Палац князёў Друцкіх-Любецкіх — помнік архітэктуры неакласіцызму ў Шчучыне. Гісторыка-культурная каштоўнасць рэспубліканскага значэння. Палац знаходзіцца ў паўночнай частцы горада, на месцы былога панскага маёнтка, тэрыторыя якога пасля Вялікай Айчыннай вайны была аддадзена пад ваенны гарадок і даволі шчыльна забудавана.

Гісторыя Першы палац пабудаваны ў 2-й палове XVIII стагоддзя паводле праекта архітэктара дэ Фленерса на паўночнай ускраіне Шчучына, у парку рэгулярнай планіроўкі (садавод С. Юндзіл). Належаў падскарбію літоўскаму Шчуку, з пачатку XIX стагоддзя быў уладаннем князёў Друцкіх-Любецкіх.

Палац спраектаваны ў 1892—1895 гадах па замове князя (1864—1913) віленскім архітэктарам Тадэвушам Раствароўскім (1860—1928) і быў мала звязаны з папярэднім палацава-паркавым комплексам XVIII стагоддзя. З-за хваробы князя будаўніцтва ішло вельмі марудна. Пасля яго смерці ў 1913 годзе сям’я была не гатова працягваць будаўніцтва і аддзелку інтэр’ераў. Напрыклад, да пачатку Першай сусветнай вайны так і не былі зроблены балконныя агароджы. Падчас вайны палац у Шчучыне амаль не пацярпеў.

Каля 1921 года з вайсковай службы ў палац вяртаецца апошні ўладальнік Шчучына князь Ян Уладзіслававіч Друцкі-Любецкі (1898—1990), аднак у пасляваеннай разрусе 1921—1925 гадоў будаўніцтва і аздабленне не было зроблена.

У будынку ў савецкі час размяшчалася адміністрацыйная ўстанова. Помнік знаходзіўся ў адносна здавальняючым стане, захаванне яго фасадных дэталей давала магчымасць у адносна кароткі час яго аднавіць. У пачатку ХХІ ст. вяліся рэстаўрацыйныя работы, і ў верасні 2015 г. палац, абсталяваны пад цэнтр дзіцячай творчасці і краязнаўчы музей, быў адчынены для наведвальнікаўРубінчык, Вольф. Шчучынская каша (belisrael.info, 29.09.2015).

Архітэктура

Палац уяўляе сабой мураваную двухпавярховую рэзідэнцыю ў стылі пецярбургскага неакласіцызму канца XIX стагоддзя, з асобнымі элементамі эклектызму.

Двухпавярховы мураваны палац стаіць на высокім цокалі. Прамавугольны ў плане будынак мае сіметрычную кампазіцыю. З агульнага аб'ёму лёгка вычляняюцца з боку галоўнага фасада тры ўзаемазвязаныя аб'ёмы. Цэнтральны аб'ём, адсунуты злёгку ўнутр, утвараючы такім чынам мансарду, вырашаную ў выглядзе лоджыі з дзвюма іанічнымі калонамі, па баках — двухпавярховыя аб'ёмы, раскрапаваныя пілястрамі. Дах плоскі, накрыты бляхай. Фасады па перыметры завершаныя развітым карнізам, які ўпрыгожвала моцна прафіляваная ляпніна, і парапетам з атыкам у цэнтры. Прамавугольныя аконныя праёмы аздоблены сандрыкамі, да ўваходу вядзе шырокая лесвіца.

Планіроўка палаца калідорная, мае нерэгулярны характар. Жылыя памяшканні ў асноўным групаваліся ўздоўж галоўнага фасада і двух бакавых, а з паркавага фасада размяшчаліся парадныя памяшканні.

Інтэр'ер

Інтэр'ер аздоблены ў класіцыстычнай манеры. Мэбля належала да ранніх стыляў. Сцены ўпрыгожвалі партрэты і іншы жывапіс, з скульптуры — мармуровая Леда невядомага аўтара. Амаль усю правую частку паркавага фасада займала на першым паверсе доўгая сталовая, дзе сцены былі ўпрыгожаны партрэтамі польскіх каралёў, а ў сервантах захоўвалася фамільнае срэбра і французскі фарфор. Жылыя пакоі мелі больш сучасную мэблю. Унутранае ўбранне, мэбля, вялікая частка маёмасці былі вывезены ў кастрычніку 1939 г.

Будаўніцтва ваеннага гарадка пасля Другой сусветнай вайны на тэрыторыі маёнтка і палацава-паркавага комплексу, а перш за ўсё прыбудова да палаца значна змянілі архітэктурна-планіровачны ансамбль і непасрэдна сам палац.

Літаратура

Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej : w 11 t. / R. Aftanazy. — Wrocław — Warszawa — Kraków : Zaklad im. Ossolinskich Wyd-wo, 1993. — Cz. 1. Wielkie księstwo Litewskie. Inflanty. Kurlandia. — T. 3. Województwo trockie, Księstwo Żmudzkie, Inflanty Polskie, Księstwo Kurlandzkie. — 413 s.

Спасылкі

Катэгорыя:Славутасці Шчучына Катэгорыя:Палацы Беларусі Катэгорыя:Друцкія-Любецкія