Род у граматыцы — граматычная катэгорыя, якая ўласціва розным часцінам мовы і заключаецца ў размеркаванні слоў і форм па класах, якія традыцыйна суадносяцца з прыметамі полу ці іх адсутнасцю. Род характарызуе семантыку слова, яго спалучальныя магчымасці і з’яўляецца адной з адзнак прадметнасці.

І семантычныя, і фармальныя падставы родавай класіфікацыі размытыя і не супадаюць у розных часцінах мовы. Першапачаткова катэгорыя роду выражала проціпастаўленне па біялагічнай прымеце.

Агульная характарыстыка Катэгорыя роду — характэрная рыса граматычнага ладу індаеўрапейскіх, семіцкіх, дравідыйскіх і паўночнакаўказскіх моў. У сінтэтычных мовах катэгорыя роду цесна звязана з катэгорыяй адушаўлёнасці — неадушаўлёнасці і ўтварае з ёю адну катэгорыю дапасавальных класаў. Па меры узмацнення аналітызму функцыя распазнавання роду пераходзіць ад флексіі да артыкля, і пры страце родавых проціпастаўленняў у імёнах род пераходзіць у схаваную катэгорыю, як гэта адбылося, напрыклад, у англійскай мове.

Большасць моў свету не маюць роду, напрыклад, сучасныя армянская, японская, кітайская, фіна-ўгорскія, цюркскія, мангольскія, жэставыя мовы (акрамя японскай) і інш.

У беларускай мове У сучаснай беларускай мове род уласцівы назоўнікам, прыметнікам, некаторым лічэбнікам, некаторым разрадам займеннікаў, а таксама дзеясловам у формах адзіночнага ліку прошлага часу і ўмоўнага ладу.

Асноўным носьбітам граматычнага значэння роду як самастойнай граматычнай катэгорыі з’яўляецца род назоўнікаў — марфалагічная катэгорыя, прадстаўленая як проціпастаўленне трох класаў слоў — мужчынскага (палын, крок, бацька), жаночага (сенажаць, дарога, зіма) і ніякага (малако, цяля, полымя) родаў. Асаблівае месца займаюць назоўнікі агульнага роду — экспрэсіўна афарбаваныя абазначэнні асоб абодвух полаў (плакса, малайчына, гуляка). Некаторыя назоўнікі выражаюць значэнні мужчынскага і жаночага родаў адной родавай формай (таварыш, аграном). Назоўнікі, якія ўжываюцца толькі ў множным ліку (граблі, канікулы), або не адносяць ні да якага роду, або адносяць да своеасаблівага парнага роду.

Марфалагічна род назоўнікаў выражаецца сістэмай канчаткаў слова ў адзіночным ліку, сінтаксічна — формамі дапасаванага слова. Сінтаксічна, праз формы дапасаваных азначэнняў, выражаецца род нязменных (нескланяльных) назоўнікаў іншамоўнага паходжання (наш аташэ, наша інжэню).

Род прыметнікаў, дзеяслоўных формаў, некаторых лічэбнікаў і займеннікаў з’яўляецца пераменнай катэгорыяй, яны дапасуюцца ў родзе да адпаведных назоўнікаў (хрустальная люстра, сваё амплуа).

Гл. таксама Фемінітыў

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Граматычныя катэгорыі дзеяслова Катэгорыя:Граматычныя катэгорыі імя