Мінойская цывілізацыя, або мінойская культура — умоўная агульнараспаўсюджаная назва першай цывілізацыі на тэрыторыі Еўропы, асноўным цэнтрам якой быў востраў Крыт. Існавала ў XXVII — XIV стст. да н.э. Разглядаецца як частка эгейскай культуры.
Міфалогія Старажытнагрэчаская міфалагічная і гістарычная традыцыі засноўваліся на паданнях, быццам бы першасная гегемонія ў Старажытнай Грэцыі належала Крыту, дзе кіраваў валадар Мінас. Яму прыпісваліся стварэнне першага пісьмовага заканадаўства, актыўнае ўмяшальніцтва ў справы іншых эгейскіх дзяржаў, будаўніцтва палаца Лабірынта для свайго пачварнага пасынка Мінатаўра, вандроўка на Сіцылію і г. д.
З Мінасам звязаны легенды пра крыцкага быка, што спусташаў розныя рэгіёны Грэцыі. Паводле міфа пра атычнага героя Тэсея, Афіны выплочвалі Крыту ганебную даніну дзяўчатамі і юнакамі, якія прыносіліся ў ахвяру Мінатаўру. Аднак Тэсей здолеў пракрасціся ў Лабірынт са зброяй і забіць пачвару. Яму ж прыпісвалася забойства крыцкага быка.
Ужо ў эпоху антычнасці да міфаў пра Мінаса і Тэсея ставіліся даволі крытычна. Часам іх імкнуліся растлумачыць рацыянальна, а часам — абвяргалі. Герадот звязваў з імем Мінаса росквіт эгейскіх астравоў і казаў, што іх жыхары выплочвалі Крыту лёгкую даніну грабцамі. Ён паведамляў, што тубыльцы астравоў-лелегі і карыйцы былі пераселены крыцянамі ў Малую Азію. Афінскі гісторык Фукідыд лічыў, што вялікая ўлада крыцкага валадара абапіралася на таласакратыю — перавагу на моры.
Так або іначай, імя Мінаса дало пачатак тэрміну мінойскі, які азначаў пэўны перыяд росквіту дзяржавы на Крыце, а пасля і ўсёй культуры старажытнага Крыта і Эгейскага басейна.
Археалогія Ужо ў эпоху Асветніцтва старажытнагрэчаская міфалогія ўспрымалася толькі як казка. Цікавасць да старажытных паданняў сярод еўрапейскіх навукоўцаў адрадзілася толькі ў XIX ст. Асаблівую сенсацыю выклікалі раскопкі Троі і рэшткаў Мікенскай цывілізацыі нямецкім археолагам-самавучкай Генрыхам Шліманам. Аднак спробы Шлімана і іншых археолагаў весці даследаванні на Крыце па розных прычынах не прынеслі асаблівага плёну.
Сітуацыя змянілася дзякуючы прафесійнаму брытанскаму даследчыку Артуру Эвансу. У 1900 г. ён распачаў маштабныя раскопкі палаца ў Кносе, якія прывялі да знаходкі найстаражытнейшай цывілізацыі на тэрыторыі Еўропы. А. Эванс здолеў адшукаць і даць тлумачэнне некалькім буйным археалагічным помнікам 3 — 2 тысячагоддзяў да н.э., адкрыў крыцкую лінейную пісьмовасць і стварыў рэканструкцыю мінойскага грамадства і культуры. Хаця многія яго погляды састарэлі або былі абвергнуты паслядоўнікамі, ідэі А. Эванса пра матрыярхальнае грамадства старажытнага Крыта, тэакратычную ўладу кноскіх манархаў, мірны характар гэтай цывілізацыі, рэлігійныя вераванні мінойцаў працягваюць моцна ўплываць і на сучасных даследчыкаў.
