Скарбы Беларусі ― матэрыяльныя ці гістарычныя каштоўнасці, схаваныя ў тайніку, часцей за ўсё ў зямлі, на тэрыторыі Беларусі.

Змест скарбаў На тэрыторыі Беларусі ў розны час знойдзены скарбы II—III ст. н.э., якія змяшчаюць антычныя манеты, IX—X ст. ― куфічныя дырхемы, XI ст. ― дырхемы і заходнееўрапейскія дынарыі, XII—XIII ст. ― плацежныя зліткі (грыўны), XIV—XV ст. ― пераважна пражскія грошы, XVI—XVIII ст. ― літоўскія, польскія, заходнееўрапейскія і рускія, XIX ст. ― рускія манеты.

Рэгістрацыя і навуковыя паведамленні аб скарбах

Граф М. П. Румянцаў пісаў 7 лістапада 1821 года мітрапаліту Яўгену Балхавіцінаву: «На гэтых днях сярод самага Гомеля з зямлі выкапаны гаршчок з сярэбранымі манетамі... Усё яны аднолькавыя і гадоў тысяча шэсцьсот двадццатых, манеты польскія караля Жыгімонта». Праз год ён знаходзіць гаршчок манет Арабскага халіфата IX—X стст. Для пацвярджэння іх сапраўднасці граф адсылае 50 дырхемаў у Пецярбург акадэміку-усходазнаўцу Х. Д. Фрэну на экспертызу. Румянцаў скупляе знойдзеныя сялянамі ў Віцебску і Троках скарбы. М. П. Румянцаў памёр у Гомелі у 1826 годзе, пакінуўшы з паўтары тысяч манет самых розных эпох. У сярэдзіне XIX ст. самым азартным збіральнікам манет у Беларусі быў граф Я. П. Тышкевіч. Па яго ініцыятыве ў 1854 годзе створаны Віцебскі музей манет і «заходнерасійскіх старажытнасцей» ― княжацкіх пячатак, царкоўных кніг, карцін. Але ў 1920-я гг. ўся калекцыя была вывезена польскімі войскамі. Яе лёс невядомыКаханоўскі Г., Каханоўскі А. Руплівец нашай старасветчыны — Мн.: Навука і тэхніка, 1991. ISBN 5-343-00670-1.

У XX ст. да пачатку Першай сусветнай вайны, па звестках прафесара К. В. Харламповіча, у Беларусі было адкрыта больш за 450 скарбаў і каля дзесяці тысяч манетХарламповіч К. В. Манетныя скарбы, знойдзеныя ў Беларусі, у зборах Беларускага дзяржаўнага музея // Гісторычна-археолегічны зборнік. ― 1927, № 1. Беларускія гісторыкі Ю. Ядкоўскі і М. М. Шчакаціхін выдалі карты знойдзеных скарбаў.

Першы навукова зарэгістраваны скарб знойдзены ў 1804 годзе ў Пінску. Паведамленні аб скарбах ёсць у апісаннях прыватных нумізматычных зборах першай паловы XIX ст. (калекцыі М. П. Румянцава, І. Ф. Паскевіча і інш.) Значная колькасць калекцый сабрана музеямі статыстычных камітэтаў беларускіх губерняў, Віленскім музеем старажытнасцей, Мінскім і Віцебскім царкоўна-археалагічнымі, Мінскім гарадскім музеем і інш. Сістэматычная рэгістрацыя беларускіх скарбаў праводзілася ў 1859—1919 гг. археалагічнай камісіяй у Пецярбургу, у 1919—1929 гг. Камісіяй па нумізматыцы і гліптыцы пры Дзяржаўнай акадэміі гісторыі матэрыяльнай культуры, у 1920—1930-я гг. музеямі БССРБелорусская ССР. Краткая энциклопедия. Т. 1. ― Мн., 1979. с.290.

У гады Вялікай Айчыннай вайны нумізматычныя фонды Беларусі амаль цалкам знішчаны. У пасляваенны час знойдзена больш за 400 скарбаў, якія захоўваюцца ў музеях Беларусі. З пачатку XIX ст. зарэгістравана каля 1500 скарбаўЕвгений Яровой. По следам древних кладов. Мистика и реальность.

