Царква Раства Багародзіцы — царква ў Шарашове. Вядома з пачатку XVI стагоддзя, у 1760 годзе перабудавана. Зруйнавана ў савецкі час. Была выдатным помнікам драўлянага дойлідства Беларусі.
Гісторыя Першыя звесткі пра царкву адносяцца да 1517 года, калі берасцейскі войт Ян Абрамовіч, жанаты з дачкой уласніка Шарашова Юрыя Ільініча, надаў царкве ўклад.
У 1760 годзе царква перабудавана.
У 1803 годзе згарэла старая плябанія. Дзякуючы намаганням ксяндза Антонія Прыбышэвіча () і князя Адама Чартарыйскага яна была адноўлена.
У 1818 годзе царкве належалі тры капліцы: уласна ў Шарашове, а таксама ў Красніку і Ялове.
З 1833 года на працягу 15 гадоў у царкве вёў богаслужэнні на беларускай мове выкладчык Віленскага ўніверсітэта Міхась Баброўскі. У гэты час напрастольным тут было рукапіснае Евангелле канца XV — пачатку XVI стагоддзяў. Цяпер гэтае Евангелле разам з абразамі з іканастаса царквы захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі.
З 1839 года шарашоўская парафія пераведзена ў праваслаўе, а царква пераасвечана ў гонар Успення Багародзіцы.
У польскі час закінута.
У пачатку 1960-х гадоў зруйнавана савецкай уладай, а дошкі з яе былі выкарыстаны пры будаўніцтве хат у Пружанах.
Апісанне У апісанні за 1725 год пазначаны добры стан драўляных сцен, новы гонтавы дах і купал з вялікім крыжам; вакол будынка разьбяны кружганак «старасвецкай моды». Асобна стаяла званіца. У царкве пералічаныя пазалочаны дэісус, разныя царскія вароты з евангелістамі і выявай Тайнай Вячэры. Па левым баку разны алтар з абразамі Святых Пятра і Паўла; Вялікі алтар з абразом ; а таксама іншыя неідэнтыфікаваныя абразы на дрэве і палатне.
У апісанні за 1757 год называюцца разны алтар Пятра і Паўла са слупкамі, карнізамі, двума анёлкамі і іншай разьбой.
Уяўленне пра выгляд царквы пасля перабудовы можна атрымаць з візіты 1809 года: мела шэсць калон, купал-сігнатурку, пакрыты гонтам. Уваход у царкву праз адну з дзвюх сакрысцій. Перад прэзбітэрыем галерэя сталярскай работы. На хорах з балясінамі ручной работы пастаўлены разны вялікі алтар у ківорыі. Алтар распісаны рознымі фарбамі, па левым яго баку знаходзіцца ахвярнік (менса) з выявай Маці Божай з Ісусам у руках. Царскія вароты разныя, пазалочаныя і месцамі пасярэбраныя; на іх выразаныя асобы чатырох евангелістаў і Благавешчання. Каля варот знаходзяцца два разныя алтары з менсамі: правы з абразом Госпада Ісуса Ласкавага, левы з выявай Багародзіцы.
Рэліквіі
Напрастольнае Евангелле і амаль поўны царкоўны іканастас XVIII стагоддзя з Прачысценскай царквы захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі. Апошні мае мясцовы і апостальскі рады, унікальны па колькасці сюжэтаў (іх 24) рад свят Гасподніх, царскія і бакавыя вароты. Іканастас царквы, неўзабаве разбуранай, быў перавезены ў Дзяржаўны мастацкі музей БССР у 1958 годзе, падчас першай музейнай экспедыцыі па выяўленні і збіранні помнікаў сакральнага мастацтва. Пачалася планамерная рэстаўрацыя і вывучэнне помнікаў. З 1969 года такую ж працу праводзіла Акадэмія навук, у структуры якой ужо ў 1979 годзе быў адкрыты Музей старажытнабеларускай культурыБеларускі іканастас. Іканапіс і драўляная пластыка канца XVII — пачатку XIX стагоддзя са збору музея і Музея старажытнабеларускай культуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Уяўляе цікавасць абраз тыпу «Нараджэнне Хрыстова», якое трактуецца як «Пакланенне вешчуноў». Яслі з Дзіцем пастаўленыя на высокай падстаўцы, за якой намаляваны Іосіф. Марыя сядзіць побач на нябачным крэсле. Фігуры каралёў паменшаныя, без галаўных убораў, на правым краі карціны.
Незвычайна трактавана таксама Благавешчанне на адным з двух абразоў, які можна разглядаць як «Перадзвеставанне». На ім намалявана Марыя ў момант малітвы, апранутая ў блакітны хітон і чырвоны мафорый. Яна глядзіць у неба, адкуль з вясёлкавай дугі выступае рука, што бласлаўляе. На другім абразе гэтага тыпу расстаноўка фігур традыцыйная, а да галавы Марыі ідуць тры прамяні ад Святога Духа.
Званіца
У 1799 годзе ля царквы паўстала званіца, збудаваная без адзінага цвіка. На ёй выбіты надпіс з часам збудавання: «Roku 1799 mca iula dnia 27».
Званіца — помнік архітэктуры ў стылі класіцызм, уяўляе сабой двух’яруснае квадратнае ў плане (5,3×5,6 м) збудаванне вышынёй 18 м. Ніжні ярус з брусоў у «лапу», верхні (звон) зроблены з васьмі стоем з крывалінейнымі пакосамі і разьбянай агароджай.
З 1990 года знаходзіцца на кансервацыі. Унесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
Літаратура
Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4
Спасылкі
З гісторыі шарашоўскай царквы Нараджэння Багародзіцы і яе ўнутранага аздаблення
Катэгорыя:Колішнія праваслаўныя храмы Брэсцкай вобласці Шарашова Катэгорыя:З’явіліся ў 1760 годзе Катэгорыя:Зніклі ў XX стагоддзі Катэгорыя:Праваслаўныя храмы Пружанскага раёна Катэгорыя:Шарашова Катэгорыя:1760 год у Беларусі