Грыпсхольм () — замак у Марыефрэдзе (Швецыя), размешчаны на востраве возера Меларэн.

Называецца ад імя рыцара Бо Ёнсана Грыпа (), які заклаў яго каля 1380 года. Бо Ёнсан Грып, прадстаўнік настаражытнейшай арыстакратычнай сям’і Швецыі, служыў каралю Магнусу Эрыксану як дзяржаўны канцлер і вельмі ўплывовы чалавек, бо кароль пастаянна пазычыў у яго грошы. Калі прыходзіў час расплачвацца, кароль плаціў зямлёй. Так Бо Ёнсан Грып атрымаў больш за палову зямель у Швецыі. Пасля дзяржаўнага перавароту пры падтрымцы канцлера шведскі сталец заняў новы кароль Альбрэхт Мекленбургскі. Пры новым каралі ўлада і багацце Грыпа атрымалі беспрэцэдэнтныя магчымасці. У 1386 годзе Бо Ёнсан Грып памёр, вайна за яго спадчыну працягвалася тры гады.

Разлад не закрануў Грыпсхольм, але ў 1386 годзе замак апусцеў і пачаў паступова руйнавацца. Прадстаўнік старажытнай шведскай арыстакратычнай сям’і Стэн Стурэ-старэйшы набыў Грыпсхольм у скарба ў 1472 годзе. Пазней ён перадаў замак як падарунак манахам-картэзіянам, якія заснавалі манастыр Найсвяцейшай Панны Марыі ў Грыпсхольме.

6 чэрвеня 1523 года Густаў I Ваза быў абраны каралём Швецыі, ён прыйшоў да ўлады пасля крывавай вызваленчай вайны супраць датчан на чале з каралём Крысціянам II. Новы валадар атрымаў амаль пусты дзяржаўную скарб і шукаў шляхі яго неадкладнага папаўнення. Адной з крыніц папаўнення стала моцная і заможная каталіцкая царква Швецыі, каб атрымаць доступ да яе багаццяў Густаў Ваза вырашыў рэфармаваць царкву, стаўшы яе кіраўніком. Каталіцызм быў забаронены, манастыры закрыты. Картэзіянскі манастыр у Марыфрыдзе такім чынам трапіў да дзяржавы. На руінах Грыпсхольма пачалося будаўніцтва новага замка.

Замак быў пабудаваны ў 1537—1545 гадах пад кіраўніцтвам архітэктара Хенрыка фон Кёлена. Умацаванне павінна было стаць часткай абарончай структуры Швецыі супраць Даніі, а ў чатырох круглых вежах усталяваны гарматы для абароны ўласнай гавані. У замку кароль захоўваў сваю калекцыю карцін, якая пазней была дастаўлена ў Каралеўскі палац у Стакгольме і ў 1886 годзе стала асновай будучага Нацыянальнага музея Швецыі. Насуперак чаканням, для абароны замак не выкарыстоўваўся, але стаў месцам зняволення.

Эрык XIV, які стаў каралём пасля смерці бацькі Густава I, уступіў у канфлікт са сваім малодшым братам Юханам. Юхан, незадаволены палітыкай брата, наладзіў сувязі з Жыгімонтам Аўгустам, каралём варожай Рэчы Паспалітай, ажаніўся з яго сястрой Кацярынай Ягелонкай і пазычыў яму вялікую суму грошай у заклад сямі замкаў у Лівоніі. Шведскі рыксдаг абвінаваціў Юхана ў здрадзе і ў 1563 годзе прысудзіў да смерці — герцага схаплілі і зняволілі ў замку Грыпсхольм. Зняволенне, даволі мяккае, добраахвотна падзяліла з ім Кацярына. Значную частку свайго зняволення Юхан прысвячаў багаслоўскім заняткам, асабліва чытанню твораў Айцоў Царквы.

У зняволенні ў замку Грыпсхольм Кацярына Ягелонка нарадзіла сына Жыгімонта, будучага караля Рэчы Паспалітай і Швецыі. Пасля выхаду з турмы, у выніку перавароту Юхан заняў сталец, а Эрык XIV быў зняволены, а замак Грыпсхольм быў адным з месцаў яго трымання ў 1571—1573 гадах.

Барацьба за сталец не скончылася. Малодшы сын Густава Вазы, вядомы як герцаг Карл, захапіў сталец і стаў каралём Карлам IX. У часы яго валадарства (1604—1611) ажыццёўлена паэтапная перабудова замка. У прыватнасці, пабудаваны каралеўскі паверх з залай прыёмаў, флігель Карла IX у прадзамкавым умацаванні і спальня герцага Карла, якая дайшла да нашых дзён практычна ў першапачатковым выглядзе.

Пасля смерці Карла X Густава (1654—1660) замак як леннае ўладанне належаў яго ўдаве Гедвізе Элеаноры. Пры ёй у замку праведзены новыя працы, апроч іншага збудаваны так званы флігель Каралевы. У 1708—1709 гадах перабудаваны верхнія паверхі замка.

Пасля 1715 года Грыпсхольмскім замкам пэўны час не карысталіся як каралеўскай рэзідэнцыяй. Некаторыя яго памяшканні ў гэты перыяд былі адведзены пад турму, аднак у часы валадарства Густава III (1771—1792) замак зноў перажыў росквіт. Тым часам пабудаваны будынкі для прыдворных і Грыпсхольмскі замкавы тэатр. У 1773 годзе каралева Сафія Магдалена арганізавала ў замку невялікі тэатр, а ў 1781 годзе архітэктару Эрыку Пальмстэту было даручана ператварыць яго ў паўнавартасны прыдворны тэатр. Праз год ён быў гатовы. У ім была ўладкавана новая сцэна з тэатральнымі механізмамі для змены дэкарацый.

У 1809 годзе ў Грыпсхольмскім замку падпісаў адрачэнне ад стальца кароль Густаў IV Адольф.

Заснаванае ў 1889 годзе Грыпсхальмскае таварыства ў 1891—1899 гадах правяло паэтапную рэканструкцыю замка па чарцяжах архітэктара Фрэдрыка Лільеквіста. Яе мэтай было вызваленне замка ад архітэктурных напластаванняў XVII і XVIII стагоддзяў і вяртанне рэнесанснага выгляду. Пры рэалізацыі гэтага спрэчнага рашэння да каралеўскіх пакояў быў надбудаваны трэці паверх. Перабудову рэзка крытыкавалі, у тым ліку пісьменнік Вернера фон Хейдэнстама.

У наш час у замку размяшчаны музей, часткай якога з’яўляецца і Шведская дзяржаўная партрэтная галерэя з 1400 партрэтамі выбітных шведскіх дзеячаў.

Літаратура Eriksson, Eva Den moderna stadens födelse: svensk arkitektur 1890—1920 (Ordfront, Stockholm: 1990) ISBN 91-7324-322-1 Strömbom, Sixten Gripsholm: slottet och dess samlingar 1537—1937 (Nordisk rotogravyr, Stockholm: 1937) Tucholsky, Kurt «Schloss Gripsholm»

Спасылкі

Сайт Дзяржаўнага кіравання нерухомасці (швед.)

Катэгорыя:Замкі Швецыі Катэгорыя:Музеі Швецыі