Скарбы з'яўляюцца важнымі гістарычнымі крыніцамі вывучэння грашова-вагавых сістэм, заканамернасцей, інтэнсіўнасці і эвалюцыі грашовага (таварнага) абароту, міжнародных эканамічных і палітычных сувязейТапаграфія манетных скарбаў Беларусі .

Найважнейшыя скарбы

Брэсцкі скарб Віцебскі скарб Гараўлянскія скарбы Дзягцянскі скарб Задруцкі скарб Засоўеўскі скарб Збуражскі скарб Казьянаўскі скарб Калінкавіцкі скарб Мінскі манетна-рэчавы скарб Магілёўскі скарб Пяркоўскі скарб Пінскі скарб Полацкі скарб Рагачоўскі манетны скарб Стражэвіцкія скарбы Слуцкія скарбы Старадзедзінскі скарб Літоўскі скарб

1-ы Брэсцкі скарб знойдзены ў 1837 годзе ў Брэсце. Складаўся з 1034 пражскіх грошаў XIV—XV стст. і аднаго кракаўскага гроша Казіміра III, агульнай вагой больш за 3 кг. Пасля вывучэння ў Эрмітажы, скарб перададзены ў Пецярбургскую прыдворную кантору. Далейшы лёс невядомы. 2-й Брэсцкі скарб знойдзены ў 1962 годзе каля вёскі Страдзеч Брэсцкага раёна. Налічвае больш за 150 адзінак, складаецца з залатых і сярэбраных вырабаў, якія датуюцца XVI—XVII стст. Вылучаюцца два сярэбраныя кубкі, вырабленыя ў тэхніцы ліцця, чаканкі, гравіроўкі, залачэння, якія адносяцца да групы аднатыпных твораў нюрнбергскіх золатакавалёў. Адзін кубак зроблены нямецкім майстрам Гансам Бойтмюллером прыкладна з 1588 па 1622, мае таўро горада Нюрнберга, і імянное кляймо майстра. 3-ці Брэсцкі скарб знойдзены ў 2012 годзе пры рэканструкцыі Брэсцкага тэатра лялек. Складаецца з 33 польскіх грошаў 1923 года выпуску, і відэльца. Манеты з нікеля, наміналам у 5, 10, 20 і 50 грошаў, відэлец з мельхіёравым напыленнем. У грашовым выражэнні скарб асаблівай каштоўнасці не ўяўляе, але ў гістарычным кажа пра многае. Брэсцкі гісторык Аляксандр Башкоў расказаў, што падобная знаходка ў Брэсце была знойдзена ў пачатку 1990-х гадоў: «Хавалі іх заможныя людзі перад надыходам гітлераўцаў. Яны спадзяваліся, што пасля вайны вернуцца і знойдуць свае каштоўнасці». У 1920—1930-я гг. сталовыя прыборы лічыліся рэчамі каштоўнымі. Таму зразумела, чаму з польскімі грашыма схавалі і відэлецРябцевіч В. Skarby monet z XVI i XVII wieku na terenie obwodu Brzeskiego i Grodzieńskiego Białoruskiej SRR // Prace i materiały Muzeum archeologicznego i etnograficznego w Łodzi. Seria numizmatyczna i konserwatorska, № 6, 1986.

Віцебскі скарб знойдзены ў 1926 годзе ў Віцебску. У глінянай пасудзіне знаходзілася 792 пражскія грошы XIV—XV стст. (некалькі капеек з надчаканкамі гарадоў Аўгсбурга і Рэгенсбурга з вагой 2052 г. Да вайны скарб захоўваўся ў Віцебскім аддзяленні Беларускага дзяржаўнага музея, далейшы лёс невядомы.

