Інга-Ліна Ліндквіст, па нараджэнні Кузьменка (; ) — шведская пісьменніца, літаратурная крытык, культурная аглядальніца.
Біяграфія Нарадзілася 25 красавіка 1964 года ў Вільні. Дачка беларускага мастака Уладзіміра і Святланы (Курман) Кузьменкаў. Маці родам з Барысава, з нерэлігійнай яўрэйскай сям’і. Імя ўнучцы выбрала бабуля па бацьку. У дзяцінстве жыла ў Барысаве, скончыла 8 класаў у СШ № 9. Значную частку дзяцінства правяла на хутары дзеда па маці. У 1979 годзе пераехала да маці (у другім шлюбе — Ліндэн) і айчыма, дацкага ўрача, якія жылі ў Мальмё ў Швецыі. У Швецыі з часам стала актыўнай хрысціянкай.
Скончыла Вышэйшую школу сацыяльнай работы ў Лундзе, працавала сацыяльным работнікам, перакладчыцай і выкладчыцай мовы, школьным настаўнікам, выкладчыкам у тэатральным вучылішчы і на платных курсах маладых пісьменнікаў. Таксама атрымала адукацыю драматурга ў Тэатральнай акадэміі ў Мальмё і прайшла навучанне на дыяканісу. З 1996 года займаецца культурнай журналістыкай і літаратурнай крытыкай. Станам на 2008 год, выкладала ў Акадэміі пісьменнікаў ().
Станам на 2019 год, жыла ў раёне Кіста ў Стакгольме.
Была ў шлюбе з Перам-Оле Ліндквістам, мае трох дзяцей.
Творчасць
Паэзія Пісала на стыку дзвюх моў: стварала класічныя вершы рускай, у сілаба-тоніцы, затым, разам з мужам, перакладала іх на шведскую і адаптала для шведскамоўнага чытача верлібрам, што называла «крыжаваным апыленнем». У творчасці арыентавалася на традыцыі Ганны Ахматавай, Марыны Цвятаевай і Восіпа Мандэльштама.
Дэбютавала ў 1994 годзе зборнікам паэзіі «Änglaspår» («Па анёльскіх слядах»). Зборнік атрымаў цудоўныя водгукі, Ліндквіст першая з дэбютантаў атрымала паэтычную прэмію арганізацыі FIB (FIB:s lyrikpris). Рэцэнзенты хвалілі яе за самабытнасць і называлі адным з самых пераканаўчых шведскіх паэтычных дэбютаў апошніх гадоў. Крытыкі высока ацанілі і адзначылі стылістычнае падабенства з Іосіфам Бродскім, многія падкрэслівалі дынамічную двухсэнсоўнасць яе вершаў.
У 1996 годзе выйшаў другі зборнік паэзіі «Hjärtliga hälsningar» («З сардэчным прывітаннем»), які параўноўвалі з творчасцю Віславы Шымборскай за здольнасць ператвараць паўсядзённыя моманты ў экзістэнцыяльныя і палітычныя перспектывы.
У 2002 годзе выйшаў зборнік «Om du bara visste ur vilken bråte dikter växer utan att skämmas» («Каб вы ведалі, з якога смецця растуць вершы, не ведаючы сораму»), які спалучыў паэзію і кароткую прозу, асноўнай тэмай твораў быў цяжкі развод, таксама ёсць дзіцячыя ўспаміны пра Мінск, асабістае прысвячэнне Карын Бое, а таксама адсылкі да твораў Уладзіміра Высоцкага і Клайва Стэйплза Льюіса.
У 2007 годзе Інга-Ліна заявіла, што больш не можа пісаць вершы, бо даўно жыве па-за рускім моўным асяроддзем, а ствараць паэзію адразу шведскай не адчувае сябе здольнай.
Проза, публіцыстыка і крытыка У 2004 годзе выйшла кніга прозы «Avdelningen för påhittade föremål» («Аддзел прыдуманых рэчаў»), яна змяшчала часткова аўтабіяграфічныя апавяданні, у тым ліку пра першыя гады ў Швецыі і засваенне мовы.