У 1932 г. грэчаскі археолаг Спірыдон Марынатас падчас раскопак у 6 км ад Кноса знайшоў рэшткі мінойскай пабудовы, дзе выявіў паклады вулканічнай пемзы. Ён прыйшоў да высновы, што мінойская цывілізацыя магла быць знішчана ў выніку катастрофы — вывяржэння вулкана на суседнім востраве Сантарын. У 1967—1974 гг. С. Марынатас арганізаваў даследаванні на Сантарыне, дзе бліскуча даказаў не толькі факт некалькіх вывяржэнняў, але таксама адкрыў пакуль адзіны вядомы мінойскі горад Акраціры.
У 1950 г. брытанцы Майкл Вентрыс і Джон Чэдвік расшыфравалі крыцкае лінейнае пісьмо тыпу Б і даказалі, што яно мае дачыненне да мікенскай, а не мінойскай цывілізацыі. У другой палове XX ст. адбыўся перагляд многіх першасных ідэй аб існаванні мінойскага Крыта, што стала магчыма дзякуючы далейшым археалагічным пошукам, а таксама галоснасці і адкрытасці ў навуковым асяроддзі (А. Эванс неахвотна публікаваў матэрыялы, якія супярэчылі яго тлумачэнням, або якія ён не мог зразумець).
Перыядызацыя Першасная перыядызацыя мінойскай цывілізацыі была зроблена Артурам ЭвансамИстория Древней Греции./Сост. К. В. Паневин — СПб.: АСТ, Полигон, 1999. — С. 27 ISBN 5-89173-037-5:
Старажытны мінойскі перыяд (2600—2000 гг. да н.э.) Сярэдні мінойскі перыяд (2000—1600 гг. да н.э.) Позні мінойскі перыяд (1600—1100 гг. да н.э.)
Хаця перыядызацыя А. Эванса паўплывала на вылучэнне тых ці іншых перыядаў Эгейскай культуры, ў нашы дні яна лічыцца састарэлай. Згодна археалагічным знаходкам прынята падзяляць гісторыю мінойскай цывілізацыі на:
Ранні бронзавы век (3000 — 1900 гг. да н.э.) Сярэдні бронзавы век (1900 — 1550 гг. да н.э.)
Археалагічная перыядызацыя таксама цалкам не супадае з эпохамі зараджэння і развіцця цывілізацыі, таму сярод даследчыкаў мінойскага Крыта ў апошнія дзесяцігоддзі пераважае падзел на наступныя перыяды:
Дапалацавы час (2600—2000 гг. да н.э.) Перыяд ранніх палацаў (1900 — 1700 гг. да н.э.) Перыяд новых палацаў (1700 — 1450 гг. да н.э.)Гл.: Борис Сергеевич Ляпустин, Игорь Евгеньевич Суриков, Древняя Греция
Гісторыя thumb|350 px|Мінойскі Крыт Археалагічныя раскопкі 2008—2009 гг. паказалі, што Крыт быў населены продкамі сучаснага чалавека ўжо 130 тысяч гадоў таму. Цікава, што некаторыя вучоныя лічаць, быццам бы гэта адбылося шляхам мараплаўстваThomas F. Strasser et al., Stone Age Seafaringin the Mediterranean . Засяленне челавекам сучаснага тыпу адбылося толькі ў неаліце, у сярэдзіне 7 тысячагоддзя да н. э. Нягледзячы на тое, што неалітычныя жыхары дасягнулі дастаткова высокай ступені развіцця, доўгі час меркавалася, што прыкладна ў 2600 г. да н.э. яны саступілі месца перасяленцам з іншых рэгіёнаў, якія і стварылі мінойскую цывілізацыюHistory of Crete: Outlined history of the island of Crete, from Neolithic times to present days. Найбольш папулярнай была гіпотэза аб перасяленні з Малой Азіі. Акрамя таго, у розны час высоўваліся здагадкі аб перасяленні з паўначы Балканскага паўвострава, Блізкага Усходу (Фінікія), Паўночнай Афрыкі (Старажытны Егіпет) і г. д.Ю. В. Откупщиков, Догреческий субстрат. У истоков европейской цивилизации. — Лг.: Из-во Ленинградского университета, 1988
Даследаванні магільняў і вывучэнне фрэсак палацаў прывялі да думкі, што мінойцы былі невысокімі (сярэдні рост мужчын каля 160 см), чарнявымі і хутчэй належалі да міжземнаморскага тыпу еўрапеоіднай расы. Палеагенетычнае даследаванне 2012 г. мінойскіх магільняўDNA reveals origin of Greece's ancient Minoan culture паказала, что пахаваныя ў іх былі блізкімі да тагачаснага насельніцтва Еўропы і сучасных жыхароў Крыта, найхутчэй яны з'яўляліся нашчадкамі першасных перасяленцаў каменнага веку.
