Востраў Кат-Ба () — найбуйнейшы востраў у групе астравоў Кат-Ба. Уваходзіць у склад В’етнама. Плошча — 285 км². Насельніцтва (2021 г.) — 18 934 чал.

Геаграфія і прырода

Востраў Кат-Ба знаходзіцца ў заліве Халонг за 115,6 км на захад ад Ханоя, 7469 км на паўднёвы захад ад Мінска. Даўжыня — 21,3 км. Найбольшая шырыня — каля 11 км.

Востраў даволі скалісты. Маюцца пячоры. Найвышэйшы пункт — 331 м. Клімат субтрапічны вільготны. У зімовыя месяцы частыя дажджы.

Значная частка вострава пакрыта лесам. Усяго тут налічваецца 1561 від раслін, у тым ліку 406 відаў дрэў, а таксама 279 відаў жывёл. Каля вострава выяўлена 900 відаў марскіх рыб, 177 відаў каралаў, а таксама марскія змеі і чарапахі. Найбольш каштоўны ахоўваемы від — мясцовы лангур. У 2000 г. налічвалася ўсяго 53 асобіны гэтай жывёлы.

Востраў уключаны ў склад нацыянальнага парка Кат-Ба.

Гісторыя Французскія археолагі знайшлі на Кат-Ба рэшткі чалавека сучаснага тыпу, які жыў тут каля 4000 — 6500 гадоў таму. Вучоныя вылучаюць так званую Халонгскую археалагічную культуру, якая існавала на астравах архіпелага Кат-Ба ў старажытны перыяд.

Назва вострава ўзнікла значна пазней. На картах французскай каланіяльнай адміністрацыі востраў пазначаны проста як Ба (, літаральна «яна»). Паводле мясцовага падання, на астраўны пляж былі выкінуты целы трох забітых прынцэс. Тубыльцы пабудавалі ў іх гонар тры храмы, што і стала падставай для ўкаранення «жаноцкай» назвы.

На працягу стагоддзяў востраў быў населены пераважна в’етнамскімі і кітайскімі рыбакамі. Але з XIX ст. тут таксама знаходзіліся ваенныя пасты. У гады В’етнамскай вайны ў скальных масівах была пабудавана база для захавання лідараў В’етнамскай Дэмакратычнай Рэспублікі. Яна выкарыстоўвалася да 1975 г. У 1979 г. з-за вайны с суседнім Кітаем урад В’етнама выселіў з вострава значную частку насельніцтва, у тым ліку кітайцаў.

У 1986 г. быў створаны біясферны запаведнік і пазней на яго аснове — нацыянальны парк, які ў наш час ахоплівае ўвесь архіпелаг Кат-Ба. У 2011 г. парк быў унесены ў папярэдні спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Інфраструктура На востраве Кат-Ба месціцца аднайменны горад, які з’яўляецца адным з галоўных цэнтраў развіцця турызму на поўначы В’етнама. Дзейнічае сталая паромная пераправа.

Славутыя мясціны Кат-Ба прыцягвае некалькімі маляўнічымі залівамі, двума пляжамі, невялікімі ўнутранымі азёрамі, а таксама дзікай прыродай унутранай часткі вострава. На адной з ускраін каля ціхай бухты знаходзіцца паселішча рыбакоў на вадзе. Пэўную цікавасць уяўляюць былыя ваенныя аб’екты, у наш час адкрытыя для наведвальнікаў.

Спасылкі

Cat Ba island The Cat Ba Langurs unesco.org catbalangur.org Digging into Cat Ba Island’s rich history

Катэгорыя:Астравы Ціхага акіяна Катэгорыя:Астравы В’етнама