Барталаме́а Франчэ́ска Растрэ́лі (, , ; 1700, Парыж — 1771, Санкт-Пецярбург) — расійскі архітэктар італьянскага паходжання, прадстаўнік барока сярэдзіны XVIII стагоддзя. Адзін з найважнейшых прадстаўнікоў расійскага імперскага, або лізавецінскага барока. У 1730—1763 гадах быў прыдворным архітэктарам. Сын скульптара і архітэктара Барталамеа Карла Растрэлі.

Да найважнейшых твораў Растрэлі належаць Рундальскі і Елгаўскі палацы ў сучаснай Латвіі, Вялікі Пецяргофскі палац, Кацярынінскі палац у Царскім Сяле, Зімовы палац, Строганаўскі і Варанцоўскі палацы, ансамбль Смольнага манастыра ў Санкт-Пецярбургу і Андрэеўская царква ў Кіеве.

Біяграфія

Раннія гады Растрэлі нарадзіўся ў Парыжы ў сям’і фларэнтыйскага скульптара і архітэктара Барталамеа Карла Растрэлі і Кацярыны Осма. Пры хрышчэнні атрымаў імя Франсуа-Нікаля (). Імаверна, першыя прафесійныя навыкі атрымаў у майстэрні бацькі.

У 1715 годзе Карла Растрэлі заключыў кантракт з расійскім дваром, і 24 сакавіка 1716 года бацька і сын Растрэлі прыбылі ў Санкт-Пецярбург. Кацярына Осма з малодшым сынам Барталамеа далучылася да іх, імаверна, летам 1717 года.

Паміж 1725 і 1730 гадамі Растрэлі вучыўся за мяжой, магчыма, у Італіі. Аднак дакументальных пацвярджэнняў такой паездкі не выяўлена, таму гэта застаецца гіпотэзай.

Да найбольш ранніх дакументальна засведчаных прац Растрэлі належыць палац малдаўскага гаспадара і расійскага дзяржаўнага дзеяча Дзмітрыя Канцеміра ў Санкт-Пецярбургу, над якім ён працаваў у 1721—1727 гадах. Гэтая пабудова лічыцца яго першай самастойнай працай.

Прыдворны архітэктар У 1730 годзе Растрэлі стаў прыдворным архітэктарам. Значны этап яго ранняй самастойнай творчасці быў звязаны з Эрнстам Ёганам Біронам, фаварытам імператрыцы Ганны Іванаўны і герцагам Курляндыі і Семігаліі. Для яго архітэктар стварыў праекты палацаў у Рундале і Елгаве.

Асабліва шырокія магчымасці для творчасці Растрэлі атрымаў у часы імператрыцы Лізаветы Пятроўны. У 1740—1750-я гады архітэктар працаваў над буйнымі імператарскімі і арыстакратычнымі рэзідэнцыямі, храмамі і манастырскімі ансамблямі Санкт-Пецярбурга, Пецяргофа, Царскага Сяла і Кіева.

У 1747—1752 гадах Растрэлі перабудоўваў Вялікі Пецяргофскі палац.

У 1747 годзе Растрэлі стварыў праект Андрэеўскай царквы ў Кіеве. Будаўніцтвам у 1748—1767 гадах кіраваў архітэктар Іван Мічурын. Да кіеўскіх прац Растрэлі належыць таксама Марыінскі палац, узведзены ў 1752—1755 гадах.

У 1748 годзе пачалося будаўніцтва Смольнага манастыра ў Санкт-Пецярбургу. Растрэлі задумаў яго як вялікі рэгулярны ансамбль з манументальным цэнтральным саборам. Першапачатковы праект прадугледжваў таксама шмат’ярусную званіцу, якая не была пабудавана.

Адначасова архітэктар працаваў над рэзідэнцыямі расійскай арыстакратыі. Варанцоўскі палац быў узведзены ў 1749—1757 гадах, Строганаўскі палац — у 1752—1754 гадах.

У Царскім Сяле Растрэлі перабудаваў ранейшую імператарскую рэзідэнцыю ў манументальны Кацярынінскі палац. Яго працяглы фасад з рытмам калон, багатым скульптурным дэкорам і пазалотай стаў адным з найбольш характэрных узораў барочнай архітэктуры гэтага перыяду.

Адной з галоўных палацавых прац Растрэлі стаў Зімовы палац у Санкт-Пецярбургу, створаны ў 1754—1762 гадах як імператарская рэзідэнцыя.

Апошнія гады Пасля прыходу да ўлады Кацярыны II у 1762 годзе становішча Растрэлі пры двары пагоршылася. Архітэктурныя густы новай імператрыцы істотна адрозніваліся ад густу яе папярэдніцы Лізаветы Пятроўны. 10 жніўня 1762 года Растрэлі атрымаў гадавы адпачынак і выехаў у Італію. Пасля вяртання 23 кастрычніка 1763 года ён папрасіў вызваліць яго ад пасады з прычыны ўзросту і стану здароўя; яму была прызначана штогадовая пенсія.

