Марфеміка — раздзел мовазнаўства, які вывучае структуру слова, яго структурныя часткі — марфемы, іх віды, будову і спалучальнасць у слове ці словаформе.
Гісторыя марфемікі У самастойную галіну навукі марфеміка вылучылася толькі ў 60-80-ыя гг. XX ст. Дагэтуль марфеміка ўкроплівалася ў марфалогію ці этымалогію.
Прадмет даследавання марфемікі Прадмет даследавання — марфемная будова слова і структурныя часткі слова (марфемы). Пры гэтым марфемная будова слова вывучаецца адначасова і з фармальнага, і з семантычнага боку.
Задачы марфемікі Задачы марфемікі: вывучэнне і даследаванне марфемнай будовы словаў; вывучэнне марфемы як структурнай часткі слова з пункту гледжання яе формы і зместу; вывучэнне іерархіі марфем: паслядоўнасць размяшчэння марфем у слове, іх набор у мове, статус марфем як моўных адзінак; асаблівасці спалучэння марфем у слове; даследаванне марфем з пункту гледжання прадуктыўнасці (частотнасці ўжывання) і рэгулярнасці іх у мове; даследаванне эмацыйна-стылістычнай афарбоўкі слоў.
Сувязь марфемікі з іншымі раздзеламі мовазнаўства
Сувязь са словаўтварэннем Сувязь марфемікі са словаўтварэннем асабліва цесная. Сувязным звяном паміж імі з'яўляецца слова. Марфемы існуюць толькі ў складзе слова і выдзяляюцца толькі са словаў, а ўтварэнне новых словаў адбываецца на базе словаў і марфем.
Сувязь з лексікалогіяй Кожнае новае ўтворанае слова ўключаецца ў лексічны слоўнік мовы, а лексічны слоўнік мовы — аб'ект даследавання лексікалогіі.
Сувязь з марфалогіяй Кожнае слова належыць да пэўнай часціны мовы. Вывучэннем часцін мовы займаецца марфалогія. Кожная часціна мовы мае свае ўніверсальныя і спецыфічныя марфемы, якія ўдзельнічаюць ва ўтварэнні новых словаў.
Сувязь з арфаграфіяй Адзін з сучасных прынцыпаў беларускай арфаграфіі называецца марфалагічны. Ён патрабуе графічнай аднастайнасці перадачы марфем на пісьме незалежна ад іх вымаўлення.
Сувязь з фанетыкай Спалучэнне марфем у слове заснаванае на фанетычных законах і суправаджаецца фанетычнымі з'явамі (чаргаванне).
Сувязь з этымалогіяй У працэсе гістарычнага развіцця мовы марфемная структура словаў можа змяняцца (спрошчвацца).
Сувязь з сінтаксісам На базе словазлучэнняў утвараюцца складаныя словы.
Сувязь з фразеалогіяй Ад устойлівых выразаў утвараюцца словы (скаліць зубы — скалазуб).
Літаратура Беларуская граматыка: У 2 ч. — Мн: Навука і тэхніка. — Ч. 1. Фаналогія. Арфаэпія. Марфалогія. Словаўтварэнне. Націск, 1985. Граматыка беларускай мовы. У 2 т. Т. 1. Мінск: Навука і тэхніка, 1962.
Катэгорыя:Словаўтварэнне Катэгорыя:Марфалогія мовы