Крыжаўзвіжанская царква — праваслаўная царква ў Зельзіне Брэсцкай епархіі, збудаваная ў 1878 годзе. Храм — помнік эклектычнай архітэктуры, ахоўваецца дзяржавай.
Гісторыя Першая царква ў Зельзіне была пабудавана ў 1420—1430-я гады. Як сведчыць паданне, яе паставіла княгіня на месцы, дзе ледзь не загінула ў балоце, і была выратавана дзякуючы дапамозе падаспелых паляўнічых.
Новая Крыжаўзвіжанская царква была пабудавана ў XIX стагоддзі на зямлі прыходскіх могілак. Са старой царквы ў яе перанеслі асабліва шанаваны мясцовымі жыхарамі абраз Божай Маці і дубовы крыж.
У 1900 годзе на сродкі святара Антонія Радкевіча ля царквы была пастаўлена мураваная капліца, асвечаная ў гонар святых віленскіх мучанікаў Антонія, Іаана і Яўстафія.
У 1962 годзе, за савецкім часам, царква адабраная пад вясковы клуб. Царкоўнае начынне і абразы перавезлі ў лыскаўскую царкву, частку царкоўных кніг — у ружанскі касцёл. Аднак памяшканне царквы, якое патрабавала рамонту, так і не было пад яго прыстасаванае, і дырэктар мясцовай школы Шыманскі выкарыстоўваў храм як стралковы цір для вучняў.
У 1963 царква знішчаная пажарам, засталіся адно каменныя сцены.
У пачатку 90-х пачалося аднаўленне царквы. З дапамогай мясцовых калгасаў будынак быў адрэстаўраваны практычна за год. У 1994 (паводле іншых звестак — у 1995) царква была асвечана мітрапалітам Філарэтам, патрыяршым экзархам усяе Беларусі. У 1995 было набытае неабходнае царкоўнае начынне, добраўпарадкаваная царкоўная тэрыторыя, а таксама адноўленая каплічка ў гонар святых віленскіх мучанікаў.
Першым настаяцелем адроджанай царквы стаў святар Ігар Мрыхін.
Архітэктура
Царква была пабудавана з каменю, накрытая белай бляхай.
Асноўны аб'ём прамавугольны, накрыты двухсхільным дахам. Ля ўваходу драўляны бабінец, да апсіды з паўночнага боку прымыкае рызніца.
Іканастас каменны, атынкаваны з абодвух бакоў. У дэкоры выкарыстаныя фрызы, пілястры, аркавыя абоймы царскіх варотаў і бакавых дзвярэй.
Па восі царквы стаіць каменная двухярусная званіца, звон для якой падараваў расійскі цар Аляксандр II.
Настаяцелі Антоній Радкевіч (памёр 13 студзеня 1901) Кірыл Турцэвіч Васіль Байчык (да 1953) Ігар Мрыхін (1995 — ?)
Літаратура Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4. Спасылкі
Праваслаўе.by
Катэгорыя:Праваслаўныя храмы Пружанскага раёна Катэгорыя:Храмы Святога Крыжа Катэгорыя:З’явіліся ў 1878 годзе Катэгорыя:Зельзін Катэгорыя:Храмы Брэсцкай і Кобрынскай епархіі Катэгорыя:1878 год у Беларусі