Франці́шак Раме́йка () — каталіцкі святар, беларускі грамадскі дзеяч.
Біяграфія Нарадзіўся ў Нецьках Свянцянскага павета, цяпер Мядзельскі раён Мінскай вобласці Беларусі у сялянскай сям’і каталікоў Андрэя Рамейкі і Антаніны з Янцэвічаў. У 1892 годзе сям’я набыла зямлю ў маёнтку Порплішча, цяпер Докшыцкі раён.
Вучыўся ў народным вучылішчы ў Докшыцах.
У лістападзе 1903 года, каб пацвердзіць веданне лацінскай мовы, вытрымаў іспыт на званне аптэкарскага вучня пры экзаменацыйнай камісіі Маскоўскае навучальнае акругі.
У 1905—1909 — студэнт духоўнай каталіцкай семінарыі ў Вільні.
23 мая (5 чэрвеня) 1909 года прыняў святарскае пасвячэнне. 7 (20) чэрвеня 1909 года быў прызначаны вікарыем касцёла святых Пятра і Паўла ў Іўі. 28 жніўня (10 верасня) 1909 года пераведзены на пасаду вікарыя ў касцёл святых Францішка і Бернарда (былы бернардзінскі) у ВільніЛітоўскі Цэнтральны Дзяржаўны Архіў, фонд 694, вопіс 3, справа 1151, арк. 2..
29 ліпеня (11 жніўня) 1910 года прызначаны адміністратарам касцёла ў вёсцы Сялец Пружанскага павета, дзе займаўся будаўніцтвам новага касцёла.
27 красавіка (10 мая) 1913 года прызначаны пробашчам касцёла Найсвяцейшай Тройцы ў мястэчку Шарашове Пружанскага павета.
9 красавіка 1921 года пераведзены на пасаду пробашча касцёла Найсвяцейшай Панны Марыі Ласкавай у вёсцы Задарожжа Дзісенскага паветаЛітоўскі цэнтральны дзяржаўны архіў, фонд 694, вопіс 3, справа 1151, арк. 16.. У гэты час пабудаваў касцёл у вёсцы Чарневічы.
11 красавіка 1929 года пераведзены на пасаду пробашча ў кемелішкаўскім касцёле Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы МарыіЛітоўскі цэнтральны дзяржаўны архіў, фонд 694, вопіс 3, справа 1151, арк. 52.. Восенню 1930 года перахварэў на грып, які даў сур’ёзныя ўскладненні. Кс. Францішак Рамейка правёў тры месяцы ў шпіталі, аднак яго фізічны і псіхічны стан заставаўся цяжкім, а навакольныя звярталі ўвагу на яго дзіўныя паводзіны.
16 чэрвеня 1931 года Францішак Рамейка прыехаў у Вільню, дзе зайшоў на кватэру да Адама Станкевіча на плябаніі касцёла святога Мікалая. Не застаўшы гаспадара, скончыў жыццё самагубствам, застрэліўшыся з рэвальвера. Пахаваны 18 чэрвеня 1931 года на Бернардзінскіх могілках Вільні. Магіла страчаная.
Дзейнасць Далучыўся да беларускага нацыянальнага руху ў час навучання ў духоўнай семінарыі пад уплывам кс. Францішка Будзькі, які паходзіў з парафіі Параф’янава, да якой належала сям’я Францішка Рамэйкі. Падчас канікул распаўсюджваў у родных мясцінах газету «Наша Ніва» і беларускую літаратуру. Быў знаёмы з многімі дзеячамі беларускага нацыянальнага руху, у тым ліку Янкам Купалам, Паўлінай Мядзёлкай, Язэпам Драздовічам.
Служачы святаром, карыстаўся беларускай мовай у размовах з вернікамі і катэхізацыі дзяцей. У час Першай Сусветнай вайны прамаўляў казанні па-беларуску ў касцёле ў Шарашове і капліцы ў Вялікім Сяле, з яго дазволу ў касцёле пачалі спяваць рэлігійныя песні на беларускай мове. Засноўваў дзіцячыя прытулкі і школы.
Падтрымліваў ахвяраваннямі беларускую прэсу, якая выходзіла ў Вільні, а таксама беларускі дзіцячы прытулак у Вільні.
Падчас парламенцкіх выбараў у 1922 годзе далучыўся да Беларускага выбарчага камітэта, які падтрымліваў кандыдатаў ад Блока нацыянальных меншасцей. Падтрымліваў Беларускую Хрысціянскую Дэмакратыю.
У час служэння ў Задарожжы працягваў ужываць беларускую мову ў прыватных размовах з вернікамі, катэхізацыі і — зрэдку — у казаннях. Адкрыта казаў пра сваю прыналежнасць да беларускага народа. Распаўсюджваў сярод парафіянаў свецкую і рэлігійную літаратуру, у тым ліку на беларускай мове. Падтрымліваў ахвяраваннямі беларускі часопіс «Chryścijanskaja Dumka» і польскі каталіцкі тыднёвік «Nasz Przyjaciel».
У час служэння ў Задарожжы ў 1923 годзе бясплатна аддаў частку плябаніі на польскую пачатковую школу, у якой настаўнікам быў яго родны брат Уладзіслаў Рамейка.
У 1925 годзе разам з чатырнаццаццю іншымі беларускімі каталіцкімі святарамі падпісаў мемарандум да канферэнцыі польскіх біскупаў, які патрабаваў увядзення выкладання беларускай мовы, літаратуры і гісторыі ў духоўных семінарыях і іншае.
У 1928 годзе частка задарожскіх парафіян на чале з буйнымі польскімі землеўласнікамі накіравала зварот да арцыбіскупа Рамуальда Ялбжыкоўскага, у якім абвінавачвала кс. Францішку Рамейку ў «беларускай агітацыі». Паводле аўтараў звароту, з 1921 года кс. Рамейка распаўсюджваў сярод парафіян беларускія газеты, у тым ліку «Krynicu» (орган Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі), беларускія малітоўнікі і іншую літаратуру, ужываў беларускую мову ў катэхізацыі, заклікаў галасаваць за беларускіх кандыдатаў на парламенцкіх выбарах 1928 годаЛітоўскі цэнтральны дзяржаўны архіў, фонд 694, вопіс 3, справа 1151, с. 48-50..
Крыніцы
Літаратура
Рамейка Францішак // Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.: Жыццярысы, мартыралогія, успаміны / Аўтар-укладальнік: Юрась Гарбінскі. -- Менск-Мюнхен: Беларускі кнігазбор, 1999. -- ISBN 985-6318-65-3
Спасылкі
Катэгорыя:Постаці беларускага каталіцтва Катэгорыя:Грамадскія дзеячы Беларусі Катэгорыя:Самазабойцы Катэгорыя:Застрэліліся