У 2600 — 2400 гг. да н.э. на Крыце адбыліся значныя змены — удасканаленне выплаўлення бронзы і асваенне земляробамі ўсіх прыдатных земляў. Важную ролю ў сельскай гаспадарцы адыгрывала ўрадлівая даліна Месара на поўдні цэнтральнага Крыта. Жыхары вострава асвоілі вырошчванне збожжавых (асаблівае месца займаў непатрабавальны да глебаў ячмень), вінаграду і масліны. Вывучэнне керамікі і выяў паказала, што на мінойскім Крыце і суседніх астравах квітнела пчалярстваAnastasios V. Harissis, Haralampos V. Harissis, Apiculture in the Prehistoric Aegean. Minoan and Mycenaean Symbols Revisited. Магчыма, у гэты перыяд Крыт адчуваў уздзеянне развітай кікладскай культуры. Сувязь і абмен з іншымі рэгіёнамі Міжземнага мора забяспечвалі мінойцаў металамі (медзю і волавам), якія на Крыце не здабываліся, але маглі быць дастаўлены з Кіпра, Малой Азіі і поўначы Балканскага паўвострава.
У 2400 — 2100 гг. да н.э. з'явіліся паселішчы з вялікімі жытламі і калектыўнымі купальнымі магільнямі. Распаўсюджваецца ганчарнае кола. Керамічныя вырабы гэтага часу ўжо адрозніваліся значнай вытанчаннасцю. Сустракаюцца выявы караблёў. Знаходкі каменных якараў да паўтоны (пачатак 2 тысячагоддзя да н.э.) сведчаць, што жыхары Крыта будавалі буйныя марскія судны. Аднак у 2100 — 1900 гг. да н.э. многія паселішчы апынуліся разбуранымі. Прыкладна тады ж знікла кікладская культура.
Цэнтрамі грамадскага і рэлігійнага жыцця сталі крыцкія палацы (Малія, Фест, Кнос), якія суседнічалі з меншымі па памерах віламі і звычайнымі паселішчамі земляробаў. На востраве Сантарын быў пабудаваны пакуль адзіны вядомы мінойскі горад. Перыяд ранніх палацаў таксама скончыўся разбурэнняміКрит. История. Минойская эпоха . Мяркуецца, што разбурэнні былі выкліканы моцным землетрасеннем. Той жа лёс нападкаў падобную палацавую культуру, якая існавала на Пелапанесе. Але ў адрозненні ад Пелапанеса, на Крыце палацавыя комплесы адрадзіліся.
Перыяд новых палацаў (1700 — 1450 гг. да н.э.) лічыцца росквітам мінойскай цывілізацыі, калі Крыт набыў палітычнае адзінства. Магчыма, адным з кіраўнікоў Крыта быў легендарны Мінас, або гэта імя насілі розныя валадары вострава. Новыя палацы, значна большыя па плошчы, чым старыя, працягвалі адыгрываць ролю грамадскіх, эканамічных і культурных цэнтраў. Найбольшым з'яўляўся палац у Кносе, таму яго прынята вылучаць як галоўны. Палацы аб'ядноўвала сетка дарог. Яны не былі ўмацаванымі, што падкрэслівае бязбоязнасць насельнікаў палацаў у дачыненні да іншаземцаў і простых суграмадзян. На малюнках, знойдзеных на Крыце і Сантарыне, мала выяў, звязаных з гвалтам. Унутраны мір мог дасягацца тэакратычным характарам кіравання, тым, што палацы з'яўляліся рэлігійнымі цэнтрамі. Знешняя бяспека тлумачыцца астраўной ізаляцыяй і таласакратыяй.