У 1764 годзе Растрэлі зноў працаваў у Курляндыі над рэзідэнцыямі Бірона ў Рундале і Елгаве. У 1766 годзе ён наведаў Берлін, дзе спадзяваўся атрымаць заказ ад караля Фрыдрыха II, аднак без поспеху. У 1767 годзе ў Елгаве памерла жонка архітэктара. У 1768 годзе Растрэлі зноў ездзіў у Італію, а ўвосень 1770 года вярнуўся ў Санкт-Пецярбург.

У 1771 годзе Растрэлі быў прыняты ў Імператарскую Акадэмію мастацтваў. У тым жа годзе памёр у Санкт-Пецярбургу. Дакладная дата яго смерці не ўстаноўлена.

Творчасць Творчасць Растрэлі развівалася на аснове традыцый еўрапейскага позняга барока, якія былі пераасэнсаваны ім пад уплывам рускай нацыянальнай мастацкай культуры. Раннія пабудовы архітэктара захоўвалі блізкасць да расійскай архітэктуры першай паловы XVIII стагоддзя.

Для пабудоў Растрэлі характэрны вялікі прасторавы размах ансамбляў і насычанасць архітэктурным дэкорам. Ён шырока выкарыстоўваў званіцы, купалы, ганкі, калоны і каланады. Значную ролю адыгрывалі паліхромія фасадаў, пазалота і раслінныя матывы ў дэкоры. Архітэктура вылучаецца пышнасцю, актыўным выкарыстаннем калон і паўкалон, скульптур, ляпніны і іншых дэкаратыўных элементаў.

У творах 1750—1760-х гадоў архітэктурныя формы сталі больш пластычнымі і рэльефнымі, а рытм каланад — больш складаным. Прасторавы размах пры гэтым спалучаўся з выразнасцю асноўных аб’ёмаў і строгасцю планаў. Найбольш манументальна гэтыя рысы выявіліся ў ансамблі Смольнага манастыра і Зімовым палацы.

Важнае месца ў праектах Растрэлі займалі парадныя інтэр’еры. У Царскім Сяле і іншых імператарскіх рэзідэнцыях ён выкарыстоўваў працяглыя анфілады залаў, якія стваралі далёкія перспектывы ўнутранай прасторы. У аздабленні шырока ўжываліся люстэркі і пазалочаная разьба.

Найважнейшыя творы № Выява Назва Месца Дата 1 Рундальскі палац Рундале, Латвія 1736—1740; другі перыяд будаўніцтва 1764—1770 2 Елгаўскі палац Елгава, Латвія з 1738 3 Вялікі Пецяргофскі палац Пецяргоф, Расія 1747—1752 4 Андрэеўская царква Кіеў, Украіна праект 1747; будаўніцтва 1748—1767 5 Смольны сабор Санкт-Пецярбург, Расія з 1748 6 Варанцоўскі палац Санкт-Пецярбург, Расія 1749—1757 7 Кацярынінскі палац Царскае Сяло, Расія 1752—1757 8 Павільён «Эрмітаж» Царскае Сяло, Расія працы Растрэлі 1749—1754 9 Павільён «Грот» Царскае Сяло, Расія праект 1749; будаўніцтва працягвалася да 1760-х 10 Марыінскі палац Кіеў, Украіна 1752—1755 11 Строганаўскі палац Санкт-Пецярбург, Расія 1752—1754 12 Зімовы палац Санкт-Пецярбург, Расія 1754—1762

Заўвагі

Літаратура

Лазука Б. А. Гісторыя сусветнага мастацтва : XVII—XVIII стагоддзі. — Мінск : Беларусь, 2010. — 252, с. : іл. — ISBN 978-985-01-0899-9. Мастацтва (айчынная і сусветная мастацкая культура) : вучэбны дапаможнік для 8 класа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай мовай навучання. — Мінск : Адукацыя і выхаванне, 2018. — С. 161—162. Барока ў беларускай культуры і мастацтве / Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі ; навук. рэд. В. Ф. Шматаў. — 2-е выд. — Мінск : Беларуская навука, 2001. — 304 с. : іл. — ISBN 985-08-0452-1. Денисов Ю. М., Петров А. Н. Зодчий Растрелли. — Ленинград : Государственное издательство литературы по строительству, архитектуре и строительным материалам, 1963. Овсянников Ю. М. Ф. Б. Растрелли. — Ленинград : Искусство, 1982.

Спасылкі Растрэлі // Беларуская энцыклапедыя. Rastrelli, Francesco // Dizionario Biografico degli Italiani. — Vol. 86. — 2016.

Катэгорыя:Нарадзіліся ў Парыжы Катэгорыя:Памерлі ў Санкт-Пецярбургу Катэгорыя:Архітэктары барока Катэгорыя:Архітэктары Санкт-Пецярбурга