Гараўлянскія скарбы, схаваныя хутчэй за ўсё ў першай палове XI ст., знойдзены ў 1965 годзе на паселішча каля вёскі Гараўляны Глыбоцкага раёна. 1-ы скарб ― у ляпным чыгуне ― змяшчае цэлыя і фрагментаваныя сярэбраныя ювелірныя вырабы, шкляныя бочкападобныя пазалочаныя каралі, 134 пераважна фрагментаваныя куфічныя дырхемы Абасідаў (Багдад), Саманідаў (Самарканд, Бухара, Андэраба), Бувайхідаў (Араджан, Шыраз), Зіярыдаў (Сірыя), Джурджан), Абу-Даудзідаў (Андэраба), 15 перайманняў куфічных дырхемаў, фрагмент чэшскага дынарыя Баляслава III. Захоўваецца ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі. 2-і скарб, таксама ў чыгуне, складаецца з фрагментаў сярэбраных ювелірных вырабаў, шыфернай прасліцы, 220 куфічных дырхемаў, 185 заходнееўрапейскіх дынарыяў (Англія, Германія, Чэхія і інш.). Захоўваецца ў Нумізматычным кабінеце БДУ.

Дзягцянскі скарб знойдзены ў 1957 годзе ў вёсцы Дзягцяны Капыльскага раёна. Схаваны быў верагодна каля 1050. У глінянай пасудзіне захоўваліся сярэбраныя ювелірныя вырабы і манеты агульнай вагою 7 кг. Захаваліся 21 выраб, у іх ліку як цэлыя, так і фрагментаваныя, і 320 манет ― дынарыі Чэхіі (123), Венгрыі (3), Германіі (165), Англіі (10), Даніі (1), не вызначаныя дынарыі (4), пераймання германскіх (9) і англійскіх (3) дынарыяў. Захоўваецца ў Нацыянальным музеі Беларусі.

Задруцкі скарб знойдзены ў 1893 годзе на беразе Дняпра каля вёскі Задруцце Рагачоўскага раёна. Гліняны гаршчок утрымліваў 92 цэлыя фрагментаваныя зліткі ― грыўны кіеўскага тыпу агульнай вагой 14,5 кг. Зліткі, якія паступілі ў Пецярбургскую археалагічную камісію, былі размеркаваны паміж музеямі Пецярбурга, Масквы, Разані, Арла, Ноўгарада, Адэсы, Херсона, Пенсільванскага ўніверсітэта ў ЗША, нумізматычнага кабінета ў Берліне і распрададзеныя прыватным збіральнікам. 13 зліткаў у 1929 годзе папалі у Эрмітаж.

Засоўеўскі скарб, знойдзены ў 1974 годзе каля вёскі Засоўе Лагойскага раёна, схаваны не пазней за 1608. Утрымлівае 741 сярэбраны, 8 залатых і 5 фальшывых манет. Асноўная частка скарбу трохгрошавікі часоў Стэфана Баторыя (61 асобнік), трохгрошавікі (598) і 6-грошовікі (310) Жыгімонта III Вазы. У скарбе былі контрмаркіраваные паўталеры Іспаніі Карла I і Філіпа II, манеты герцагства Браўншвайг-Вольфенбютэль, Венгрыі, Германскай імперыі, Іспаніі, Іспанскіх Нідэрландаў, герцагства Курляндыі, Саксоніі, Цешынскага герцагства, княства Трансільванія, Чэхіі, Турцыі. Знаходзіцца ў Нумізматычным кабінеце БДУ.

Збуражскі скарб знойдзены ў 2008 годзе ў вёсцы Збураж Маларыцкага раёна. Складаецца з 64 срэбных манет Расійскай імперыі XIX ст., адчаканеных у Пецярбургу і Варшаве. У асноўным гэта рублі, выпушчаныя ў абарачэнне пры Аляксандры I і Мікалаю I, вага кожнай манеты 20, 7 г. Яшчэ 17 манет маюць двайны намінал : ¾ рубля або 5 злотых. Яны чаканіліся для абароту на тэрыторыі Польшчы, якая ўваходзіла ў склад Расійскай імперыі. Ёсць і два паўрублі. Агульная вага большая за 1 кілаграм 600 грам. Самая старая манета ― рубель Аляксандра I 1807 года.

Казьянаўскі скарб знойдзены ў 1973 годзе каля вёскі Казьянкі Полацкага раёна. Схаваны прыкладна ў 40-х гадах X стагоддзя. Лічаць, што быў загорнуты ў бяросту. Захавалася 7588 куфічных дырхемаў агульнай вагой каля 20 кг, пераважна чаканкі Саманідаў, ёсць манеты Абасідаў, Сафарыдаў, Волжска-Камскай Булгарыі, перайманне чаканкі Абасідаў і Саманідаў. Захоўваецца ў Полацкім краязнаўчым музеіДобровольский И., Рябцевич В. Н. Коз'янковский клад куфических дирхамов // Rozwoj muzealnictwa i kolekcjonerstwa numizmatycznego — dawniej i dziњ — na Biaіorusi, Litwie, w Polsce i Ukraine. Materiaіy z II Mікdzynarodowej. Konferencji Numizmatycznej. ― Warszawa, 1997.

