Святлана Піліпаўна Данілюк (, Кіеў — , Мінск) — беларуская оперная спявачка (мецца-сапрана), народная артыстка Беларусі (1971), народная артыстка СССР (1977).

Біяграфія

Нарадзілася 25 верасня 1939 года ў Кіеве. Пасля заканчэння сямігодкі вучылася ў Кіеўскім кінатэхнікуме на аддзяленні абсталявання і эксплуатацыі кінаўстановак, дзе была самай актыўнай удзельніцай самадзейнай студыі.

У 1963 годзе скончыла Кіеўскую кансерваторыю па класе спеваў у З. М. Гайдай, пасля заканчэння якой па запрашэнні дырыжора Барыса Афанасьева была размеркавана на пасаду салісткі Пермскага акадэмічнага тэатра оперы і балета імя П. І. Чайкоўскага.

У 1965 годзе была ўдастоена другой прэміі на Трэцім Усесаюзным конкурсе вакалістаў імя Глінкі ў Маскве.

Восенню 1965 года паводле запрашэння Л. П. Александроўскай дэбютавала ў Мінску ў Беларускім тэатры оперы і балета ў партыі Кармэн у оперы «Кармэн» Ж. Бізэ. Аднак пераезд тады не адбыўся, паколькі спявачка павінна была адпрацаваць трохгадовы тэрмін па размеркаванні ў Пермі.

З 1966 па 1986 годы — вядучая салістка Беларускага тэатра оперы і балета. Выступала практычна ва ўсіх вядучых партыях мецца-сапранавага рэпертуару (партыі: Любаша («Царская нявеста» Рымскага-Корсакава), Марфа («Хаваншчына» Мусаргскага), Кармэн («Кармэн» Бізэ), Амнерыс («Аіда» Вердзі), Артруда («Лаэнгрын» Вагнера), баранэса Штраль («Маскарад» Талстога), Алеся («Алеся» Цікоцкага) і іншыя).

У 1972—1973 гадах стажыравалася ў тэатры «Ла Скала» (Мілан) пад кіраўніцтвам Маргарыты Кароза.

У 1986 годзе звольнілася з Беларускага тэатра оперы і балета ў сувязі з рэзкай нязгодай з рэпертуарнай і пастановачнай палітыкай тагачаснага тэатральнага кіраўніцтва.

З 1986 года — салістка Беларускай філармоніі.

Выступала з камернымі праграмамі, выконвала альтовыя партыі ў буйных вакальна-сімфанічных творах («Страсці па Мацвею» І. С. Баха, 9-я сімфонія Л. Бетховена, Рэквіем Дж. Вердзі, «Stabat Mater» Дж. Пергалезі, «Аляксандр Неўскі» С. С. Пракоф’ева і інш.), творы рускіх, беларускіх, украінскіх, заходніх кампазітараў, рамансы.

Гастралявала па СССР і за мяжой (Балгарыя, Венгрыя, Польшча, Францыя). У Маскве запісала тры дыскі-гіганты на фірме «Мелодыя».

Памерла 8 жніўня 2003 года ў Мінску. Пахавана ў Мінску на Усходніх могілках.

Узнагароды Другая прэмія Усесаюзнага конкурсу вакалістаў імя М. І. Глінкі (1965) Дыплом Міжнароднага конкурсу імя Чайкоўскага (1966) Заслужаная артыстка Беларускай ССР (1968) Народная артыстка Беларускай ССР (1971) Народная артыстка СССР (1977) Медаль Францыска Скарыны (1999)

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Акадэмічныя музыканты СССР Катэгорыя:Акадэмічныя музыканты Беларусі Катэгорыя:Оперныя спевакі і спявачкі Беларусі Катэгорыя:Оперныя спевакі і спявачкі СССР