Бітва пры Чашніках, Бітва на рацэ Уле 1567, Бітва пад Копіем — эпізод Лівонскай вайны (1558—1583). Адбылася на рацэ Уле пад Чашнікамі. Вялікалітоўскі атрад колькасцю 2 тыс. чалавек на чале з Раманам Сангушкам перамог маскоўскі корпус ваяводы Пятра Сярэбранага (8 тыс. чалавек). Вынікам бітвы стала аблога ў сярэдзіне лютага 1568 года Янам Хадкевічам Улы, пасля чаго 24 верасня 1568 года Раман Сангушка вызваліў крэпасць Ула.
Перадумовы бітвы Падчас Лівонскай вайны Іван Грозны ўмацоўваў становішча сваіх войскаў у захопленых літоўскіх землях, умацоўваючы старыя і будуючы новыя крэпасці. У ліпені 1567 года маскоўскія ваяводы князь Пётр Сярэбраны-Абаленскі, баярын Калычоў і князь Юрый Такмакоў разам са служылым татарскім царэвічам Амуратам выступілі з царскім і татарскім войскам з Полацка і перайшлі Дзвіну, каб забяспечыць пабудову крэпасці Копіе (на поўдні ад Полацка) на востраве, размешчанай пасярод возера Суша. Частка маскоўскіх войскаў на чале з Юрыем Такмакавым заняла востраў і пачала будаваць на ёй крэпасць. Іншыя сілы спыніліся непадалёк у палявым лагеры ва ўрочышчы Суша.
Раман Сангушка правёўшы разведку і, сабраўшы прыкладна дзве тысячы салдат, адправіўся ў паход на маскоўскае войска, колькасць якога складала 8 тысяч ваяроў. Храніст Марцін Бельскі адзначаў: «20 дня ліпеня, маючы вызначаныя звесткі ад відавочнікаў пра войска маскоўскае, якіх было з татарамі 8000, якія рухаліся з Чашнікаў да іх».
Ход бітвы Ноччу 21 ліпеня салдаты лёгкай конніцы Рамана Сангушка (казакі) напалі на перадавую варту ў 100 вершнікаў і разграмілі іх. Умела выкарыстоўваючы веды мясцовасці, яны раптам напалі на лагер, пяхота хутка раскідала драўляную агароджу, а кавалерыя, не даўшы магчымасці маскоўскім ваярам пашыхтавацца ў баявыя парадкі, уварвалася ў лагер. За кароткі час маскоўскае войска было амаль цалкам разгромлена. Мноства салдат было ўзята ў палон, быў захоплены абоз і вызвалены з палону салдаты свайго войска і мірныя жыхары, галоўным чынам сяляне, запалоненыя падчас паходу з Полацка.
Гл. таксама Бітва на рацэ Уле
Літаратура Тарас А. Е. Войны Московской Руси с Великим Княжеством Литовским и Речью Посполитой в XIV—XVII вв. Москва: «АСТ»; Минск: «Харвест», 2010. — 800 с — ISBN 978-985-13-6108-9.
Катэгорыя:Падзеі 21 ліпеня Катэгорыя:Бітвы Лівонскай вайны Катэгорыя:Бітвы паводле алфавіта Катэгорыя:Бітвы XVI стагоддзя Катэгорыя:Бітвы Расіі Катэгорыя:Бітвы ў Беларусі Катэгорыя:Бітвы Вялікага Княства Літоўскага Катэгорыя:1567 год у Еўропе Катэгорыя:Ліпень 1567 года Катэгорыя:Гісторыя Чашнікаў