Прыста́ўка, прэ́фікс (ад — прымацаваны спераду) — службовая марфема, што ўжываецца перад коранем і надае слову новае лексічнае ці граматычнае значэнне. Часцей надае новае лексічнае значэнне.
Прэфіксы заўсёды матэрыяльна выражаныя марфемы, у адрозненне ад суфіксаў, канчаткаў і ад інтэрфіксаў.
Асаблівасці прэфіксаў Не маюць строгага замацавання за той ці іншай часцінай мовы. Напрыклад, прэфікс пад-: падгрупа (назоўнік), падземны (прыметнік), паддаць (дзеяслоў). Заўсёды далучаюцца толькі да цэлага слова, а не да асновы. Не змяняюць прыналежнасці вытворнага слова да часціны мовы. У сучаснай беларускай мове існуе толькі 2 словы, у якіх прэфікс пераводзіць назоўнік у прыслоўе: накрыж, навек. Калі прыстаўка ўжываецца ў спалучэнні з суфіксам, то яна далучаецца толькі да асновы слова. У такім выпадку можа пераводзіць слова ў іншую часціну мовы.
Віды прэфіксаў
Паводле функцыі Дэрывацыйныя (словаўтваральныя): біць — адбіць. Рэляцыйныя (словазменныя) — толькі прыстаўка най- у найвышэйшай ступені параўнання прыметнікаў: лепшы — найлепшы. Сінкрэтычныя (служаць для ўтварэння закончанага трывання дзеясловаў): казаць — сказаць.
Паводле паходжання Спрадвечнабеларускія — крыніцай служаць службовыя часціны мовы (прыназоўнікі, часціцы), самастойныя часціны мовы, прыстаўкі. Запазычаныя — з грэчаскай мовы (а-, анты-, гіпер-), з лацінскай мовы (інтэр-), з французскай мовы (дэ-, дэз-).
Паводле фанемнага складу Монафанемныя — складаюцца з адной фанемы, Поліфанемныя — складаюцца з 2 і болей фанем.
Паводле фанемнай структуры Паводле пачатковага гука: прыкрытыя — пачынаюцца з зычнага гука, непрыкрытыя — пачынаюцца з галоснага гука. Паводле канцавога гука: закрытыя — заканчваюцца на зычны гук, адкрытыя — заканчваюцца на галосны гук.
Паводле спалучальнасці (валентнасці) Мультывалентныя (рэгулярныя) — сустракаюцца ў вялікай колькасці слоў, утвараюць вялікую колькасць вытворных. Унівалентныя (нерэгулярныя) — маюць абмежаваную спалучальнасць.
Літаратура Беларуская граматыка: У 2 ч. — Мінск: Навука і тэхніка. — Ч. 1. Фаналогія Арфаэпія. Марфалогія. Словаўтварэнне. Націск, 1985. Шакун Л. М. Словаўтварэнне. Мінск: Вышэйшая школа, 1978. Шуба П. П. Сучасная беларуская мова. Марфаналогія. Марфалогія. Мінск, 1987.