Дом Свянці́цкага — жылы чатырохпавярховы будынак у Мінску на скрыжаванні вул. К. Маркса і Леніна 30/13 (гістарычных Падгорнай і Францішканскай), гісторыка-культурная каштоўнасць рэгіянальнага значэння.

Гісторыя

Належаў інжынеру-архітэктару Сігізмунду Збігневічу Свянціцкаму. Менавіта ён з 1904 года з’яўляўся ўласнікам зямельнага пляца разам з усёй забудовай на рагу вуліц Падгорнай і Губернатарскай, які меў нумар 34. У 1913 годзе на рагу вуліц на месцы старой забудовы быў узведзены 4-3 павярховы мураваны даходны дом у стылі мадэрн. Аўтар праекта дома дакладна невядомы, гэта мог быць архітэктар Генрых Гай, альбо сам Сігізмунд Свянцiцкi, магчыма, яны разам распрацавалі гэты праект, бо трымалі ў Менску сваю сумесную архітэктурна-праектную майстэрнюДом Свянціцкага ў Мінску, або загадка стагоддзя // Культура № 17 (1508) 24.04.2021 —- 30.04.2021 г..

У гэтым доме размяшчаліся магазін Чырвонага Крыжа і жылыя памяшканніУлица Лошицкая — Базарная — Подгорная — Карла Маркса Архитектура и строительство. У 1930-я гады дом зваўся Другім Домам Саветаў (Першы Дом Саветаў месціўся на вуліцы Савецкай) бо ў ім жыла партыйная эліта.

У жніўні — верасні 1920 года тут спыняўся Фелікс Дзяржынскі, які займаўся ўмацаваннем працы Менскага ГубЧК і асобага аддзела Чырвонай Арміі. Тут жылі вядомыя дзяржаўныя дзеячы Аляксандр Чарвякоў, Мікалай Галадзед, Панцеляймон Панамарэнка, Кірыл Мазураў, навукоўцы Мікалай Нікольскі, Міхаіл Мацэпура, пісьменнік і палітык Цішка Гартны. У доме таксама жыў палітычны дзеяч Сымон Рак-Міхайлоўскі, у ім ён быў арыштаваны 16 жніўня 1933 года па сфабрыкаванай справе «Беларускага нацыянальнага цэнтра».

Цяпер у доме месціцца Дзяржаўны літаратурны музей Петруся Броўкі, дзе народны паэт Беларусі, акадэмік, ганаровы грамадзянін Мінска жыў з 1951 па 1980 годПостроили Гай и ГайдукевичЛітаратурны музей Петруся Броўкі Museum.by.

Архітэктура Будынак Г-падобны ў плане, трох-чатырохпавярховы. Рознапавярховасць абумоўленая рэльефам мясцовасці. Крыло, што выходзіць на вуліцу Карла Маркса, чатырохпавярховае, на высокім руставаным цокалі. Рустам апрацаваная таксама плоскасць сцяны першага паверха. Уваход вырашаны ў выглядзе прамавугольнага праёма, над ім — паўцыркульнае акно, дэкараванае ляпнымі гірляндамі. Трохвугольны франтон з люкарнай завяршае правую частку крыла. Пад франтонам на ўзроўні чацвёртага паверха конхавая ніша ў абрамленні гірлянды з лісця, у нішы ўстаноўленая ваза, упрыгожаная лапкай. Аконныя праёмы рознай формы і памераў упрыгожаныя ажурнымі дэкаратыўнымі канаванымі падаконнымі кратамі. Па ўсім фасадзе навісаюць разнастайныя балконы, агароджа якіх з арнаментам, вензелямі, расліннымі элементамі (чыгуннае ліццё). Каваныя парадныя дзверы таксама аздобленыя арнаментам. Крыло, што выходзіць на вуліцу Леніна, трохпавярховае, яго левая частка — чатырохпавярховая. Дэкараваная ляпнымі ўстаўкамі, атыкавымі сценкамі, атыкавым трохвугольным франтонам у чатырохпавярховай частцы, агароджай на вокнах у выглядзе балюстрады. Арачны праезд у цэнтры фасада перакрыты крыжовым скляпеннем, над ім умацаваны ляпны маскарон. Дваровыя фасады простыя паводле архітэктуры. Перакрытую шкляным ліхтаром лесвічную клетку асвятляюць невялікія паўцыркульныя вокны, што выходзяць на нутраны двор. У агароджы лесвіцы выкарыстаныя дэкаратыўныя элементы ў выглядзе завіткоў і лісця (чыгуннае ліццё)Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. С. 153..

Памятныя дошкі На будынку ўсталяваныя мемарыяльныя дошкі Феліксу Дзяржынскаму, Аляксандру Чарвякову, Мікалаю Галадзеду, Панцеляймону Панамарэнку, Кірылу Мазураву, Змітру Жылуновічу, Мікалаю Нікольскаму, Міхаілу Мацапуру, Петрусю БроўкуЗбор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. С. 154..

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Славутасці Мінска Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Мінска Катэгорыя:Жылыя будынкі Беларусі Катэгорыя:Вуліца Карла Маркса (Мінск) Катэгорыя:Вуліца Леніна (Мінск) Катэгорыя:Збудаванні Мінска ў стылі мадэрн Катэгорыя:З’явіліся ў XX стагоддзі Катэгорыя:XX стагоддзе ў Мінску Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Генрыха Гая