Магілёўскі скарб, знойдзены ў 1936 годзе, схаваны ў 1790-я гады. Знойдзены падчас праводкі каналізацыі ў Магілёве, знаходзіўся ў гліняным посудзе. Гэта 476 залатых еўрапейскіх дукатаў XVI—XVII стст. Знаходзіцца ў Эрмітажы. З 476 манет захаваліся 466. Пяркоўскі скарб, знойдзены ў 1912 годзе ў вёсцы Пяркі Кобрынскага павета. Утрымліваў 1464 білоны і срэбныя манеты Рэчы Паспалітай, Вялікага Княства Літоўскага, Аўстрыі, Памераніі, Чэхіі і 48 медных падвойных пені (торнераў) Шатландыі, чаканеных у 1632—1633 гг. Лёс скарбу невядомыРябцевіч В. Шатландскія манеты першай паловы XVII ст. у кладах Беларусі i суседніх раёнаў // Нумизматика и эпиграфика, т.4, М.,1963.

Мінскі скарб знойдзены ў 1988 годзе на скрыжаванні вуліц Валадарскага і Гарадскі вал пры пракладцы цеплатрасы. Экскаватар зачапіў сярэбраны падсвечнік, які рабочыя прынялі за снарад. Складаецца з 547 срэбных прадметаў агульнай вагой 13 кг.: манеты, медалі і посуд. Манеты і ўзнагароды Расійскай імперыі канца XIX ст. Сярод імянных прадметаў ― шкатулка грузінскай князёўны Кацярыны і дэкаратыўная сервіроўка фабрыкі І. С. Губкіна ― афіцыйнага пастаўшчыка імператарскага двара. Губкін у 1841 годзе заснаваў у Маскве фабрыку залатых і срэбных вырабаў, фабрыка спецыялізавалася ў асноўным на вырабах з пазалочанага срэбра. У 2011 годзе на міжнародным аўкцыёне прададзены сярэбраны самавар гэтай фабрыкі за 43700 еўра.

Пінскі скарб, знойдзены ў 1804 годзе ў Пінску, складаецца з 20 залатых манет. 12 рускіх златнікаў і візантыйскіх солідаў, здадзены ў Эрмітаж, лёс астатніх невядомы. З 11 златнікаў, зарэгістраваных на цяперашні час, 6 з пінскага скарбу.

Полацкі залаты скарб X ст. знойдзены археолагамі ў 1984 годзе ў Ніжнім замку старога горада. Гэта некалькі фрагментаў залатых ювелірных упрыгажэнняў эпохі Вікінгаў. Навукоўцы мяркуюць, што ўпрыгажэнні былі зроблены ў Паўночнай Еўропе, ― гэта пацвярджае меркаванне аб гандлёвых сувязях з ёй беларускіх зямель. Даволі масіўныя ўпрыгажэнні (бранзалеты і шыйныя грыўны) выкананы з золата 958 пробы, у тэхніцы кавання, ліцця, пляцення і скручванняПолацкі клад. Беларускі скарбошукальніцкі партал.

Рагачоўскі скарб, знойдзены ў 1971 годзе ў Рагачове, утрымліваў каля 1000 манет, загорнутых у тканіну. Захаваліся 462 манеты ― медныя (са слядамі серабрэння) падробкі пад 1/12 талера Прусіі 1766 года (127 асобнікаў), дзесяцігрошавікаў Царства Польскага (72 асобніка) і дзесяцігрошавікаў, адчаканеных Варшаўскім манетным дваром у час паўстання 1830—1831 гг. (363 асобнікі). Захоўваецца ў Нумізматычным кабінеце БДУКолобова И. Н. Рогачевский монетный клад 1971 г. // Старажытнасці Рагачоўшчыны. Рагачоў, 2000.