Аляксей Фадзеевіч Сямёнаў (, Бабруйск — , Бабруйск) — удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, сапёр, камандзір аддзялення 590-га асобнага сапёрнага батальёна 32-й арміі (Карэльскі фронт). Поўны кавалер ордэна Славы.
Біяграфія
Нарадзіўся 6 красавіка 1921 года ў горадзе Бабруйск Магілёўскай вобласці. Скончыў 5 класаў сярэдняй школы, працаваў на мясцовым суднарамонтным заводзе.
У 1940 годзе прызваны ў Чырвоную Армію. У час Вялікай Айчыннай вайны з чэрвеня 1941 года на фронце. Член ВКП(б) з 1942 года. Ваяваў на Карэльскім і Волхаўскім франтах.
Сапёр 590-га асобнага сапёрнага батальёна яфрэйтар Аляксей Сямёнаў 21 чэрвеня 1944 года, знаходзячыся ў групе разгараджэння пры галаўным атрадзе 289-й стралковай дывізіі, каля возера Старанняе, размешчанага ў 30 кіламетрах на поўнач ад населенага пункта Мядзведжая Гара, абясшкодзіў вялікую колькасць супрацьтанкавых і супрацьпяхотных мін.
22 чэрвеня 1944 года пры атацы ўмацаванай абароны праціўніка каля чыгуначнай станцыі Пендушы-Масельская, будучы параненым, зняў 13 супрацьтанкавых мін.
Загадам па 289-й стралковай дывізіі № 0132 ад 5 ліпеня 1944 года за мужнасць і адвагу, праяўленыя ў баях, яфрэйтар Сямёнаў Аляксей Фадзеевіч узнагароджаны ордэнам Славы 3-й ступені.
У перыяд з 6 ліпеня па 1 жніўня 1944 года каля населенага пункта Коціё-возера пад агнём праціўніка абясшкодзіў больш за 200 мін.
4 жніўня 1944 года пры адбіцці контратакі ворага ў раёне населенага пункта Луцікавара знішчыў некалькіх пехацінцаў праціўніка і афіцэра ў рукапашнай схватцы.
Загадам па 32-й арміі № 0430 ад 25 жніўня 1944 года за мужнасць і адвагу, праяўленыя ў баях, яфрэйтар Сямёнаў Аляксей Фадзеевіч узнагароджаны Ордэнам Славы 2-й ступені.
18 жніўня 1944 года правёў разведку пераправы праз раку Варыа-Йокі ў мястэчку Ліус Вара і ў кароткі тэрмін разам са сваім аддзяленнем аднавіў мост. У перыяд з 25 верасня па 6 кастрычніка 1944 года аддзяленне яфрэйтара Сямёнава абясшкодзіла больш за 500 мін. 6 кастрычніка 1944 года А. Ф. Сямёнаў быў паранены, але не пакінуў поле бою.
Прадстаўленне да ўзнагароды — ордэна Славы 1-й ступені — падпісаў Маршал Савецкага Саюза К. А. Мерацкоў. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 25 сакавіка 1945 года за ўзорнае выкананне заданняў камандавання ў баях з нямецка-варожымі захопнікамі яфрэйтар Сямёнаў Аляксандр Фадзеевіч узнагароджаны ордэнам Славы 1-й ступені, стаўшы поўным кавалерам ордэна Славы.
Дэмабілізаваны ў 1944 годзе ў званні старшыны. Жыў у Бабруйску, працаваў на цагельным заводзе. Памёр 8 мая 1951 года.
Узнагароды Ордэн Славы 1-й ступені (24.03.1945, ордэн № 506) Ордэн Славы 2-й ступені (25.08.1944, ордэн № 4061) Ордэн Славы 3-й ступені (05.07.1944, ордэн № 73267) медалі
Памяць Помнік на магіле (могілкі Бярэзінскага форштадта ў Бабруйску) Стэла на Алеі Герояў на плошчы Перамогі ў Бабруйску
Літаратура
Долготович Б. Д. Кавалеры ордена Славы. — Минск, 2006.
Спасылкі
Семёнов Алексей Фадеевич // Праект «Память народа» Семёнов Алексей Фадеевич // Сайт Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі Аллея Героев на площади Победы открыта 11 августа 2009 года, в День освобождения Бобруйска от немецко-фашистских захватчиков
Катэгорыя:Сапёры Вялікай Айчыннай вайны Катэгорыя:Поўныя кавалеры ордэна Славы Катэгорыя:Сяржанты і старшыны СССР