — Невель (Расія), на аўтамабільнай дарозе Віцебск—Невель (частка дарог і ). Насельніцтва 1 267 чал. (2017).

Гісторыя Названа, напэўна, ад возера.

Ад публікацыі і інтэрпрэтацыі Іванам Грыгаровічам у 1846 годзе граматы княгіні Ульяны Аляксандраўны, удавы вялікага князя Альгерда, у гістарыяграфіі першай згадкай Езярышча часам даецца «1377 або пазней», а часцей проста 1377 год. На гэтым самым грунце ў Езярышчы змяшчаюць і Успенскую Багародзіцкую царкву, якой княгіня Ульяна рабіла наданне. Між тым, княгіня Ульяна надавала паўкапы (30) грошаў штогод на набыццё ладану (стар.-бел. темянъ ад лац. thymiama) для Успенскай царквы «ў Азярышчы, на Уханях, з Аляксееўшчыны». Гэтая Успенская царква і Ухані, з якіх на яе яшчэ ў канцы XV — пачатку XVI стст. ішлі 30 грошаў, згаданы і ў іншых дарчых запісах, з якіх па сукупнасці вынікае, што гэта саборная Успенская царква на Узгорскім пасадзе ў Віцебску. Алег Ліцкевіч лакалізуе мясцовасць (магчыма, воласць) Азярышча з сялом Уханямі і службай Аляксееўшчынай у ім, якая мусіла даваць 30 грошаў на ладан, недзе паміж возерам Гародна і ракой Чарнічанкай да паўднёвага захаду ад Віцебска.

У кожным разе, існаванне паселішча на месцы Езярышча яшчэ ў VIII—X стст. і будаўніцтва там замка ў XIV—XV стст. пацвярджаюць раскопкі Вольгі Ляўко на гарадзішчы Езярышчанскага замка. Падчас Лівонскай вайны, у 1564 годзе Езярышчанскі замак вытрымаў дзве аблогі маскоўскіх войск. Згаданы ў маскоўскай «Кнізе Вялікага Чарцяжа» і ў Запісах Рэйнгальда Гейдэнштэйна.

У 1583 годзе Езярышча атрымала статус мястэчка.

Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе, у складзе Расійскай імперыі, цэнтр Езярыйскай воласці Себежскага павета. З 1886 года — сяло.

Гісторыя пасёлка Езярышча звязана з будаўніцтвам на пачатку XX ст. паблізу сяла Езярышча чыгуначнай лініі Віцебск — Невель і пабудовай тут чыгуначнай станцыі. 3 часам вакол станцыі вырас пасёлак. 3 17.07.1924 года — цэнтр Езярышчанскага раёна Віцебскай акругі (ст. Езярышча). Паводле перапісу 1926 года, на чыгуначнай станцыі Езярышча было 18 двароў, 60 жыхароў, вадакачка, бальніца. У Езярышчы размяшчаўся вучэбны пункт 4-га стралковага корпуса, была школа па ліквідацыі непісьменнасці.

З 1929 года ў Гарадоцкім раёне. 3 12.02.1935 — цэнтр Мехаўскага раёна Віцебскай акругі (з 20.02.1938 года раён у Віцебскай вобласці).

У Вялікую Айчынную вайну 17 ліпеня 1941 года пасёлак акупіраваны нацыстамі. У пачатку вайны, 25.06.1941 года у Езярышчы створаны знішчальны батальён (107 чалавек), 18.07.1941 года на базе батальёна створаны Мехаўскі партызанскі атрад, камандзірам якога стаў К. Ф. Волкаў. 07.05.1942 года атрад (больш за 300 чалавек) разгорнуты ў 2-ю Беларускую партызанскую брыгаду імя П. К. Панамарэнкі. У ноч з 6 на 7 верасня адбыўся Езярышчанскі бой, партызаны брыгады разграмілі на ст. Езярышча нямецкі гарнізон. Былі разбураны станцыйныя пабудовы, склады боепрыпасаў, харчавання і вайсковай маёмасці, знішчаны 40 салдат і афіцэраў праціўніка. Станцыя Езярышча вызвалены 19.12.1943 года падраздзяленнямі 360-й стралковай дывізіі.

3 04.10.1957 года Езярышча — гарадскі пасёлакУказ Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Аб пераўтварэнні вёскі Езярышча, Мехаўскага раёна, Віцебскай вобласці, у гарадскі пасёлак ад 4 кастрычніка 1957 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1957, № 10., з 18.03.1958 — цэнтр раёна, з 25.12.1962 года ў Гарадоцкім раёне. У 1971 годзе ў г. п. Езярышча было 2,7 тыс. жыхароў, у 1993 — 2,3 тыс., цэнтр калгаса імя Дзяржынскага.

У 2014 годзе Езярышча стала цэнтрам новаўтворанага Езярышчанскага сельсавета.

Насельніцтва

Эканоміка Працуюць хлебазавод, малаказавод, камбінат кааператыўнай прамысловасці, участак гарадоцкага лесапункта, бальніца, аптэка, ветлячэбніца, гасцініца, рэстаран, Дом культуры, Дом піянераў і школьнікаў, СШ, базавая школа-інтэрнат, спартшкола, бібліятэка, дзіцячы сад, 6 магазінаў, аддзяленне сувязі.

Памятныя мясціны

Гарадзішча (рэшткі замка) — за 3 км на ўсход ад Езярышча на востраве возера. Успенская царква Помнікі: вайсковыя могілкі савецкіх воінаў, якія загінулі ў 1943 годзе пры вызваленні Езярышча і навакольных вёсак; магіла ахвяр фашызму, 3 помнікі ахвярам фашызму, помнік землякам, помнік партызанам, закатаваным фашыстамі — .

Вядомыя асобы Валерый Канстанцінавіч Лябёдка, беларускі мастак, доктар педагагічных навук (1994), прафесар (1997).

Гл. таксама Пасёлкі гарадскога тыпу Віцебскай вобласці Пасёлкі гарадскога тыпу Беларусі

Зноскі

Літаратура

Бынькоў, А. Езярышча / А. Бынькоў, С. Кавалеўскі // Народнае слова. — 2000. — 26 жн.

Езярышча // Гарады і гарадскія пасёлкі Беларусі / рэд. Л. К. Калошына. — Мн., 1981. — С. 92-93.

Кляшчук, А. Езярышча — прыпынак у мінулым / А. Кляшчук // Звязда. — 1997. — 10 кастр.

Спасылкі

Прыдзвінскі край — Езярышча Езярышча, г. п., Гарадоцкі р-н // ДУ «Віцебская абласная бібліятэка ім. У. І. Леніна»

Катэгорыя:Населеныя пункты Гарадоцкага раёна Катэгорыя:Мястэчкі Віцебскага ваяводства