У 2007 годзе выйшаў дэбютны раман «Mirakelkuren» («Цудадзейнае лячэнне»), каларытная і поўная радасці гісторыя людзей, якія жывуць сваё «бабіна лета», напісаная адначасова з гумарам і сур’ёзнасцю. У 2008 годзе выйшаў другі раман «Drottningflickan» («Дзяўчынка-каралева»), сучасная казка пра адносіны маці і дачок.
Таксама выйшаў шэраг кніг для дзяцей, «En dag i Klark Svenssons liv» («Адзін дзень з жыцця Кларка Свенсана», 2003) і «Klark Svensson och kärleken» («Кларк Свенсан і каханне», 2004), для дзязей да 5 гадоў, накіраваныя на навучанне чытанню праз гульню з літарамі і словамі, ілюстраваныя Анікай Лундхольм Моберга, таксама «Hej Gud! Är du där?» («Прывітанне, Божа! Ты там?», 2009), у прозе і вершах, пра дзіцячыя пошукі Бога, стварэнне свету, сяброўства, прабачэнне і штодзённыя дробязі, ілюстраваная Дагмар Гайслер.
Аўтарка п’есы пра Карын Бое.
У 1997 годзе, сярод іншых вядомых асоб, вяла папулярную штогадовую радыёпраграму «Лета» (Sommar). Апроч гэтага, шматкроць выступала на Шведскім радыёhttps://www.sverigesradio.se/sok?query=Inga-Lina+Lindqvist (Sveriges Radio) у такіх праграмах, як «Думкі на дзень» (Tankar för dagen), OBS і «Верш дня» (Dagens dikt).
Аўтарка вялікай колькасці рэцэнзій, культурна-публіцыстычных і іншых матэрыялаў, у тым ліку пра падзеі 2020 года ў Беларусі, у штодзённай прэсе, пераважна ў газеце .
Паводле Ліндквіст, якасная рэцэнзія вымагае ад крытыка пошуку фармулёвак і эмацыйнай уцягнутасці, яна мусіць быць захапляльнай для чытача і зваротнай сувяззю для аўтара. Выступае за палеміку ў культурных выданнях, за так званыя літаратурныя «забойствы з асалодай», пагатоў кніг палітычнай тэматыкі, іх аўтары, на яе думку, павінны браць на сябе адказнасць. Пры гэтым Ліндквіст падкрэслівае, што крытыка мусіць быць дакладнай і зразумелай, а пераход на асобу аўтара недапушчальны.
У лютым 2024 года Ліндквіст была адной з намінантаў на ўзнагароду «Разнос года» (Årets sågning), заснаваную папулярным шведскім падкастам Gästabudet для рэцэнзентаў, якія «найлепш здолелі паказаць, што кароль голы». Яе намінавалі за водгук у Aftonbladet Kultur на раман Агнес Лідбек «Уся мая любоў» (All min kärlek), з крытыкай штучных і не звязаных з сюжэтам мастацкіх дэталяў. Адначасова Ліндквіст выказала шкадаванне за рэзкі водгук на кнігу «Дэнзел» (Denzel) Крысціны Херстрэм, прызнала, што ёй не хапіла эмпатыі і дакладнасці фармулёвак і гэта магло раніць аўтарку.
Узнагароды Паэтычная прэмія FIB імя Стыга Карлсана (1994; FIB:s lyrikpris / Stig Carlson-priset) за дэбюты зборнік паэзіі «Änglaspår» з фармулёўкай, што яе паэзія «яднае ў сабе моцнае пачуццё формы, якое караніцца ў рускай традыцыі, з паэтычным аўтарытэтам, адметным інтэлектуальнай энергіяй і эмацыйным багаццем». Заахвочвальная ўзнагарода Шведскай акадэміі (1997; Svenska Akademiens belöning) памерам 30 000 шведскіх крон. Пісьменніцкая стыпендыя Сігтунскага фонду (2002; Sigtunastiftelsens författarstipendium) Стыпендыя (2006; Deverthska kulturstiftelsens stipendium)
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Імігравалі ў Швецыю з Беларусі Катэгорыя:Рускамоўныя пісьменнікі Катэгорыя:Рускамоўныя паэты Катэгорыя:Шведскамоўныя пісьменнікі Катэгорыя:Шведскамоўныя паэты