Да сярэдзіны XV ст. да н.э. мінойская цывілізацыя пашырыла свой уплыў на астравы Эгейскага мора, Кіпр і паўднёвы захад Малой Азіі (раён Мілета). Вялікі флот Крыта і Сантарына вёў гандаль з Паўночнай Афрыкай, Блізкім Усходам і Заходнім Міжземнамор'ем. Кераміку і іншыя рэчы, зробленыя мінойцамі, знаходзяць у розных рэгіёнах Грэцыі, на тэрыторыі Егіпта, Турцыі, Усходняй Сіцыліі, нават на поўдні Іспаніі і ў іншых краінах, адкуль таксама прывозілі металы, збожжа, драўніну, шкарлупіну струсіных яек і г. д. Адзінкай буйных разлікаў міжнароднага гандлю быў так званы крыцкі талант — мера вагі ў 29 кг. Знойдзены дваццаці дзевяці кілаграмовыя каменныя гіры, а таксама зліткі бронзы ў форме бычыных скур. Перыяд новых палацаў адзначыўся росквітам культуры і мастацтва.
У наш час большасць вучоных прытрымліваецца думкі, што мінойская цывілізацыя загінула ў выніку двух катастрафічных вывяржэнняў вулкана на востраве Сантарын. Першае адбылося каля 1520 г. да н.э. Яно значна пераўзыходзіла знакамітае вывяржэнне Кракатау ў 1883 г., суправаджалася магутным выбухам, вікідамі вадзянога пару, атрутных газаў, велізарнага воблака попелу, цунамі з хвалямі да 25 — 40 м увышыню. Вывяржэнне знішчыла горад Акраціры на самім Сантарыне. Значна пацярпеў Крыт, асабліва яго паўночнае ўзбярэжжа. Попел і пемза засыпалі палеткі, што прывяло да неўраджаяў і згубы хатніх жывёлін. Аднак большасць палацаў выстаяла, і жыццё было ўзноўлена. Другое вывяржэнне адбылося каля 1460 г. да н.э. На гэты раз былі разбураны ўсе палацы і порты, відавочна знішчаны флот. Як паказваюць даследаванні апошніх дзесяцігоддзяў, мінойцы панеслі значныя чалавечыя страты, але імкнуліся наладзіць гаспадаркуAnnelisa Stephan, Life After Disaster: A Conversation with Archaeologist Sandy MacGillivray. Але з Балканскага паўвострава на Крыт пераправіліся ваяўнічыя ахейцы. Яны паклалі канец мінойскай культуры. Крыт быў уцягнуты ў сферу мікенскай цывілізацыі. Паданні аб двух спусташэннях захоўваліся на Крыце стагоддзямі і былі зафіксаваны ГерадотамГерадот, VII:171.
Грамадства і культура
Адным з найвялікшых дасягненняў мінойскай цывілізацыі было вынаходніцтва лінейнага пісьма тыпу А. Яно развівалася з піктаграфічных знакаў, якія пакідалі на прадметах і пячатках. Больш дасканалым складовым пісьмом карысталіся пераважна ў перыяды палацаў. Знойдзена значная колькасць гліняных таблетак з запісамі на лінейнай мове А. Яны пакуль не расшыфраваны, але, як мяркуюць, уяўляюць сабою гаспадарчыя запісы.
Культурнымі, палітычнымі і эканамічнымі цэнтрамі з'яўляліся так званыя палацы. Адзіная архітэктурная схема крыцкіх палацаў канчаткова замацавалася толькі ў XVII — XVI стст. да н.э. Яна мела наступныя асаблівасці:
Сэнсавым цэнтрам будынка з'яўляецца ўнутраны двор, ад яго ідзе развіццё будаўнічай планіроўкі. У планіроўцы прынцып функцыянальнасці пераўзыходзіць прынцып сіметрычнасці